Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Дубянецкая: «Міхал Дубянецкі — гэта чалавек незалежнасьці»


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. Пад дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, ня проста подпісы — лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці?

Сям’я Дубянецкіх — унікальны прыклад згоды паміж пакаленьнямі. Бацька — Міхал Дубянецкі — выдавец, перакладчык, грамадзкі і палітычны дзеяч — увасобіў у сабе найлепшыя якасьці беларускага адраджэньня. Цяпер справу Міхала Дубянецкага працягваюць дзьве дачкі — доктар багаслоўя Ірына і паэтка Галіна. Расьце ў сям’і і незвычайная дзяўчынка Станіслава — дачушка Галіны. Усе яны распавядаюць пра Міхала Дубянецкага так, што робіцца зразумела: гэты чалавек штохвілінна вызначае іхнае жыцьцё.



«Абальюся бэнзінам на плошчы і падпалюся…»


Як прыгадвае Зянон Пазьняк, увосень 1988 году толькі тры чалавекі, акрамя яго, ведалі пра плян стварэньня Беларускага народнага фронту — Васіль Быкаў і Міхал Дубянецкі. І 19 кастрычніка 1988 году менавіта Дубянецкі вёў гістарычнае паседжаньне ў Чырвоным касьцёле, на якім і быў утвораны Аргкамітэт БНФ.

Ірына Дубянецкая: «Гэта чалавек незалежнасьці. Свабода — гэта перш за ўсё ўнутраны стан, хоць для чалавека, хоць для нацыі, хоць для краіны. Ёсьць добрыя людзі, ёсьць кампэтэнтныя людзі, ёсьць прафэсіяналы, ёсьць палітыкі, а ёсьць усё ў адным чалавеку. Свабода — гэта найлепшае слова для вызначэньня бацькавай базавай рысы. Гэта чалавек, які зрабіў велізарны ўплыў на жыцьцё, на душы людзей, велізарны сьлед пакінуў сваёй незвычайнай дабрынёй».

Сёстры Ірына і Галіна Дубянецкія ў 1976 годзе.

Галіна Дубянецкая: «Чалавека ў 20 зь нечым гадоў кідае туды-сюды. Што ў жыцьці рабіць? Ён у шпіталі быў. Неяк я прыйшла да яго і кажу: „Я такі вось віцязь на раздарожжы, што мне рабіць, які мой шлях у жыцьці?“ Ён кажа: „Паэзія“. Мяне так зьдзівіла! Увесь час яны мяне з мамай ад гэтага стараліся адагнаць. „Пішы дысэртацыю, ідзі ў навуку“. А тут ён так і сказаў».

Ірына Дубянецкая: «Ён давяраў людзям, і яму давяралі, але ён ведаў, чаго кожны чалавек варты. Ён з кожным кантактаваў так, ведаеце… як бы гаварыў з тым табою, якім бы ты хацеў быць. Ён неяк бачыў у чалавеку лепшае, тое, што ў ім ёсьць, нават калі яно не раскрытае, калі яно хаця б як-небудзь прысутнае. Гэта вельмі вялікі дар, гэта мала ў каго ёсьць».

На думку дачок, незвычайныя душэўныя таленты былі закладзеныя ў Міхалу Дубянецкім з маленства. Вайна засьпела яго ў Пневах пад Познаньню, дзе ён выхоўваўся ў кляштары ўршулянак шэрых пад кіраўніцтвам цяпер ужо блаславёнай Марыі-Ўршулі Ледухоўскай. Гэтае месца назаўжды заставалася для Дубянецкага духоўным радзінным домам, а партрэты заснавальніцы ордэну дагэтуль жывуць у кватэры Дубянецкіх, у якой, здаецца, ад часу прысутнасьці бацькі нічога не зьмянілася.

Толькі праз 10 гадоў пасьля сьмерці Ірына і Галіна наважыліся разабраць ягоны пісьмовы стол. Сярод іншага знайшоўся і аркуш паперы, на якім рукою Міхала Дубянецкага было напісана: «Я самы шчасьлівы».

Галіна Дубянецкая: «Вось самае галоўнае гэтае, міратворчасьць бацькава, гэта вельмі цяжка даецца. Калі паўстае які канфлікт, то яго трэба як мага больш мірна, далікатна пагасіць, пераключыць. Мы пачынаем на павышаных тонах гаварыць з мамай, і тут ён узьнікае і кажа: „А што гэта вы так міла тут любезьнічаеце“? Ну, і адразу гэтыя ўсе павышаныя тоны згасаюць. Пачынаем разьбірацца, тлумачыць, што чаго, і аказваецца, што не было і чаго. Гэта самае галоўнае. Але гэта цяпер ох як цяжка».

У савецкія часы Міхал Дубянецкі дасканала авалодаў эзопавай мовай — здольнасьцю ўголас гаварыць так, каб было зразумела толькі сваім. Кіруючы самымі буйнымі беларускімі выдавецтвамі — «Беларусь» і «Мастацкая літаратура» — ён зрабіў магчымым, каб творы Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Алеся Гаруна пабачылі сьвет такімі, якімі задумвалі іх аўтары.

На паседжаньні ў Саюзе пісьменьнікаў. Дом літаратара, 1980-я гг.

Ірына Дубянецкая: «Гэтае змаганьне за свабоду ўсіх, з кім сутыкаесься, было асноўнай зьявай ягонага жыцьця. Як дырэктар выдавецтва ён не ленаваўся змагацца за кожнага аўтара. І вельмі часта браў на сябе адказнасьць за тое, што ён рабіў насуперак таму, што яму загадвалі. У пэўнай ступені, можа ў вельмі вялікай ступені, можа нават у большай ступені, чым мы сабе ўяўляем, нашая беларуская літаратура ёсьць такая, якая яна ёсьць, дзякуючы бацьку. Менавіта таму, што ён змагаўся за свабоду аўтара. І вельмі падтрымліваў усіх. Цяпер у мяне вельмі часта пытаюцца — чаму ён падтрымліваў таго і чаму ён падтрымліваў гэтага? Як можна было гэтага падтрымліваць, калі ён такі „нехарошы“? Падтрымліваў усіх, хто хацеў штосьці рабіць. Усіх, у каго была нейкая ідэя, нейкае бачаньне, нейкае жаданьне. Нават калі ішло насуперак агульнапрынятым меркаваньням людзей, якіх ты паважаеш».

«На паддашку» — у майстэрні Міхася Раманюка: Міхась Раманюк, Міхал Дубянецкі, Вацлаў Жыдліцкі, Алег Лойка. 1970-я гг.

Аднак унікальнасьць асобы Міхала Дубянецкага ў тым, што савецкая сыстэма ніколі не асьляпляла яго, не зрабіла сваім бяздушным вінцікам і ня здолела змусіць рабіць вінцікамі іншых.

Галіна: «Ён увесь час пагражаў… узарваць усю сыстэму. „Я пайду, абальюся бэнзінам на плошчы і падпалюся“.

Ірына: «„Перад Крамлём“, казаў. Але дысыдэнтам бацька ня быў, ён увесь час працаваў з сыстэмай і ў сыстэме. Ён яе знутры ачалавечваў».

Галіна: «Ён спрабаваў найменшай крывёю дасягнуць, выдаць, даць шлях».

Ірына: «Ён разбураў сутнасьць гэтай сыстэмы знутры. Гэта зусім іншы шлях, чым наўпроставае змаганьне. І, канечне, калі паветра пачало мяняцца, атмасфэра пачала мяняцца і людзі пачалі гуртавацца ў празе, у памкненьні, у жаданьні нешта рабіць, людзі, якім набрыняла, пачала балець Беларусь і тая самая свабода — і асобы, і палітычная, — і людзі пачалі нейкім чынам гуртавацца, — канечне, ён быў там».

«У яго быў сацыяльна-палітычны інфаркт»


У канцы 80-х уся сям’я Дубянецкіх уключылася ў працу па стварэньні новых палітычных рухаў, якія для кожнага зь іх азначалі «вяртаньне да беларускасьці». Галоўным днём, які вызначыў далейшы бег гісторыі, стала 19 кастрычніка 1988 году — дзень устаноўчага сходу Мартыралёгу Беларусі і абвяшчэньня аб стварэньні Беларускага народнага фронту.

Ірына Дубянецкая: Самыя напружаныя гады — гэта, канечне, канец 80-х і 90-ты год уключна. Калі пачалі ствараць «Мартыралёг Беларусі» ў 1988 годзе, зьбіраліся па магчымасьці ў розных месцах, шырэйшым колам, вузейшым колам, гледзячы што абмяркоўвалі. Але паралельна ўжо пачаліся народныя франты ці рухі, іх было вельмі мала. І такая вельмі-вельмі прыхаваная праца па падрыхтоўцы пачалася вясной 1988 году. І гэта было вельмі вузкае кола людзей, у «Мартыралёгу» было нашмат шырэйшае. І падрыхтоўка была адрозная, бо «Мартыралёг» быў сам па сабе дастаткова выбуховай рэччу на той час, для позьніх Саветаў. Але Народны фронт — гэта было нашмат мацней. Але грамадзтва было да гэтага гатовае. Гэта рабілася фактычна ў нас на вачах.

Я вельмі спрачалася за тэрмін, бо мне не падабаўся тэрмін «фронт». На Ўкраіне быў тэрмін «рух». І мне вельмі хацелася, каб быў Беларускі народны рух, бо тады б мы мелі і алюзію з абрэвіятурай БНР, пра якую тады было нават страшна гаварыць. І, на маю тагачасную думку (зрэшты, я зь ёю дагэтуль згодная), рух — лепш адпавядала і самой гэтай ідэі, і беларускасьці.

Ірына распавядае, што на сход у Дом кіно меліся пускаць толькі па запрашальніках і вольнага ўваходу быць не павінна было. Але калі яны прыйшлі ў залю, то яна на чвэрць была ўжо занятая так званымі людзьмі ў шэрым.

Ірына Дубянецкая: «19-га (кастрычніка 1988 г. — рэд.) склалася так, што гэтая ініцыятыва была агучаная вельмі нечакана, з залі. Гэта была жанчына расейскамоўная, якая была ці то зь Віцебску, ці то з Магілёва, недзе з поўначы. Яна займалася пошукам сталінскіх вязьняў, яе адмыслова запрасілі. Яна вельмі эмацыйна выступала і так напружана-напружана сказала: „І хай бы гэты марцірОлаг перарос у Беларускі народны фронт“. І рэакцыя была неверагодная — заля проста выбухнула аплядысмэнтамі, гукамі, эмоцыямі. І так усё адбылося. А ў іх ужо было ўсё гатова».
У маім жыцьці гэты сапраўды вельмі духоўна прыгожы чалавек застанецца як адданы патрыёт Беларусі, і шырэй — як Хрыстовай царквы.

Адным з найважнейшых унёскаў Міхала Дубянецкага ў дзейнасьць Фронту дачка Ірына лічыць стварэньне ўнікальнай рэлігійнай канцэпцыі. Дочкі згадваюць, што ў доме заўсёды было поўна сьвятароў розных канфэсій. Сярод іх айцец Аляксей Шынкевіч:

Аляксей Шынкевіч: «Перш за ўсё я з удзячнасьцю ўспамінаю імя Міхала Дубянецкага. У маім жыцьці гэты сапраўды вельмі духоўна прыгожы чалавек застанецца як адданы патрыёт Беларусі, і шырэй — як Хрыстовай царквы. Менавіта ён навучыў мяне, маладога сьвятара праваслаўнай царквы, любіць беларускае багацьце мовы, літаратуры, гісторыі, духоўнай спадчыны. Я лічу, што ён быў адным зь першых ваяроў за сапраўднае беларускае ў жыцьці кожнага чалавека, які ў той час жыў на нашай Бацькаўшчыне.

Прыйдзе час, калі сапраўды імя Дубянецкага будзе ізноў больш яскрава адкрыта на нашай зямлі».

Ірына Дубянецкая: «Бацька стварыў сам рэлігійную праграму, праграму адносінаў з рэлігіямі, канфэсіямі. На гэта потым вельмі зьвярталі ўвагу, бо гэта быў адзіны з рухаў на гэтай позьнесавецкай прасторы, у якога была вельмі кваліфікаваная, кампэтэнтная і прадуманая рэлігійная праграма».

«А ў чым яна заключалася на той момант? Гэта ж нешта зусім новае тады?»

«У нас тут у кватэры ў апошнія гады жыцьця бацькі ўсе сьвятары любых канфэсіяў, якія хоць як-небудзь зачапляліся зь беларускасьцю альбо мелі гэткі патэнцыял, усе тут былі. І бацька вельмі шмат з усімі размаўляў. Вось, напрыклад, адпачываюць яны ў Нясьвіжы ў санаторыі. А там ужо быў касьцёл, быў ксёндз малады, ён па-польску служыць. Бацька прыходзіць, высьвятляе, што ксёндз — беларус. Пачынае тады размаўляць, а чаму па-польску, чаму не па-беларуску. Вось так усё і рабілася».

Айцец Ян Матусевіч быў першым сьвятаром адроджанай уніі — беларускай каталіцкай царквы ўсходняга абраду. Сьвятар Ян быў добрым сябрам апошніх гадоў жыцьця Дубянецкага і ён жа адпяваў яго пасьля сьмерці. Здымак зроблены 12.11.1989 у Барунах, дзе а. Ян быў тады пробашчам, падчас першага беларускамоўнага сьвяткаваньня дня сьв. Язафата.

«Але сутнасьць самой канцэпцыі ў чым палягала?»

«Гаворка вялася перш-наперш пра тое, што Беларусь — гэта традыцыйна поліканфэсійная краіна, і гэтая поліканфэсійнасьць ёсьць сутнасьцю Беларусі. Вось за апошнія два стагодзьдзі на той момант разбурылася асноўная адзнака Беларусі — местачковасьць. Яна ў чым палягала? Кожнае мястэчка — гэта свой сьвет, і гэтыя сьветы разам ствараюць той сусьвет, які і ёсьць Беларусь. Гэта разбурылася, але поліканфэсійнасьць, множнасьць захавалася. Але гэтая поліканфэсійнасьць не неабмежаваная, бо мае традыцыйныя складнікі. Гэта тры асноўныя монатэістычныя рэлігіі Беларусі — хрысьціянства, юдаізм і іслам беларускіх татараў, якія былі прадстаўленыя ў кожным мястэчку. Там, дзе Беларусь праяўлялася, там заўсёды гэтыя тры складнікі былі. І гэта тканка, зь якой проста складаецца краіна.

І гэтая духоўная тканка, нягледзячы на тое, што былі зробленыя вялізарныя намаганьні, каб яна трансфармавалася ў штосьці іншае, каб гэтая тканка была вынішчаная, каб яна была выпетраная, яна ўсё адно захавалася. І гэта трэба было якраз падтрымліваць, а не зьнішчаць. І асабліва падтрымліваць тых, каму цяжка; тых, хто слабейшы; тых, каму больш дасталася. І гэтая рэлігійнасьць вельмі шчыльна зьнітаваная з этнічнасьцю. Гэта вельмі тонкія пытаньні, якія, як ня тое слова скажы — адразу зачэпіш такія струны ў чалавеку, што ён нават не падазраваў, што яны ў яго ёсьць. І сябра абернеш у ворага, альбо наадварот — ворага зробіш сябрам, калі правільна паставісься да ягонай рэлігіі».

Мала хто ведаў тады, што такое унія. Было расейскае праваслаўе, польскае каталіцтва, а беларуская унія заставалася таямніцай. Але таямніцай жаданай.

Ірына Дубянецкая: «А бацька якраз гэта ведаў, ён гэтым займаўся. І ён пра гэта казаў нават у 1988 годзе, калі сьвяткавалася 1000-годзьдзе хрысьціянства ў Беларусі. Тады ў беларускай япархіі была канфэрэнцыя, і ён у ёй удзельнічаў і казаў, што ў народзе жыве памяць пра унію. І калі яны выдавалі гэтыя дакумэнты, вельмі прасілі, каб ён зьняў гэтыя словы, бо гэта рабіла праваслаўная царква, а яна вельмі не хацела, каб такое гучала. Але памяць пра унію сапраўды была».

Ірына Дубянецкая стала першым выкладчыкам гісторыі рэлігіі ў савецкай Беларусі. Яна згадвае, што калі прынесла бацьку першы нумар выдадзенага ёю часопіса «Унія», ён сказаў, што гэта самы шчасьлівы дзень у ягоным жыцьці.

«Цяпер кожны змагаецца са сваім уласным страхам»


Аднак дочкам даводзіцца жыць не зусім у той дзяржаве, пра якую марыў іх бацька і якая, здавалася, была такой блізкай. Ірына Дубянецкая параўноўвае і аналізуе духоўны стан беларусаў на розных этапах змаганьня з сыстэмай.

Ірына Дубянецкая: «Чаго дамаглася гэтая дзяржава, і мне вельмі шкада, што яна гэтага дамаглася, — гэта пасеяла ў людзях страх. Па вялікім рахунку, ёсьць толькі два modus vivendi, два лады. Альбо страх, альбо свабода (ці любоў, Бог — бо гэта ўсё складнікі аднаго і таго ж). І процілегласьць ім — не нянавісьць, ня злосьць, ня хамства, а толькі страх. Таму што ўсе яны параджаюцца страхам».

Найбольш яскравай падзеяй змаганьня быў сакавік 2006 году. Ірына лічыць, што тады разбурыўся ледзяны панцыр страху. Таму і адным зь лёзунгаў тагачасных пратэстаў сталі словы: «Не баімся!»

Ірына Дубянецкая: «Тады я вельмі моцна параўноўвала гэтую прыгоду 2006 году з прыгодаю 1989 году — зь першым разгонам Дзядоў. Гэта была абсалютна іншая прыгода. Бо ў 1989 годзе была яднаючая сіла гэтага натоўпу, на якой бы мове людзі ні размаўлялі, — гэта была беларускасьць. Гэта была асноўная рухаючая сіла. Гэта было змаганьне за Беларусь. Гэтага зусім не было ў 2006 годзе. У 2006-м было змаганьне кожнага са сваім уласным страхам.

2010 год — гэта, канечне, працяг 2006-га. Гэта была падобная сытуацыя. І яна была ня нашая сытуацыя ад самага пачатку, цягам усяе выбарчае кампаніі, у якую мы ня верылі, хаця й цешыліся з магчымасьці кандыдатаў уплываць на сьвядомасьць людзей. Але калі пачало балець — 19 сьнежня і пасьля, — то забалела нам, і сытуацыя сталася нашаю».

Адзінае, чаго хацеў асабіста для сябе Міхал Дубянецкі, — яшчэ раз наведаць Пневы і той самы кляштар уршулянак шэрых. Падарожжа мелася адбыцца ў 1990 годзе, але сьмерць не дала яму ажыцьцявіцца. Міхал Дубянецкі рыхтаваўся да яго як да найважнейшага іспыту — у асобную тэчку зьбіраў самае каштоўнае, што ўдалося зрабіць за ўсё жыцьцё. Туды былі пакладзеныя вершы Галіны і першы нумар часопіса «Унія», які выйшаў у 1990 годзе пад рэдакцыяй Ірыны.

Дзень пахаваньня, 5.09.1990 г. Шыльду «Мартыралог Беларусі» нясе Анатоль Сыс.

Дзень пахаваньня, 5.09.1990 г. За сьцягам Леанід Дранько-Майсюк, з кветкамі Васіль Быкаў, з партрэтам Пётар Стэфановіч, справа Міхась Ткачоў.

І Ірына, і Галіна, сапраўдныя дочкі свайго бацькі, упэўненыя, што і гэтую сыстэму можна ачалавечыць, а ўрокі эзопавай мовы спатрэбіліся і ў іхным цяперашнім жыцьці.

«Калі дзейнічаць далікатна, хіба што такім шляхам»


«Канечне, можна. Адна з мэтаў чалавека — ачалавечваць тое, з чым сутыкаецца. Мой удзел у ачалавечвальным працэсе апошняга году — два праекты ў філярмоніі, да якіх я далучылася. Другім быў „Шлях на Грунвальд“. Першым — двухдзённы канцэрт, прысьвечаны Ўладзіміру Караткевічу, дзе я рабіла сцэнар. Па вялікім рахунку, гэта быў аповед пра стварэньне, разьвіцьцё, змаганьне, разбурэньне й новае стварэньне сусьвету, які завецца Беларусь, паводле вершаў Караткевіча. І гэта ўсё ішло на тле рэнэсанснага жывапісу: напрыклад, вершаванае й музычнае забойства Каліноўскага суправаджаецца карцінамі Хрыстовага ўкрыжаваньня. І там гучала і гэта:

„Край сагнуўся ў сьпіне,
Край баіцца размовы пра волю,
Край згубіў сваю мову
І матчынай песьні напеў…
Нельга верыць у Бога,
Калі ён такое дазволіў.
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сьцярпеў“.

Але гучалі таксама і словы надзеі, мужнасьці, любові…

Я паказвала гэты канцэрт пасьля ў Лёндане, і мне казалі, што такога ніколі яшчэ не было і што гэта трэба вазіць па сьвеце і паказваць, што такое Беларусь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG