Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адэля Вольская: «Бацька пакуль не пускае на мітынгі»


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. Пад дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, ня проста подпісы — лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме "Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці" кожны тыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.


Артур Вольскі з сынам Лявонам. Нарач.1966
Няма ніводнага беларуса, які б ня ведаў прозьвішча Вольскі. І гэта не залежыць ані ад узросту, ані ад палітычных перакананьняў, ані ад мастацкіх упадабаньняў. Старэйшыя згадаюць «Несьцерку» і падручнікі па беларускай літаратуры Віталя Вольскага. Кожны дзетсадавец наскокам можа выдаць пару радкоў з творчасьці Артура Вольскага — хаця б

«Сёньня сьвята нашых мам,
Прыйдуць мамы ў госьці к нам».

І, бадай, рэдкі юнак не пазнае на слых «Трох чарапах» ці «Абсэнт» Лявона Вольскага.

Пра лёс сям’і Вольскіх мы гаворым зь Лявонам Вольскім і яго дванаццацігадовай дачкой Адэляй.





«Ён заўсёды ўзначальваў калёны вэтэранаў, надзяваў усе свае мэдалі і ордэны і ішоў легалізоўваць гэтую калёну»

Артур Вольскі ад канца 80-х гадоў стаў прыкметнай постацьцю культурна-нацыянальнага руху Беларусі. Лявон лічыць, што да гэтага часу бацька, хаця і меў вельмі дэмакратычныя перакананьні, але ўсё ж знаходзіўся ў межах савецкай сыстэмы і нават верыў у яе. Творчы посьпех і добрая кар’ера дазвалялі Артуру Вольскаму ісьці на вольнасьці, на якія ня важыліся іншыя. Напрыклад, падчас ягонага кіраваньня менскім Тэатрам юнага гледача ўся дакумэнтацыя гэтай установы вялася па-беларуску. І гэта ў 60—70-я гады. Аднак як толькі сыстэма дала расколіну, Артур Вольскі адразу стаў на бок адраджэнскага руху.

Лявон Вольскі: «Як толькі пачаўся „Мартыралёг Беларусі“, ён адразу знаходзіўся ў гэтым працэсе разам з Барадуліным, з Быкавым, ёсьць нават здымкі… І потым ужо ня здраджваў яму ніколі. Нават калі зьмянілася ізноў сытуацыя, можна было выбраць, з кім разам ісьці, ён больш ніколі не выбіраў сыстэму».

Гэта факт, найбольш варты павагі. Напрыклад, Васіль Быкаў у кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» піша: «Пісьменьнікаў у новым руху было няшмат: я, Рыгор Барадулін, Артур Вольскі. І ўсё. Пісьменьнікі ў бальшыні дыстанцыяваліся ад БНФ».

Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Артур Вольскі, Рыгор Барадулін на мітынгу ў сквэры Янкі Купалы. 3 ліпеня 1994 г.

Але якраз у гэты пэрыяд творчыя і палітычныя шляхі бацькі і сына разышліся. Вірлівае жыцьцё таго часу патрабавала прысутнасьці гэтых асобаў у зусім розных сфэрах дзейнасьці.

Лявон Вольскі: «Я на той час займаўся самарэалізацыяй. Мне падавалася, што ў мяне свой творчы шлях, тым больш што ў мяне быў посьпех пэўны з гуртом «Мроя». У нас была свая барацьба, музычная. Мы на канцэртах там сьпявалі, заклікалі. А ён (бацька) таксама з галавой кінуўся ў гэтую кіпучую плынь змаганьня палітычнага. Тым больш што ў яго рэгаліі, ён вэтэран. Ён заўсёды ўзначальваў калёны вэтэранаў, надзяваў усе свае мэдалі і ордэны і ішоў легалізоўваць гэтую калёну. А з такімі палітычнымі арганізацыямі быць разам — мне падавалася, што паводле ўзросту мне не выпадае. Хацелася больш такога «рухняка».

Але са сцэны мы дэкляравалі ідэі свабоды, і ў тэкстах, безумоўна. Што і справакавала такі творчы крызіс у фармацыі «Мроі». Бо калі разваліўся «савок», гэтае змаганьне стала бессэнсоўным. Мы змагаліся — і перамаглі. Мы паспрабавалі ўскочыць у плынь свабоднай творчасьці, але для гэтай фармацыі гэта было ня блізка. Таму давялося разьвітвацца з гэтым брэндам на пэўным этапе, калі ён зусім вычарпаў сябе.

Артур Вольскі на магіле Янкі Геніюша. 1994

— Вельмі цікава, што ў самы пэрыяд актыўнага змаганьня за незалежнасьць вы былі ў розных плынях.

— Ну, неяк так атрымалася, я яшчэ малы быў — псыхалягічна малы. Я, можа, надта радыкальна ўспрыняў ідэю незалежнасьці, але бацька быў вельмі ўсьцешаны гэтым. Ён нават у вершах гэта апісваў.

— У якіх?

— Ну, ёсьць у яго там, што «сын — і душой, і сэрцам беларус».

— А зь дзедам, Віталём Вольскім, якія былі стасункі?

— Я памятаю, што ён заўсёды быў ужо дзед. І гэта правільна — ён жа дзед. І ён такога навуковага складу быў чалавек, вельмі пэдантычны. Я прыходзіў да яго ў госьці, нейкае сьвята, выпівалі, распавядалі нешта. А мне давалі кнігу такую, «Плянэты сонечнай сыстэмы», і я мог гадзінамі яе разглядаць. Там так прыгожа намалявана ўсё было, ні ў кога не было такіх кніг, а ў дзеда былі. Ён, можа, дзе выпісваў ці меў нейкі «блат». А калі сканчалася гэтая, то была яшчэ чэская кніга пра дыназаўраў і пра першабытных людзей. Гэтага мне хапала гадзіны на тры, пакуль там усё сканчалася. І гэта быў такі рытуал. Альбо, калі малы зусім быў, і дзед, і я любілі — ён мяне на калені саджаў і ўсе свае ордэны і мэдалі вешаў на мяне. І я ўвесь абвешаны сяджу, і так ужо мне клясна. Гэта гады чатыры мне было. Калі сканчаюцца мэдалі і ордэны, то ён тады значкі на мяне вешае (у яго была вялікая калекцыя значкаў з розных краінаў). Шмат кніг было цікавых — «Слова пра паход Ігараў» у выдатных ілюстрацыях Фаворскага таксама вельмі цікава мне было гартаць.

«Калі табе для жыцьця патрэбная такая школа, як войска — савецкае ці беларускае, — тады ты дэбіл».


Сяргей Навумчык, які ў 1990–1996 гадах быў дэпутатам Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, згадвае, наколькі палітычна важным быў удзел вэтэрана Вольскага ў БНФ.

Сяргей Навумчык: «Палітычны вынік жніўня 1991-га быў бы немагчымы без шырокага адраджэнскага руху, і Артур Віталевіч Вольскі быў прыкметнай постацьцю ў гэтым руху. Ён ня ўдзельнічаў у стварэньні дэклярацыі аб сувэрэнітэце ці напісаньні палітычных заяў, нават ня памятаю, каб выступаў на соймах БНФ (але заўсёды наведваў пасяджэньні). Але ягоная прысутнасьць у Фронце была важнай ня толькі як пісьменьніка, інтэлектуала, але яшчэ і як вэтэрана вайны. Патлумачу, што маю на ўвазе. Усе шэсьць гадоў працы Вярхоўнага Савету 12 скліканьня многія законапраекты, што распрацоўваліся апазыцыяй БНФ, не набіралі патрэбнай колькасьці галасоў. Часам нам яшчэ ўдавалася пераканаць у нечым чыноўнікаў — але ў залі былі трыццаць дэпутатаў ад вэтэранскай арганізацыі, і вось гэтыя 30 галасоў у рашучы момант кідаліся на шалі і пераважалі. Да таго ж дэпутаты-вэтэраны любілі заяўляць (а часта сэсіі ВС трансьляваліся на ўсю Беларусь), што яны пралівалі кроў на вайне, змагаліся з фашызмам, а БНФ, Пазьняку напляваць на пачуцьці вэтэранаў, напляваць на тое, як жывуць вэтэраны, якая ў іх пэнсія. І ўвесь час казалі, што ўсе як адзін вэтэраны — супраць развалу СССР, супраць перагляду ролі камуністычнай партыі… ну і іншая, прабачце за слова, ахінея неслася. І вось Артур Вольскі разам зь сябрамі стварылі арганізацыю дэмакратычных вэтэранаў. Вольскі, чалавек, які ваяваў, меў баявыя ўзнагароды — выступаў за незалежнасьць, за дэмакратыю, за Беларускі народны фронт. Асабліва важнай была ягоная падтрымка Пазьняка на выбарах 1994 году. Памятаю, як 3 ліпеня 94-га наша калёна БНФ рушыла на плошчу Перамогі, каб ускласьці кветкі. Паперадзе ішлі Васіль Быкаў, Артур Вольскі, Зянон Пазьняк. І на самой плошчы рух нам спыніла міліцыя і АМАП -- разам з баевікамі так званага "славянскага сабору". Правахоўныя ворганы выступілі заадно з праімпэрскімі шавіністамі. Вэтэранаў, дэпутатаў БНФ не пускалі да помніка — бо туды павінны былі прыехаць старшыня ВС Мечыслаў Грыб і старшыня Саўміну Вячаслаў Кебіч і "высокі госьць з Масквы" расейскі прэм'ер Чарнамырдзін. Лукашэнку зь яго "маладымі ваўкамі", дарэчы, туды прапусьцілі. Артур Віталевіч быў вельмі абураны. Мы тады правялі імправізаваны мітынг ля помніку Янку Купалу (захаваліся фотаздымкі таго дня). І яшчэ адзін момант хачу адзначыць. Мне падаецца, што прысутнасьць Артура Вольскага ў БНФ была вельмі важнай для Васіля Быкава, як чалавека аднаго зь ім пакаленьня і прыблізна аднолькавага (назапашанага ў вайну) жыцьцёвага вопыту».

Сябры «Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня вэтэранаў вайны» каля сядзібы БНФ. 1994

— Ваш бацька ўзначальваў «Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне вэтэранаў вайны». Як пераасэнсоўваўся ім ваенны досьвед? Ці мянялася стаўленьне да яго?

— Я магу сказаць, што бацька ўвогуле вельмі мала распавядаў пра вайну. Проста нейкія абрыўкі. Дзякуй богу, ён абышоўся бяз ранаў, неяк выйшаў з гэтай вайны, хаця пайшоў у 17 гадоў. 5 гадоў на вайне, а пяць гадоў пасьля яшчэ таму, што было выбітае мужчынскае насельніцтва і не было каго «забрываць» у нашую гераічную савецкую армію, і іх пакінулі яшчэ на пяць гадоў. Вось у сям’і ён абсалютна спакойна ставіўся да свайго вэтэранства. І ніколі не крычаў «Я за вас кроў праліваў», як вып’е сто грамаў. Нічога такога блізка нават не было. Я яшчэ яго распытваў, бо я ж малы, цікава:

«— А якія караблі?

— Спачатку на гэтым, потым на тым.

— А што ты рабіў?

— Ну, я там быў сапёрам марскім.

— Ну і як там?

— Ну, разьмініравалі».

Як у Твардоўскага, ведаеце:

— Много раз ходил в атаку?
— Да, случалось иногда.

Вось так і ў бацькі.

— А тое, што вы пайшлі ў войска, было натуральна для вас?

— Абсалютна ненатуральна. Я ў той час ужо быў нейкім багемным чалавекам. Мы ўжо гралі падпольныя канцэрты, малявалі абстрактныя карціны. Жылі ў рэчышчы альтэрнатывы абсалютнай Савецкаму Саюзу. Для мяне войска — гэта была вялікая трагедыя… Але на той час, каб пазьбегнуць гэтага, трэба было мець такія магутныя сувязі, якіх мы ня мелі, альбо трэба было парэзаць вены сабе. Я разглядаў-разглядаў, але падумаў, што гэта не маё. Два гады шкада — самы плённы такі пэрыяд, 18–20 гадоў.

Калі табе для жыцьця патрэбная такая школа, як войска — савецкае ці беларускае, тады ты дэбіл. Навошта туды аддаваць дзіцёнка, што ён там можа пачарпнуць, якіх такіх ведаў? Я, напрыклад, камандзір аддзяленьня па захоўваньні і рамонце аўтатэхнікі, што абслугоўвае аэрадромы. Я нічога не магу сказаць, як гэтую тэхніку захоўваць. Не магу падзяліцца досьведам.

— Але ў вашых творах вайна прысутнічае?

— Вось з-за гэтага войска яна і прысутнічае! Раз на год рэгулярна наведваюць мяне кашмарныя сны пра войска, што мяне забіраюць. Я кажу: «Ды вы што, я ўжо адслужыў». А мне: «Не, будзеш яшчэ». Я кажу: «Ну добра, я сяржант» . Яны: «Не, будзеш шарагоўцам».

А ў сьвядомасьці беларусаў вайна прысутнічае, бо насаджаюць яе ўвесь час. Яна цацачная такая вайна, зь фільмаў, кардонная. Нават больш карамельная, чым пры Савецкім Саюзе. Таму што Савецкага Саюзу няма, а ў нас, у Беларусі, была вайна клясная. У нас былі партызаны. І адлік нашай дзяржавы вядзецца ад вайны — ад айчыннай, невядома якой айчыны.

Артур Вольскі на мітынгу да 78 угодак БНР. 24 сакавіка 1996 г.

У сярэдзіне 90-х, як раз тады, калі палітычная і культурная сытуацыі памянялася, бацькі і сын ізноў зблізіліся. І нават больш — папулярнасьць і аўтарытэт Лявона Вольскага, якія расьлі з кожным канцэртам і з кожным новым альбомам, урэшце паставілі яго нароўні з бацькам і дзедам. Вось як апісвае гэта Ўладзімір Арлоў:

Уладзімер Арлоў: «Найлепшым творам Артура Вольскага, безумоўна, стаў ягоны сын Лявон. Бязь песьняў Вольскага-малодшага я проста не ўяўляю сёньняшняй Беларусі. Як не ўяўляю яе бяз прозы Васіля Быкава ці бязь вершаў Барадуліна і Някляева».

— Як бацька ставіўся да вашай творчасьці?

— Выдатна, выдатна ставіўся, безумоўна. Мой бацька быў вельмі ўсьцешаны тым, што са мной адбываецца. Было ўжо, напрыклад, у 2000-м ён гаварыў, што нарэшце такая сытуацыя, што мне кажуць: «Дык гэта вы бацька Лявона?» Бо ў мяне ўсё дзяцінства было: «Дык гэта ваш бацька Артур Вольскі?». У школе, напрыклад, і ў мастацкай школе, і потым далей. Бацька вельмі быў шчасьлівы з гэтай нагоды і часта мне пра гэта гаварыў. А я ўсё саромеўся і казаў: «Ай, перастань!»

Вясельле Лявона і Ганны Вольскіх. 1997

Не ў малой ступені збліжэньню пакаленьняў паспрыяла і зьяўленьне ў сям’і дачкі і ўнучкі — Адэлі Вольскай. Менавіта ёй цяпер прысьвячаў Артур Вольскі дзіцячыя творы. Сярод іх «Адэльчыны ручнікі»:

Адэля Вольская: «Артур Вольскі напісаў пра маё жыцьцё, але ня ўсё праўда там. Ён напісаў, што ў дзяцінстве я яго называла не „Артур“, а Айтуй». А другога майго дзеда называла не Сьцяпанам, а «бацянам». «Айтуй» таму што не магла выгаварыць гук «р», а «бацяном» ня ведаю чаму«.

— А як гэта — прачытаць пра сябе ў літаратурным творы? І мала таго, што вы самі чытаеце, дык гэта зьмешчана ў падручніках, гэта чытаюць вашыя аднаклясьнікі, сябры. Яны ведаюць, што гэта пра вас?

— Мая сяброўка ведае, але большасьць не чытае такія кнігі, а чытаюць сучасныя.

Лявон і Адэля. 2001

Лявон Вольскі кажа, што менавіта пэрыяд адраджэньня дзіўным чынам даў бацьку разгарнуць свае таленты ў абсалютна розных кірунках:

Лявон Вольскі: Ён да канца жыцьця езьдзіў ад свайго дома ў Зялёным Лузе ў Сухарава, у нейкую школу, каб праводзіць там урокі беларускай мовы і літаратуры, такія нефармальныя. І потым да мяне на канцэртах падыходзілі ягоныя вучні і казалі, што так удзячныя бацьку, было так цікава. Дзейсны вельмі быў чалавек. Ён працаваў у Тэатры юнага гледача, хаця ўжо было яму 70 гадоў, працаваў у Народным фронце, адведваў Адэлю. Яшчэ Адэлі добры выпаў бонус, бо мой бацька апошнія пару дзясяткаў гадоў быў пратэстантам. А ў іх такія падарункі звычайна прыходзілі калядныя для малых — з Англіі, зь Нямеччыны, з Швайцарыі. І Адэля звычайна пад Новы год азалочвалася, бо былі яшчэ такія галодныя 90-я гады, а там ёй прысылалі і флямастэры, і ўсё на сьвеце.

І хапала яго на нейкія казані ў царкве, ён там усіх настаўляў «на пуць ісьцінны».

— Як ён паўплываў на выхаваньне Адэлі?

— А ён прыносіў кнігі, бо ён выдаваў такія альтэрнатыўныя падручнікі па беларускай мове і літаратуры. Прычым на камэрцыйнай аснове ўсё гэта рабілася, яны добра разыходзіліся, і ў школах іх таксама выкарыстоўвалі. Ён дарыў, і мы Адэлю вучылі па іх таксама. Яна проста зараз саромеецца пра гэта гаварыць.

Разьвітальны ліст Рыгора Барадуліна Да Артура Вольскага. 2002.

— Адэля, а што ў творчасьці бацькі такога, чым можна ганарыцца?

— Ён сьпявае і піша цікава. І проста ёсьць сэнс у гэтых песьнях і аповедах.

— А як вы ставіцеся, што бацька выступае на мітынгах? Ці былі калі разам зь ім?

— Не, я не была ніводнага разу на мітынгах, таму што яны мяне не пускаюць туды.

— Лявон, а вось Адэля нагадала якраз, што вы былі назіральнікам. Вы ў сваёй дзейнасьці ўсё больш і больш палітызуецеся? Ці так?

— Гэта не палітызацыя, на мой погляд. Трэба схадзіць туды, каб зразумець, што адбываецца, і калі ёсьць нейкія фальсыфікацыі, то які мэханізм гэтых фальсыфікацыяў. Але калі ты мэдыя-пэрсона, то, што ні кажы, і цябе ведаюць гэтыя назіральнікі праўладныя, якія там сядзяць, і БРСМ-аўцы, якія там гатовыя накінуцца на простага незалежнага назіральніка, і ты можаш проста паўплываць на гэтую сытуацыю.

— А якім чынам?

— А папросту прыкрыкнуць на іх. Там жа нават ніякага кантролю не было. Мы прыйшлі з Хаменкам. Яны пытаюцца: «Хочаце назіраць? Назірайце». Мы прыйшлі потым назіраць на ўчастак, нават не праверылі дакумэнтаў, нічога. «Вы ж там акрэдытаваныя?» Мы кажам: «Так». «Ну, сядайце».

«Ня маю намеру быць прэзыдэнтам гэтай краіны»

Бацька і сын — Артур і Лявон Вольскія — мелі розныя спосабы барацьбы, і напэўна па-рознаму паставіліся б і да цяперашняй сытуацыі. Хаця заўважна, што творчасьць Лявона Вольскага набывае ўсё большую палітычную актуальнасьць і вастрыню, і сам ён палітызуецца хуткімі тэмпамі. Ці мае Лявон Вольскі палітычныя амбіцыі?


Лявон Вольскі: "З трыбуны — насамрэч пакуль не маё, ня буду казаць пра наступныя часы. Таму што пакуль я ня ведаю, куды я павяду народ, ня маю палітычнага досьведу, то гэта было б абсалютна безадказным. Безумоўна, я магу вывесьці на плошчу, скажам, чалавек 500 пры жаданьні. І што будзе далей? Што я ім скажу?


— А бацька што б сказаў?

— А бацька меў досьвед кіраўніцтва — і ў ваенны час, і ў цывільны. І меў досьвед мітынговай барацьбы. Я заўсёды хадзіў на мітынгі — з самых першых Дзядоў. Але як шараговы мітынговец альбо з гітарай на сцэне, каб людзям не было нудна. Бо паводле апошніх падзеяў — 19 сьнежня, Плошчы, то людзі мне пісалі: «Шкада, што вас не было, бо было нуднавата. А каб вы пасьпявалі, то было б і весялей». Мне шмат пішуць, што, напрыклад, «Саўка і Грышка» — гэта адзінае, што «заходзіць» у гэтай сытуацыі і фрустрацыі пасьля выбараў і вядомых вам падзеяў.

Пакуль што маё прызначэньне такое — каб было весялей. Пакуль я магу гэта зрабіць лепей, чым у іпастасі палітычнага лідэра, я буду гэтым займацца і спадзяюся, што ня хутка ў мяне прачнецца гэтая іпастась. І тым болей не зьбіраюся балятавацца на пост прэзыдэнта гэтай краіны, што мне часта прапануюць. Гэта рызыкоўна заўсёды, і баюся, што я завалю тады ўсё, нават калі выйграю".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG