Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Антончык: «Два гады не даюць унука пабачыць»


Сяргей і Тамара Антончыкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:23 0:00
Наўпроставы лінк

Сяргей і Тамара Антончыкі

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Зь імем Сяргея Антончыка зьвязаныя падзеі, якія сталі сапраўднымі вехамі свайго часу. У красавіку 1991 году ён быў адным з рухавікоў масавага, у сотні тысяч чалавек, рабочага пратэсту ў Менску. У сьнежні 1994-га зрабіў свой знакаміты даклад пра карупцыю ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Сярод яго фігурантаў былі тагачасныя кіраўнік адміністрацыі Леанід Сініцын, кіраўнік спраў Іван Ціцянкоў, прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір. Калі публікаваць гэты даклад Антончыка забаранілі, беларускія газэты выйшлі зь белымі плямамі на месцы зьнятага тэксту.

Газэта «Свабода» пра даклад Антончыка. 27 сьнежня 1994 году, с. 4.

Антончыка выкрадалі, судзілі, канфіскоўвалі маёмасьць, і ўсе гэтыя гады яму цяжка знайсьці сабе працу.

Выпрабаваньні, якія выпалі на долю сям’і Сяргея, толькі гартавалі яе і год ад году рабілі яшчэ мацнейшай. Сяргей і Тамара Антончыкі — героі сёньняшняй праграмы.

Тамара Антончык: «Мы ўжо 33 гады, як у казцы Пушкіна — старык са старухай 30 і 3 гады разам пражылі. Цяжка было — не было дома бацькі, дзеці, нейкія пытаньні бытавыя».

Радыё Свабода: «Калі вашыя дзеці нарадзіліся?»

Тамара: «Зараз сыну ўжо 32 гады, а двойні ўжо 31.

У 79-м двойня, і ў 78-м адзін. У нас трое дзяцей. Зараз сыну ўжо 32 гады, а двойні нашай 31. Старэйшы — хлопчык, а двайняшкі — дачка з сынам».

Сяргей Антончык перакананы, што ягоная пасьлядоўная палітычная дзейнасьць толькі дапамагала ім гадаваць дзяцей.

Сяргей: «Нам дзеці не задавалі пытаньняў вельмі важных. Яны разумелі. Гэтая мая дзейнасьць дазваляла дзецям разумець. Што такое выхаваньне дзяцей? Можна кожны дзень казаць: „Не рабі гэтага, не рабі гэтага, гэта няможна рабіць“. Але чым ты займаесься — тое і ёсьць сапраўднае выхаваньне для дзяцей. Калі я займаўся змаганьнем, калі мы зь сябрамі ішлі на мітынгі, нас захоплівалі, прыходзілі ў хату, ламалі дзьверы і кралі тут. Дзеці гэта бачылі. І яны не задавалі пытаньняў: нашто ты, бацька, робіш гэта? І дзеці не задавалі пытаньняў, што такое незалежнасьць. Яны жылі ў гэтай сыстэме мабілізацыі. Яны ведалі, што сёньня бацька можа не прыйсьці. Відаць, задавалі пытаньні самі сабе: чаму бацька сядзіць у турме? Ён жа ніколі ня краў, не парушаў, не казаў дрэнных словаў. Чаму яго пасадзілі?».

Ценявы кабінэт БНФ: Сяргей Антончык, Іван Нікітчанка, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі. 1994 год.

Радыё Свабода: «Тамара, а памятаеце мітынг 1991-га году? Як гэта было?».

Тамара: «Дачка нашая была на плошчы. Яна вышыла сабе на заплечніку — тады толькі ўваходзілі ў моду заплечнікі — вышыла Пагоню, герб. І зь ім яна была на ўсіх мітынгах».

Сяргей: «Сыны пайшлі яе абараняць. Браты два пайшлі, бо як гэта так…»

Рабочы страйк у Менску. Плошча Леніна. Красавік 1991 году.

Тамара: «Каб сказаць, што нешта страшнае, то мы нават не задумваліся пра тое, што войска можа там выступіць ці што. Нават такога не было, таму што ўсё неяк ішло надзейна. Хвалявалася, вядома, што мой муж — адзін зь перагаворшчыкаў.

Страшней было, калі яго скралі, яго 3 дні не было, мы яго шукалі (Сяргей Антончык быў затрыманы ў 1995 годзе падчас страйку на Менскім мэтрапалітэне, і тры дні было невядома, дзе ёнРС). Калі з Авальнай залі пагналі, пабілі дэпутатаў (11–12 красавіка 1995 годуРС), тады ўжо пайшло. А да той пары ўсе неяк былі на такім пад’ёме эмацыйным».


Галадоўка ў Вярхоўным Савеце. Красавік 1995 году.

Адсутнасьць страху, хоць, можа, і не адсутнасьць, але цьвёрдая вера ў справядлівасьць абранага шляху — найбольш уражвае ў асобе Сяргея Антончыка. Гэтая вытрымка перадалася яму ад бацькі Антона Антончыка, які быў рэпрэсаваны яшчэ на пачатку 30-х гадоў.

Сяргей: Паколькі мой бацька праседзеў 17 гадоў у турме, то мне ня трэба было чытаць «Архіпэляг Гулаг» Салжаніцына. Я дастаткова добра ведаў, што там адбывалася, таму што бацька раз-пораз пра гэта расказваў.

Жудасныя апавяданьні: калі яго ўзялі, сьледчы яго вёў два-тры дні, а пасьля яго адаслалі на перасылку ў Менск. Вывелі іх на прагулку там, і ён убачыў сярод новых ахвяр гэтага сьледчага. Ён у яго спытаўся: «За што цябе?». Той кажа: «А за што цябе?».

Потым ён расказваў, як напачатку прыехаў чалавек адзін, казалі, што ад Берыі. Сталі ўсім зьняволеным раздаваць такія шэрыя таблеткі, нібыта ад нейкай хваробы. Людзі выпівалі і мерлі ад гэтых таблетак сотнямі.

Паміраў у іх у бараку чалавек, яны яго не аддавалі, бо там з голаду ўсе паміралі. Трэба было на яго атрымліваць нейкую пайку.

Антон Антончык. Фота з архіваў КДБ. 1933 год.
Антона Антончыка абвінавацілі ў падрыхтоўцы забойства аднаго зь мясцовых кіраўнікоў. Судзілі «тройкай». Першы раз далі 5 гадоў.

Сяргей: Ён не па палітычным. Ён быў просты рабочы, майстар на ўсе рукі, як кажуць. А бальшавікам трэба была працоўная сіла, выразалі і простых людзей, забіралі іх, зь іх робячы працоўны люд, каб не плаціць, каб людзі за пайку працавалі.

Сядзеў, і яму ўвесь час дабаўлялі. Кожныя пяць гадоў праходзіць, ён ужо рыхтаваўся да вызваленьня, яму зноў 5 гадоў, зноў 5 гадоў. І такім чынам набегла 17 гадоў.

Бацькавы аповеды і былі выхаваньнем Сяргея Антончыка.

Сяргей: «Я вельмі добра памятаю — гэта быў момант, калі я стаў усё разумець, калі былі разбураныя шмат помнікаў Сталіну. І ў гэтую ноч — мы якраз жылі недалёка ад парку, дзе стаяў помнік Сталіну — я памятаю, грук такі, нібыта едуць нейкія танкі. Ураніцу мой бацька кажа: ну, дзеці, зьбегайце, калі ласка, у парк, паглядзіце, ці стаіць гэты. Мы прыйшлі, а там толькі жоўты пясочак на тым месцы, дзе стаяў гэты помнік. Тады прыйшоў яшчэ адзін мужык, прынесьлі пляшку водкі, яны пілі. Бацька сьмяяўся, радаваўся. І той франтавік таксама радаваўся».

Ёсьць уражаньне, што нязломнасьць перадаецца Антончыкам у спадчыну. Праўда, для яе загартоўкі зашмат намаганьняў прыкладаюць людзі ўлады.

Сяргей: «Калі я стаў дэпутатам, я зьвярнуўся ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, каб мяне азнаёмілі з гэтай справай. Прасіў, каб мне далі яго маладога фатаграфію, яму там 17–18 гадоў, і мне гэтую фатаграфію далі. Зараз яна ў мяне як такая сямейная рэліквія. Я яе і ўнукам паказваў. Калі вырастуць, я раскажу ўсё, каб яны ведалі сваіх дзядоў».

Сяргей: «Ён расказваў, што тыя не змаглі прайсьці турму, якія заўжды задавалі сабе пытаньне: за што? За што? Я ж не вінаваты. Вось гэтыя людзі ламаліся, яны не маглі. А тыя людзі, якія прымалі ўсё, быццам Бог ім гэта паслаў, накавана так — трэба прайсьці. Яны такім чынам выжывалі. І ён, дарэчы, прайшоўшы такую турму, нічога не баяўся, ён такі быў непахісны, нязломны чалавек».

Сяргей Антончык у Вярхоўным Савеце. 1991 год.

Сяргей кажа, што маці заўжды баялася бацькавых расказаў, і ён таксама баіцца — не за сябе, але за дзяцей, бо ведае, што дзеці ў нашых умовах вельмі часта робяцца закладнікамі ўлады. Але ў разуменьні паміж пакаленьнямі, якое, зрэшты, прыходзіць не адразу, ёсьць зарука нязломнасьці і веры:

Сяргей: «Я думаў, чаму людзі баяцца пра гэта пытацца — ну што такога, гэта ж нешта было такое. І толькі тады, калі я вырас, калі сам папаў, канечне, не ў такіх умовах, як мой бацька, але ўсё ж такі, я тады зразумеў, і тады мне вельмі горка было, што, можа, пры жыцьці майго бацькі я шмат чаго не разумеў. Бо бацька такі нэрвовы быў — вы ж ведаеце, што такое прайсьці столькі гадоў і не зламацца, — рэзкі быў чалавек, без сантымэнтаў, безь пяшчоты. Чалавек быў як крэмень. Але шкада ўжо, яго даўно няма, ён памёр у 91 годзе. Якраз як фільм паказвалі пра мяне, як я стаў маладым дэпутатам, з вуліцы прыйшоў у гэтую дэпутацкую, заканадаўчую справу. І ў гэты дзень, як я хаваў свайго бацьку, па беларускім тэлебачаньні прайшоў гэты фільм».

Сяргей і Тамара Антончык зь дзецьмі (стаяць справа), сям’ёй брата Сяргея і бацькамі (сядзяць). 1985 год.

На жаль, Сяргею Антончыку не ўдалося абараніць сваіх дзяцей. І ня толькі ад перасьледу ўладаў.

Сяргей: «І, як любая справа, яна мае свой плюс і свой мінус. Вось, напрыклад, сям’я майго старэйшага сына распалася толькі з-за маёй палітычнай дзейнасьці. Таму што яго жонка была агрэсіўна супраць, вельмі адмоўна супраць беларускасьці. І вось два гады яны мне не даюць унука. Проста не даюць. У суды падавалі, але што можа суд дапамагчы…»

Радыё Свабода: «А што стала з рабочым рухам?»

Сяргей: «Што тычыцца рабочага руху, то адзінага рабочага асяродзьдзя фактычна няма, няма такіх вялікіх калектываў. Ёсьць вялікія калектывы на трактарным заводзе, аўтазаводзе, але ўлады, разумеючы, што там могуць ізноў зьяўляцца вельмі сур’ёзныя пратэсты, іх проста купляюць. Зусім нядаўна я чытаў вельмі цікавую афіцыйную інфармацыю пра тое, што два гады таму завод МАЗ быў на мяжы банкруцтва. Але ж ён працаваў, і давалі людзям вельмі добрыя заробкі. То бок проста давалі крэдыты, і, каб рабочыя не выступалі, ім давалі вялікі заробак. Калі чалавек атрымлівае два мільёны рублёў і працуе 4 дні на тыдзень, дык за што ён будзе страйкаваць?!

Зараз я бачу, што пачынаецца „браджэньне“ на тых прадпрыемствах, дзе ёсьць вялікія калектывы. Я як стары палітычны воўк адчуваю гэтае браджэньне, бачу, што там пачынаюцца зрухі. Яны павольна-павольна ідуць, і калі ва ўлады ня хопіць грошай, каб купляць гэтых людзей, то нас чакае вельмі сур’ёзная сытуацыя. Таму што людзі ня будуць чакаць і ня будуць „уваходзіць у становішча“ ўлады».

Рабочыя выступы. 1990 год. З мэгафонам — Сяргей Антончык.

У сакавіку 2006 году прозьвішча Антончык ізноў зьявілася на старонках газэт. Тады яго затрымалі разам з сынам, яны былі асуджаныя і сядзелі ў адной камэры. Сын страціў добрую, як кажа Сяргей, працу.

Сяргей: «Але нашы дзеці ні разу не казалі, што „тата, маці, у нас з-за вас шмат праблем“. Не. Яны разумеюць, што, значыць, так трэба, гэта наш крыж, нашай сям’і, мы павінны гэта пранесьці, дарэчы, як сама Беларусь».

Гэтая гісторыя — тыповая для краіны, у якой, па розных ацэнках, было рэпрэсавана ад 600 тысяч да паўтара мільёна чалавек, — адбылася і адбываецца ў сям’і аднаго з былых кіраўнікоў рабочага руху, дэпутата, а цяпер кіроўцы-кур’ера Сяргея Антончыка.

Сяргей: «І калі я сядзеў на Акрэсьціна ў гэтых камэрах, я глядзеў і часта зьвяртаўся ў сваіх думках да бацькі. Бо ён паказаў мне, што вось ён выжыў — і дзяцей нарадзіў, і рабіў нешта, і працаваў. Такія пакуты нашых бацькоў, можа, гартуюць і нас, але хай бы лепш нашыя дзеці гэтага ня ведалі і нашыя ўнукі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG