Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Бачылі бацьку пераважна па тэлевізары"


Сяргей Слабчанка з дачкой Дар'яй на дэманстрацыі. Травень 1988 г. Архіў сям'і Слабчанкаў
Сяргей Слабчанка з дачкой Дар'яй на дэманстрацыі. Травень 1988 г. Архіў сям'і Слабчанкаў

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. Пад дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, ня проста подпісы — лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме "Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці" кожны чацьвер у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Сяргей Слабчанка быў адным з тых дэпутатаў, хто 25 жніўня 1991 году ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня галасаваў за незалежнасьць Беларусі. Ягоная дачка Дар'я Слабчанка ў апошнія тыдні займалася ня менш важнымі дзяржаўнымі справамі — каардынавала рух салідарнасьці са зьняволенымі "Анёл-ахоўнік", пакавала перадачы, стаяла ў чэргах, сустракала ўдзельнікаў Плошчы ля ізалятараў Менску і Жодзіна.

На пачатку дзевяностых мала хто ведаў, што зьяўленьню першых атрыбутаў новай дзяржавы грамадзяне Беларусі абавязаныя маладому дэпутату ад Беларускага народнага фронту Сяргею Слабчанку. Праз 20 гадоў жыцьцё шмат што паставіла на месцы. Гаворыць Сяргей Слабчанка:

"Апроч уласна таго, што галасаваў за незалежнасьць, я ганаруся яшчэ трыма важнымі для мяне асабіста справамі. Гэта мае дочкі, якія жывуць у Беларусі і працягваюць пачатую мною справу. Другое — гэта тое, што я напісаў закон аб забароне Камуністычнай партыі ў Беларусі, за які пасьпяхова прагаласавалі літаральна на наступны дзень. І трэцяе — тое, што я зрабіў першыя ў гісторыі Беларусі нацыянальныя грошы. І зрабіў менавіта тады, калі гэта было найбольш неабходна. Калі была вельмі складаная эканамічная сытуацыя і савецкі рубель фактычна забіваў нашую эканоміку".

Палітычная сытуацыя таго часу шмат у чым нагадвала цяперашнюю, але было і вельмі важнае адрозьненьне, якое дазваляла людзям цэлымі сем'ямі ўключацца ў барацьбу. Блізкія людзі сьвядома падзялялі абраны палітыкамі шлях — поруч зь Сяргеем Слабчанкам была ягоная жонка Наташа.

Наташа Слабчанка: "Добра памятаю, што на плошчы былі разгоны, забіралі людзей у міліцыю. Але самае цікавае, што не было абсалютна ніякага страху: што вось прыйдуць, забяруць. Не! Было жаданьне і поўная ўпэўненасьць ня рваць на сабе кашулю, а ўпэўненасьць, што я маю рацыю, усё атрымаецца і мы робім сапраўдную справу".

І дзьве дачкі — Дар'я і Ніка.

Дар'я Слабчанка на Плошчы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:42 0:00


Даша Слабчанка: "Я 84-га году нараджэньня, сястра 87-га —мы былі зусім маленькія. У мяне з тых часоў засталося проста адчуваньне атмасфэры. Бацька мяне браў часам з сабой на нейкія дэманстрацыі. Я магу ня памятаць фактаў, але я памятаю, што ўсе былі нейкія радасныя, і само адчуваньне, што нешта адбываецца".

Так праходзіла перадвыбарчая кампанія ў Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Справа — Натальля Слабчанка. Архіў сям'і Слабчанкаў

Для Нікі тыя гістарычныя гады выглядаюць так:

Ніка Слабчанка: "Унутрана я вельмі ганарылася, калі я хадзіла па вуліцах і на дзьвярах, на крамах, на ліхтарах віселі татавы ўлёткі, якія я сваімі ручкамі складала. Вядома, таму для мяне было вельмі важна, хто мой тата, хоць я тады не ўсьведамляла гэтага".

Сяргей Слабчанка з дачкой Дар'яй на дэманстрацыі. Травень 1988 г. Архіў сям'і Слабчанкаў

На дзейнасьць Вярхоўнага Савету 12 скліканьня можна глядзець з розных бакоў. Зянон Пазьняк апісвае гэты без перабольшваньня лёсавызначальны пэрыяд так:

"Пэрыяд барацьбы за незалежнасьць — гэта быў час уздыму, салідарнасьці і адказнасьці. Людзі ў Народным фронце самі рваліся да працы. Энтузіязм быў такі, што заставалася толькі накіроўваць — прасіць ня трэба было. Памятаю, у траўні 90-га году мы — дэпутаты Фронту — увайшлі першы раз у Авальную залю Вярхоўнага Савету, перапоўненую камуністамі. Іх сотні, а нас — дзясяткі. Думаем — што рабіць. Трэба было прыдумаць зброю і перамагчы. І прыдумалі, і перамаглі. Галоўнай нашай зброяй была тактыка, інтэлект і сьмеласьць. А што датычыць працы, то ўсе мы выкладаліся за дзесяцярых, а практычна і за ўвесь Вярхоўны Савет.

У жыцьці мне часта надаралася працаваць дзень і ноч на працягу доўгіх месяцаў, асабліва ў эміграцыі. Але Вярхоўны Савет і Фронт — гэта доўгія 5 гадоў працы, без выхадных, з шасьці раніцы да дваццаці чатырох. І ўсё было радасна, бо ажыцьцёўлены быў сэнс існаваньня — незалежнасьць. Незалежнасьць Беларусі. Мяркую, што многія з нас, дэпутатаў-фронтаўцаў, думаюць гэтаксама".

Але для жонак і дзяцей дэпутатаў такая праца азначала і адсутнасьць побач блізкага чалавека.

Наташа Слабчанка: "Я саджала дзяўчатак каля тэлевізара, яны яго ня бачылі. Ён не прыяжджаў зь Менску, тыднямі проста не прыяжджаў. Я іх усаджвала, яны былі маленькія. І яны глядзелі ўсе паседжаньні, бо была жывая трансьляцыя. Якраз на гэтай хвалі ў іх нешта і адклалася. Але час быў цудоўны. Я яго з удзячнасьцю згадваю".

А гэта высновы цяпер ужо дарослай Нікі Слабчанкі:

"Я выглядвала, дзе сядзіць тата, каб хаця б неяк зь ім пабачыцца. Таму для мяне, здаецца, палітыка стала на ўзровень не грамадзкі, не глябальнай сыстэмы, а гэта мае ўнутраныя перажываньні, бо я праз усё гэта камунікавала са сваім бацькам".

У той час Сяргей Слабчанка дзейнічаў у межах тактыкі Беларускага народнага фронту. Упершыню пра неабходнасьць увядзеньня беларускіх грошай — талера — летам 1990 году напісаў артыкул у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" Зянон Пазьняк.

Праект пастановы ВС аб стварэньні грашовай сыстэмы, напісаны Зянонам Пазьняком на абароце ўказу прэзыдэнта СССР М. Гарбачова. Арыгінал. 1991 год. З архіву С. Навумчыка.


Пра тое, якім быў шлях да пасады старшыні Дзяржзнаку, дзе і былі прыдуманыя грошы, якія людзі назвалі "зайчыкамі", Слабчанка распавядае так:

Сяргей Слабчанка:
"Гісторыя была вельмі цікавая. Мы сядзелі на адным з паседжаньняў Народнага фронту. І якраз Зянон Пазьняк пачаў гаварыць пра стварэньне незалежнай Беларусі. Я тады сказаў, што пакуль мы не стварылі атрыбуты незалежнай дзяржавы, ніякай дзяржавы быць ня можа. І Пазьняк кажа: "Ну, раз ты такі разумны, то ты гэтым і займіся". І я пачаў займацца якраз стварэньнем фінансавай сыстэмы незалежнай дзяржавы — гэта ўласныя грошы, маркі, пашпарты. Падрыхтаваў праект, які вынес на разгляд паседжаньня Народнага фронту. Яго ўхвалілі і сказалі: "Давай наўпрост Кебічу". Я кажу Пазьняку: "Як жа Кебічу, мы ж не супрацоўнічаем з гэтым урадам?!" А ён кажа: "Гэтая справа настолькі важная, што яе трэба рухаць цяпер". Я пайшоў да Кебіча, кажу: "Вось падрыхтавалі такі праект". Кебіч адказвае: "Добра, разгледзім". Праз пару тыдняў яшчэ прыходжу, а ён кажа: "У нас няма спэцыялістаў, ніхто не разьбіраецца ў гэтым, ніхто ня ведае, што рабіць. Ты вось пачаў гэта, ты вазьмі і зрабі". Ну, я ўзяў і зрабіў.

Працэдура была досыць простая. Пытаньне было вынесенае на паседжаньне Савету Міністраў. Я распрацаваў праграму. Савет Міністраў разгледзеў, ухваліў, сказаў — "наперад". Я стаў усё гэта дасьледаваць, урэшце мы падрыхтавалі ўсе эскізы. Самае цяжкое было вызначыць колькасьць наміналаў — колькі кожнай купюры надрукаваць, каб не стварыць мэханічную інфляцыю. Ну, няма тут нічога асаблівага — звычайны вытворчы працэс".

Пасяджэньне дэпутацкай апазыцыі БНФ, 1992 год. Фота С. Навумчыка.

Але гэты вытворчы працэс быў часткай прадуманых дзеяньняў апазыцыі.

Зянон Пазьняк: "Сяргей Слабчанка — дэпутат апазыцыі, які пайшоў працаваць у выканаўчую структуру па стварэньні беларускіх грошай. Гэтая справа была найгалоўнейшай задачай, нам патрэбен быў свой беларускі талер. Але напачатку мы хутка стварылі свае добра абароненыя часовыя грошы. Гэтыя часовыя грошы існуюць і цяпер. У іх стварэньні і ў іх якасьці закладзеная вялікая праца Сяргея Слабчанкі".

А для дыплямаванага эканаміста і эканамічнага экспэрта эўрапейскага дасьледчага цэнтру Дар'і Слабчанкі гэта былі першыя крокі палітычнай і прафэсійнай кар'еры:

Дар'я Слабчанка: "Я памятаю, што я была ў Доме ўраду. Там я бегала па калідорах, мела магчымасьць гуляць у "Прынца" — была такая кампутарная гульня. Потым мяне вадзілі на фабрыку, дзе друкаваліся беларускія грошы. Таксама вельмі добра памятаю гэтыя стосы беларускіх грошай".

Кажуць, што гісторыя ня любіць умоўнага ладу, але праз 20 гадоў шмат якія падзеі ацэньваюцца іх непасрэднымі ўдзельнікамі па-іншаму.

Сяргей Слабчанка: "Мы ў той час мелі сто працэнтаў энтузіязму і нуль працэнтаў досьведу. На ўласных памылках даводзілася ўсё дасьледаваць. Але праз 2—3 гады ўсё стала на свае месцы, і пад канец нашага скліканьня Вярхоўнага Савету ўсё магло б быць па-іншаму. Калі б хаця б Кебіч не настойваў на стварэньні інстытуту прэзыдэнцтва, бо яму вельмі хацелася быць прэзыдэнтам. Але ён прайграў, і вы ведаеце, што ў выніку атрымалася. Калі б ня гэта, усё было б па-іншаму".

Невядома, ці магло б усё быць па-іншаму для сям'і Сяргея Слабчанкі. Напэўна, не. І на кожным са Слабчанкаў адбіўся лёс краіны.

Улётка Сяргея Слабчанкі на выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня. 1995 г.


Наташа Слабчанка: "Мы пераехалі ў Менск, паўгода пражылі і разьвіталіся. Прычым разьвіталася я вельмі мірна і спакойна, без усялякіх прэтэнзій. З удзячнасьцю за тое жыцьцё, што ў нас было".

Дар'я Слабчанка: "У бацькі новая сям'я, там маленькія дзеці. І я вельмі за іх радая, што ў іхным жыцьці ён прысутнічае менавіта як бацька. Але гадавала і выхоўвала нас мама. Вельмі шмат з таго, што рабіў бацька, я ведаю не ад яго самога, а ўжо ад ягоных знаёмых, якіх я сустракала потым".

Дэпутацтва і чыноўніцкая кар'ера бацькі, па словах дачок Сяргея Слабчанкі, аніяк не адбіліся на іхным жыцьці:

Дар'я Слабчанка: "Мы ня мелі ніякіх прывілеяў. Адзінае, што ў нас былі нейкія цацкі з-за мяжы (бацька прывозіў). На тыя часы лялька Барбі — гэта супэркрута. Але ў пляне матэрыяльным гэта сапраўды, як і для ўсёй краіны, былі складаныя часы. Мы хадзілі ў звычайную школу побач з домам, і ніколі нас не вылучалі з-за таго, што мы чыесьці дзеці. Я вучылася ў 51 школе, зараз гэта 29 гімназія. Дарэчы, я там назірала за выбарамі ў гэтым годзе. У мяне не было ніводнага рэпэтытара, калі я паступала ва ўнівэрсытэт".

Эміграцыя бацькі ў Канаду на нейкі час перапыніла палітычнае жыцьцё беларускай часткі сям'і Слабчанкаў. Па словах Дар'і Слабчанкі, палітыка ў сям'ю вярнулася празь яе ў 2006 годзе. Цяпер Дар'я кіруе адукацыйнымі праектамі ў руху "За свабоду".

А Сяргей Слабчанка працягвае палітычную дзейнасьць ужо ў іншай краіне:

"Тое, што я раблю цяпер у Канадзе, падобна да таго, што я рабіў у Беларусі. Я віцэ-прэзыдэнт па выпрацоўцы палітыкі партыі. У нас тут у правінцыі ўжо 36 гадоў ва ўладзе адна кансэрватыўная партыя. Мы цяпер стварылі новую, і я спадзяюся, што яшчэ пару гадоў, і яна таксама прыйдзе да ўлады. Трошкі дэмакратыі хочацца дадаць і гэтай краіне".

Як цяпер ацэньвае зробленае бацькам Дар'я Слабчанка?

Дар'я Слабчанка :"Вельмі пазытыўна ацэньваю, вельмі ўдзячная ўсім тым людзям, бо яны для мяне сапраўды героі. Яны былі ў абсалютнай меншасьці ў тым Вярхоўным Савеце, але яны здолелі зрабіць проста велізарную працу. Таксама я думала шмат над тым, ці было добрым рашэньнем для майго бацькі зьехаць. Але, зь іншага боку, калі паглядзець на лёс тых людзей, зь якімі ён сябраваў, ягоных аднагодкаў, лёс іх вельмі сумны. Хтосьці, хто застаўся ва ўрадзе, іх ужо няма ў жывых. У яго быў добры сябра — бізнэсовец, яго таксама няма ў жывых".

Зьехала і Ніка Слабчанка, якая цяпер працуе дырэктарам мэблевага салёна ў Маскве. Але тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, пакуль не дае ёй спадзеваў на спакойнае жыцьцё:

Дар'я, Наташа і Ніка Слабчанкі. Чарнобыльскім шлях- 2008. Фота Антона Матолькі

Ніка Слабчанка: Вось гэтыя падзеі настолькі закранулі мяне асабіста, маё сэрца, маё дзяцінства, мае ўспаміны, маю сям'ю, маіх вельмі блізкіх сяброў. Я жыву цяпер у Маскве і там стараюся даносіць да людзей, што адбываюцца страшныя рэчы, што ў наш час ня могуць адбывацца такія жорсткасьці".

Можа, і нездарма пасярод усяго зробленага для Беларусі Сяргей Слабчанка паставіў на першае месца дзьвюх сваіх дачок.

Дар'я Слабчанка: "Я хачу зарабляць дастаткова, каб дапамагаць іншым. Мне вельмі падабаецца сфэра сацыяльная, таму што там, дзе ёсьць валянтэры, там заўсёды ёсьць нейкая мэта, ёсьць нейкае дабро. Вельмі падабаецца палітычная сфэра, але да той ступені, да якой яна яшчэ ня брудная, таму што для мяне заўсёды палітыка — гэта было нешта ўзьнёслае. Тое, што я бачыла ў гэтую выбарчую кампанію, мяне вельмі засмучала, таму я не працавала на аніводнага з кандыдатаў, а працавала на АБСЭ".

Дар'я Слабчанка са сваім хлопцам Зьмітром Жалезьнічэнка

"Мне вельмі падабаецца змагацца. Так, як я лічу правільным, бо тут кожны для сябе выбірае. Як у Касі Камоцкай — "асалода супрацьстаяньня". Гэта таксама вельмі важнае пачуцьцё, і хоць часам надыходзіць дэпрэсія, ёсьць адчуваньне, што мы робім усё правільна. Я вельмі ўдзячная маёй сям'і, што ніколі не было ў нас кампрамісаў з грамадзтвам. І ў савецкія часы, і ў часы Лукашэнкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG