Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Вітушка: Перакладзем песьню Рыбака і засьпяваем разам!


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – гісторык, настаўнік і журналіст зь Вільні Сяржук Вітушка.

У пару нацыянальна адраджэнскага руху ў Беларусі канца 1980 х – пачатку 1990 х ён быў адным з ініцыятараў стварэньня і кіраўніком нефармальнай моладзевай арганізацыі “Талака”. У 1991 годзе Вітушка перабраўся ў Літву – духоўна вяртаць у Беларусь Вільню. Удалося стварыць беларускамоўную школу, дзе выкладаў гісторыю. Працаваў, пакуль не расхварэўся. У якасьці пазаштатнага карэспандэнта працаваў пэўны час у электронных мэдыях, у газэце “Рунь”. Ад таго часу Сяргей Вітушка – сталы слухач Радыё Свабода.

Сёньня грамадзкі рэдактар разважае над альтэрнатыўнымі варыянтамі правядзеньня нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі масавых акцыяў.

– Я ўчора шкадаваў, што на любімым Радыё Свабода не хапае мне станоўчых эмоцыяў, вобразаў яркіх, цікавых – у якіх можна было б закахацца…

Журналісты могуць запярэчыць: ну дык што ж – якое жыцьцё, такія й перадачы, такія й героі!

Ну, тады, карыстаючыся высокай трыбунай “Свабоды”, я запытаюся ў нашых грамадзкіх дзеячоў: вы змагаецеся за ідэалы свабоды, дэмакратыі, за нацыянальную незалежнасьць, за росквіт беларускай культуры, так? Але ж усё гэта канчаецца аднолькава – арыштамі, адседкамі ў турме, паламанымі рэбрамі і парванымі сьцягамі... А грамадзе хочацца ўжо іншага, больш аптымістычнага дзеяньня і фіналу, які б выклікаў пазытыўнае зьдзіўленьне...

Напрыклад, нядаўна была спроба арганізаваць дэманстрацыю ў цэнтры Менску – такім чынам “Малады фронт” хацеў нагадаць пра зьнішчэньне беларускага сьцягу, Пагоні, пра пакрыўджаную беларускую мову. А скончылася ўсё чым? Ізноў вырывалі і рвалі беларускі сьцяг!

А чаму б у гэты дзень не сабрацца недзе далёка-далёка ад плошчы цэнтральнай – дзе-небудзь каля Вязынкі, каля Заслаўя, і запусьціць у неба лятаўцы – паветраныя зьмеі. З выявай Пагоні, беларускага сьцягу... Гэта, магчыма, прывабіла б шмат моладзі... А прыгожая карцінка, як у веснавым небе лунаюць нашыя сьцягі, запомнілася б на ўсё жыцьцё... Можна й такім чынам нагадаць пра той дзень у беларускай гісторыі, паказаць, што па-ранейшаму жывуць нашыя сымбалі.

Ці ўзяць таксама нядаўна наладжаную “Маладым фронтам” галадоўку. Я сам галадаваў. Але ж, даруйце, галадаваць трэба дзеля здароўя! А за свабоду і правы чалавека змагацца варта іншымі спосабамі!

Або можна было б ня проста крычаць, што зьнішчаецца беларуская мова... Ці ня лепей скарыстацца перамогай нашага нарвэскага земляка Сашы Рыбака ў конкурсе “Эўрабачаньня”?

Давайце ня проста яго павіншуем, а – пашлем пераклад на беларускую мову тэксту ягонай пераможнай песьні: можа, ён прыедзе ў Беларусь і здолее прасьпяваць яе па-беларуску! Ня ведаю, ці захоча, але – давайце зробім! Урэшце – самі засьпяваем гэтую песьню!

Так што заўсёды ёсьць спосаб ня плакаць, не шкадаваць, не крычаць, а з усьмешкай і з радасьцю рабіць нейкія крокі наперад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG