Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Вітушка: Тады многія дзякуючы войску сталі беларусамі


Эфір 15 студзеня.


Аляксей Знаткевіч: На хвалях “Начной Свабоды” прагучала песьня Сержука Сокалава-Воюша "Гімн ворагаў народа" для аднаго зь лідэраў беларускага дэмакратычнага руху моладзі напрыканцы 1980-х Сержука Вітушкі. Спадар Вітушка, тады, пры канцы 80-х гадоў, калі была напісаная гэтая песьня Сержука Сокалава-Воюша, вы адчувалі, што для большасьці людзей тое, што вы рабілі, было нечым варожым, а вы – у нечым, ворагамі народа?

Сяржук Вітушка: Не, мы адчувалі, што нашая дзейнасьць варожая толькі невялічкай купцы начальнікаў, якія заселі наверсе і не жадалі ніяк дапусьціць пераменаў. А мы наадварот адчувалі, што большасьць народу жадае гэтых пераменаў, і іронія ў гэтай песьні, што мы нібыта ворагі народу. Мы ніякія ня ворагі народу, мы сябры народу, мы самі частка народу. Гэта перавёртыш такі, але вось так шчыра сёньня ўжо ніхто не засьпявае. Тады Сяржук Сокалаў-Воюш на сцэне на Другім Вальным сойме сьпяваў гэтую песьню. Дзякуй вам за песьню.

Знаткевіч: Я вы лічыце сёньняшняя апазыцыя можа так сказаць: “Мы з народам, а супраць нас пузатыя ў кабінэтах”?

Вітушка: Думаю, што ёсьць сумненьні ў саміх лідэраў апазыцыі, што мы разам з народам. Нейкае ёсьць расчараваньне, што сёньня людзі заняліся толькі сваімі пэрсанальнымі справамі, неяк уладкоўваюцца асабіста, і неяк грамадзкімі справамі іх не зацікавіш, ужо не паднімеш іх на змаганьне, на мітынгі, разам ужо ня выйдуць на плошчы, за рукі не возьмуцца. Мне здаецца, што ёсьць такое расчараваньне, аднак трэба перачакаць, перацярпець гэты час.

Знаткевіч: Пры канцы 1980-х вы адчувалі грамадзкую падтрымку?

Вітушка: Так, безумоўна. Гэта быў залаты час. Людзі так доўга былі заціснутыя таталітарным, бальшавіцкім рэжымам, і ў той час было многа надзеяў, многа спадзяваньняў, што вось пераменіцца ўсё да лепшага жыцьця. Людзі шукалі гэтай інфармацыі, адну ўлётачку сапраўды перадавалі з рук у рукі. Званілі: "А ты чуў? А ты бачыў? А там тое надрукавалі..." Людзі выстрайваліся ў чаргу, купіць нейкую газэту, а не нейкі тавар -- кілбасу ці тэлевізар. Па газэты станавіліся ў чэргі.

Знаткевіч: А вы не ідэалізуеце крышку? Вітушка: Усё ж нехта можа сказаць, што большасьць людзей цікавіла чарга не па газэты, а, магчыма, чарга па нейкую кілбасу ці іншыя харчы дэфіцытныя?

Вітушка:
Не, тады, безумоўна, была ілюзія, што дэмакратычныя перамены прынясуць перш за ўсё матэрыяльны дабрабыт. Калі спадзяваліся на Амэрыку і Эўропу, то дэмакратыя дэмакратыяй, але думалі, што гэта такі аўтаматычны мосьцік, які прывядзе да матэрыяльнага дабрабыту.

Аляксей Знаткевіч
Знаткевіч:
Роўна дваццаць гадоў таму была створаная канфэдэрацыя беларускіх суполак. У канфэдэрацыю ўвайшлі моладзевыя клюбы, таварыствы, суполкі, якія ставілі мэтай нацыянальна-культурнае адраджэньне, дэмакратыю і сувэрэнітэт Беларусі. Другі Вальны Сойм беларускіх суполак, на якім стварылі канфэдэрацыю праходзіў у Вільні, бо ў Менску тады такое мерапрыемства было правесьці немагчыма. Цяпер, праз дваццаць гадоў, як вы ацэньваеце тую падзею, наколькі яна была важная для Беларусі?

Вітушка: Вельмі важная. Тады маладзёвыя суполкі і распачалі гэты актыўны грамадзкі рух, зь яго вырас і Беларускі Народны Фронт, і іншыя палітычныя партыі. І сёньняшнія дзяржаўныя арганізацыі, і тое ж Таварыства беларускай мовы, і многія культурныя суполкі, гэта ўсё вырастала з тых суполак. Дарэчы, некаторыя суполкі з тых часоў яшчэ захаваліся. Ведаю, што "Талака" ў Гомелі, і "Паходня" ў Горадні з тых часоў так і існуюць. Там ужо памяняліся пакаленьні. Цікава было б зрабіць перадачы пра гэтыя суполкі -- чаму яны захаваліся. Менская "Талака" не захавалася. Так што на той момант гэта падзея была вельмі важная. Важная была і для ўсіх суполак у Беларусі, і для віленскіх беларусаў. Бо я ведаю, што старэйшыя беларусы плакалі, ўбачыўшы беларускі сьцяг на вуліцах Вільні. Яны прыйшлі на гэтае паседжаньне. Спадар Анішчык, адзін са старэйшых беларусаў Вільні, выступаў са сцэны, так што была такая пераемнасьць паміж той Беларусьсю 20-30-х гадоў і тагачаснай Беларусьсю.

Знаткевіч: Наколькі цяжка было аб'яднаць розныя моладзевыя суполкі, ці не было нейкіх канфліктаў – палітычных і асабістых?

Вітушка: Не, вось тады гэтага абсалютна не было. Так хацелася сустракацца, нешта разам рабіць. Сустракаліся і рабілі. Адчувалі гэтую падтрымку, так што нейкіх канфліктаў ці канкурэнцыі не было.

Знаткевіч: Сочачы за тым што цяпер адбываецца ў Беларусі, як бы вы параўналі тагачасную сытуацыю ў моладзевым руху зь цяперашняй?

Гэта залаты ўзрост. Ужо дастаткова разумныя, яшчэ не абцяжараныя клопатам пра сям'ю, пра хваробы, поўныя сілаў. Толькі і рабіць
Вітушка:
Мне здаецца, што на сёньняшні дзень недастаткова гэты фактар улічваецца. Бачыце, маладым людзям заўсёды хочацца аб'яднацца. хочацца сустрэцца, разам пагаварыць. Гэта такі ўзрост, гэта было і будзе ва ўсе часы і ва ўсіх народаў. Гэта трэба ўлічваць. І калі старэйшых людзей, я згодны, сёньня цяжэй аб'яднаць, падняць на нейкія грамадзкія дзеяньні, то маладым людзям гэта заўсёды будзе лягчэй. І лідэрам апазыцыі на гэта трэба зьвяртаць увагу і нешта спэцыяльнае рабіць, каб падтрымаць маладзёвыя арганізацыі ў сваіх партыях і ствараць асобныя маладзёвыя клюбы. Хай яны аб'ядноўваюць моладзь і разам нешта робяць. Гэта залаты ўзрост. Ужо дастаткова разумныя, яшчэ не абцяжараныя клопатам пра сям'ю, пра хваробы, поўныя сілаў. Толькі і рабіць. На гэта трэба зьвяртаць больш увагі.

Знаткевіч: У нашым эфіры гучыць досьлед пра прызыў ў войска. Сярод іншага гэтая тэма пра тое, што многіх актывістаў моладзевай апазыцыі пасьля выключэньня з вну прызываюць у войска часам з парушэньнем працэдуры. У Вашыя часы ці была гэта праблема? Ці спрабавалі палітычны актыўных маладзёнаў ізаляваць праз войска?

Мы нейкія рэчы ўспрымалі, як успрымаеш напрыклад зіму. Можа, не падабаецца табе холад, але так ёсьць, а ты робіш сваю працу
Вітушка:
Не, такой вялікай праблемы не было. Проста многія рэаліі савецкага рэжыму мы ўспрымалі як дадзенасьць і аддавалі гэтаму даніну, а самі рабілі сваю працу. Усе мы былі ў камсамоле. Трэба было ісьці галасаваць, прыходзілі на выбарчыя ўчасткі і ставілі крыжык свой у бюлетэнь, дзе не было альтэрнатывы. Каму трэба было ісьці ў войска, ішлі. Я сам не служыў з прычыны хваробы, каму трэба было, ішлі ў войска, і там станавіліся многія хлопцы беларусамі, сутыкнуўшыся з патрыятызмам украінцаў, літоўцаў. Многія як раз дзякуючы войску сталі беларусамі. Мы нейкія рэчы ўспрымалі, як успрымаеш напрыклад зіму. Можа, не падабаецца табе холад, але так ёсьць, а ты робіш сваю працу. Хаця былі нейкія выпадкі, калі ствараўся БНФ, тады Вінцука Вячорку і Алеся Сушу тэрмінова прызвалі на вайсковыя зборы. Яны, праўда, з гэтых збораў, неяк улагодзіўшы начальства, здолелі выйсьці ў звальненьне і прыйшлі ў Дом кіно, дзе адбываўся Устаноўчы сход Народнага фронту ў сваёй вайсковай форме. І выклікалі посьпех, маўляў, і войска савецкае разам з намі, што ўвесь народ беларускі ўтварае Народны фронт.

Знаткевіч: 15 студзеня быў апублікаваны закон аб сацыяльнай абароне пацярпелых ад Чарнобылю і іншых радыяцыйных аварый. Чарнобыльскія ліквідатары, якія камэнтавалі гэты закон, казалі, што шмат у чым яго прынялі для таго, каб, па-першае, ўлагодзіць людзей, якія выступалі супраць будаўніцтва АЭС, і другое , каб тыя людзі, якія будуць працаваць на гэтай станцыі, таксама патэнцыйна патраплялі пад дзеяньне закону, каб заахвоціць людзей працаваць на гэтай будучай АЭС. Яе маюць будаваць на астравецкай пляцоўцы, што зусім недалёка ад мяжы з Літвой, дзе вы цяпер жывяце. Як Вы ўспрымаеце ідэю будаўніцтва АЭС?

Вітушка:
Я скажу, што няважна дзе яе зьбіраюцца будаваць -- ці на Астравеччыне ці ў іншым месцы. Я асабіста супраць будаўніцтва атамных станцый. Ня трэба лезьці туды, куды мы ня мае права лезьці, бо не добра вывучылі гэтую справу. Непатрэбна ў Беларусі гэтая атамная станцыя. Робяць прагнозы, што колькасьць насельніцтва ў Беларусі будзе ня большаць, а меншыць, прагназуюць да 7 мільёнаў, а то і менш. Старое насельніцтва, няма такой нараджальнасьці, якая была раней. Трэба проста думаць пра рэформы ў эканоміцы, каб было зьберажэньне гэтай энэргіі, каб былі сучасныя тэхналёгіі, якія не патрабуюць вялікіх тратаў энэргіі. Сюды трэба накіроўваць усе высілкі, ўсе і фізычныя і інтэлектуальныя сілы. Я лічу, што гэта пэрспэктыва вельмі далёкая, але ня сёньняшняя.

Знаткевіч: Вы крытыкуеце ідэю будаўніцтва АЭС у Беларусі, але ў той жа Літве, дзе Вы цяпер жывяце, там існавала доўгі час Ігналінская АЭС, яна працавала, і пасьля таго, як яна будзе зачынена, плянуецца будаваць яшчэ супольную польска-літоўскую новую АЭС -- агульны праект ЭЗ. Ці няма тут нейкай супярэчнасьці? Вы грамадзянін дэмакратычнай Літвы. Можаце паўплываць на прыняцьце рашэньня аб будаўніцтве новай станцыі?

Большасьць грамадзянаў Літвы, выбарнікаў, як раз не гарыць жаданьнем працягваць існаваньне гэтай электрастанцыі альбо будаваць новую. Людзі насьцярожана ставяцца да гэтага
Вітушка:
Прабачце, не я ж прымаў рашэньне пра будаўніцтва, дарэчы, на нашых землях, супольных з Літвой. На памежжы беларуска-літоўскім стаіць гэта АЭС, 30 кілямэтраў ад мяжы з Беларусьсю. Я быў і застаюся грамадзянінам Беларусі. Я супраць. Лічу, што і Літве не патрэбная новая атамная электрастанцыя. Няма тут ніякай прамысловасьці, і краіна жыве і выжывае нармальна. І традыцыйных больш простых спосабаў здабываньня электраэнэргіі было б дастаткова. Дарэчы, нядаўна быў рэфэрэндум у Літве з пытаньнем, каб працягнуць дзейнасьць існуючай АЭС. І гэты рэфэрэндум не адбыўся , бо большасьць людзей не прыйшла на гэты рэфэрэндум. Большасьць грамадзянаў Літвы, выбарнікаў, як раз не гарыць жаданьнем працягваць існаваньне гэтай электрастанцыі альбо будаваць новую. Людзі насьцярожана ставяцца да гэтага.

XS
SM
MD
LG