Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Вітушка: Музэй І.Луцкевіча – працоўнае месца на будучыню


Госьць “Начной Свабоды” – Сяржук Вітушка, гісторык, старшыня Рады грамадзкай арганізацыі “Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча”.



Юрась Бушлякоў: "На гэтым тыдні мінула ўжо 6 гадоў з часу, як дэпутаты літоўскага Сойму прынялі пастанову аб аднаўленьні дзейнасьці ў Вільні Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча. Але беларускі музэй як інстытуцыя, дзе выстаўлена даступная для ўсіх экспазыцыя, так дасюль у Вільні і не зьявіўся. Чаму?"


Сяржук Вітушка:
"Таму што тая пастанова – гэта была проста палітычная дэклярацыя. Камісія парлямэнту сустрэлася зь беларускімі гісторыкамі, грамадзкімі дзеячамі і выдала такую пастанову. Ведаеце, палітыкі часта абяцаюць народу ўсё, што хочаш – і заробкі падвысіць, і законы добрыя прыняць, а потым гэта забываецца. Спадар Раландас Павілёніс, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту, які ўзначальваў гэтую камісію і прымаў гэтую пастанову, ужо адышоў у лепшы сьвет, сьветлая яму памяць. Гэта ўсё засталося пустым гукам.

Калі гаварыць з прафэсіяналамі, прафэсійнымі музэйшчыкамі, дырэктарамі літоўскіх музэяў, усе яны скажуць адназначна, што не – дзяржаўны літоўскі музэй ствараць мы ня будзем, ніякіх экспанатаў туды перадаваць мы ня будзем, бо гэта ўсё таксама і наша. Кожны слуцкі пояс, кожную Скарынаўскую Біблію – усё гэта яны залічаюць у вялікую літоўскую гісторыю і знаходзяць вельмі просты аргумэнт: "Хай зь беларускіх музэяў, няхай зь Менску хоць што-небудзь перададуць. Частка экспанатаў са старога віленскага музэю імя Івана Луцкевіча трапіла і ў Менск. Менскія музэйшчыкі гавораць тое ж самае: "Мы нічога не аддамо, гэта беларускія скарбы, беларускія каштоўнасьці". І на гэтым дыялёг спыняецца. Таму стаіць задача ствараць новы музэй, чым мы і паспрабавалі займацца. Але гэта розныя ініцыятывы. Дзеля адраджэньня віленскага музэю розныя людзі спрабуюць ісьці рознымі шляхамі. Я прадстаўляю толькі адзін з кірункаў”.

Бушлякоў: “Мая калега Тацяна Поклад сёньня зьвязалася з старшынём Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведарам Нюнькам і задала яму такое самае пытаньне, якое я задаў цяпер Сержуку Вітушку. Хведар Нюнька сказаў, што сытуацыя з аднаўленьнем “Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча” выглядае на сёньняшні дзень “досыць сумна”, але існуе ўжо рэальная магчымасьць адкрыцьця ў наступным годзе іншага беларускага музэю ў Вільні – музэю Якуба Коласа”.

Калі шэсьць гадоў таму разглядалася гэтае пытаньне, яно было ўзьнесенае на вышэйшы ўзровень прэзыдэнта

Хведар Нюнька:
“Калі шэсьць гадоў таму разглядалася гэтае пытаньне, то яно было ўзьнесенае на вышэйшы ўзровень прэзыдэнта. Я паставіў пытаньне, і дараднік прэзыдэнта ў той час падтрымаў менавіта нашу пазыцыю, што трэба аднавіць гэты музэй Івана Луцкевіча. Але тут устае дырэктар літоўскага Этнаграфічнага музэю Біруце Кульніце і кажа: "Слухайце, аб чым вы гаворыце? Музэй Івана Луцкевіча ўжо створаны і зарэгістраваны”. Аказваецца, што знайшліся ініцыятары, якія вырашылі, што яны самастойна могуць зарэгістраваць і заснаваць гэты музэй, з чым я, вядома, абсалютна быў ня згодзен, бо гэта не пад сілу ніякай грамадзкай арганізацыі. Дараднік прэзыдэнта тады сказаў: "Калі так, дык вы тады павінны паміж сабой дамовіцца, паколькі гэтая самастойная арганізацыя "Музэй імя Івана Луцкевіча" не зьліквідавалася, і толькі тады, калі б гэтая арганізацыя ліквідавалася, мы маглі б нейкае пытаньне ўздымаць”.

Пытаньне на гэтым вырашылася, другое пытаньне, мабыць, беларускага музэю Якуба Коласа, якое таксама ініцыявала Таварыства беларускай культуры. І цяпер усё вырашаецца пасьпяхова. Калі гэта ўсё будзе вырашана, я думаю, будзе нагода даць паведамленьне для беларусаў усяго сьвету пра тое, што справа, якую пачынала Таварыства беларускай культуры і на працягу 20 гадоў змагалася, будзе завершана. На сёньняшні дзень у нас як быццам усё ідзе пасьпяхова. Хочацца верыць, што калі ўжо ня ў гэтым, то ў наступным годзе ўсё будзе вырашана”.


Бушлякоў:
“Са словаў старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі вынікае, што блізіцца адкрыцьцё ў Вільні музэю Якуба Коласа. Паводле Хведара Нюнькі, праблема ў тым, што за аднаўленьне дзейнасьці ў Вільні Беларускага музэю імя Луцкевіча ўзялася грамадзкая арганізацыя. Хведар Нюнька лічыць, што для аднаўленьня трэ было б болей супрацоўнічаць зь літоўскімі ўладамі. Сяржук, мо сапраўды тая грамадзкая арганізацыя “Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча” проста ня можа аднавіць музэю, мо патрэбныя іншыя шляхі?”

Вітушка: “Безумоўна, стварэньне вялікага музэю – гэта справа складаная, яна патрабуе вялікіх матэрыяльных сродкаў і навуковых высілкаў. І дзяржаве гэта рабіць лацьвей. Маем прыклад часьцей за ўсё вялікіх дзяржаўных музэяў, прыватных музэяў у нашым краі вельмі мала. У старой Эўропе такія музэі ёсьць і пасьпяхова дзейнічаюць. Для нас гэта вялікая рэдкасьць. Па ўсёй Беларусі я ведаю пра музэй Анатоля Белага, такі прыватны музэй, які больш-менш пасьпяхова дзейнічае. Але гэта адзінкавыя прыклады. Я думаю, што спадар Хведар тут памыляецца, калі лічыць, што наша грамадзкая арганізацыя стала перашкодай таму праекту.

Не было б нашай грамадзкай арганізацыі, усё роўна, паўтараю, знайшлося ў прафэсіяналаў-музэйшчыкаў сто аргумэнтаў, каб не аддаць ніводнай рэчы з музэю існуючага ў нейкі іншы музэй. Паглядзіце, колькі гадоў існавала камісія "Вяртаньне" ў Беларусі. На дзяржаўным узроўні там зьвярталіся, прасілі, патрабавалі. Хоць адну рэч арыгінальную вярнулі? Аніводнай. Толькі копіі, толькі муляжы. Толькі нават не абяцанкі, а перамовы бясконцыя, і на гэтым кропка. Напрыклад, Расея і Нямеччына спрачаюцца за музэйныя каштоўнасьці. Адны і другія патрабуюць: "Вярніце, вярніце".

Куды вы дзенеце тую ж Вострую браму? Вежу Гедыміна? Так сталася, што зь некаторымі рэчамі трэба зьмірыцца
Што-небудзь вярнулі? Анічога ніхто не вярнуў. Такая прырода музэйнай работы, і музэйшчыкі ня сёньня вынайшлі зусім іншы спосаб, як пераадолець гэтую праблему. Спосаб перасоўных выставаў. Напрыклад, палякі і літоўцы таксама адзін да аднаго мелі вялізныя прэтэнзіі адносна каштоўнасьцяў, і сёньня ўсе гэтыя праблемы лёгка вырашаюцца – арганізуюцца сумесныя выставы. Напрыклад, прайшлі выставы мастака Фэрдынанда Рушчыца, фатографа Яна Булгака, рэчы з музэяў Літвы і Польшчы сабраліся ў адно месца. Шыкоўныя выставы экспанаваліся ў Вільні, Варшаве і Кракаве. Такім чынам былі ўведзеныя ў навуковы ўжытак новыя факты, і гэтыя ўсе рэчы вярнуліся сваім гаспадарам, і навуковая і звычайная грамадзкасьць атрымала патрэбны прадукт. Так і тут – магла б адбывацца выстава, прысьвечаная стагодзьдзю "Нашай нівы”, беларускія і літоўскія музэі са сваіх збораў маглі б туды перадаць свае рэчы. Гэтая выстава магла б шыкоўна экспанавацца ў Вільні і ў Менску, потым гэтыя рэчы вярнуліся б на сваё месца, дзе яны цяпер захоўваюцца. І ўсё. А куды вы дзенеце тую ж Вострую браму? Вежу Гедыміна? Так сталася, што зь некаторымі рэчамі трэба зьмірыцца. Тое, што Вільня сёньня знаходзіцца ў складзе Літоўскай Рэспублікі, тое, што рэчы былога Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча раскіданыя ў такім і такім музэі ў Літве альбо ў Менску – гэта факт. Трэба ісьці далей, і трэба ствараць новыя музэі. Тое, што Таварыства беларускай культуры змагалася і абяцае адкрыць музэй Якуба Коласа, гэта выдатна. Гэта добрая навіна, за гэта гонар і слава тым людзям, якія гэтага даб'юцца”.

Бушлякоў: “Віленскі гістарычна-этнаграфічны музэй імя Івана Луцкевіча існаваў з 1921 да 1945 году. Заснаваны ён быў на базе прыватнай калекцыі этнографа і археоляга Івана Луцкевіча. А ствараў музэй і кіраваў яго дзейнасьцю да 1939 году Іванаў брат Антон Луцкевіч. Музэй меў 5 экспазыцыйных заляў, архіў і бібліятэку. Дзе цяпер бальшыня экспанатаў з таго музэю?”

Праблема ў тым, што няма каму рабіць. Я расхварэўся і не магу працягваць гэтую працу, наш праект замарожаны цяпер, больш у Вільні тут не знайшлося гісторыкаў. Гэта трагедыя. За часы незалежнасьці, адраджэньня ў Вільні, наскрозь прасякнутай гісторыяй, ніводнага чалавека не знайшлося, які б узяў сабе прафэсію "музэйшчык-гісторык"
Вітушка
: “Наколькі я высьвятляў, бальшыня экспанатаў у літоўскіх музэях – літоўскім Нацыянальным музэі, літоўскім Мастацкім музэі, бібліятэцы Акадэміі навук і Інстытуце літаратуры і фальклёру, але прафэсіяналы літоўскія сьцьвярджаюць адваротнае, што бальшыня экспанатаў была перададзеная ў Менск. Каталёгі старога музэю існуюць, проста трэба перавыдаць гэты каталёг і побач надрукаваць, дзе, у якім музэі кожны экспанат знаходзіцца. Гэта трэба рабіць, гэта можна і рэальна зрабіць. Але праблема ў тым, што няма каму рабіць. Я расхварэўся і не магу працягваць гэтую працу, наш праект замарожаны цяпер, больш у Вільні не знайшлося гісторыкаў. Гэта трагедыя.

За часы незалежнасьці, адраджэньня ў Вільні, наскрозь прасякнутай гісторыяй, ніводнага чалавека не знайшлося, які б узяў сабе прафэсію музэйшчыка-гісторыка, і таму няма каму гэтым займацца. Ёсьць людзі ў Беларусі, скажам, Міхась Казлоўскі, вялікі знаўца Вільні, ён многа публікацыяў падрыхтаваў вельмі якасных, Алена Глагоўская ў Гданьску, але ў Вільні такіх людзей не знайшлося. Калі чуюць мяне маладыя людзі, студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і катэдры беларусістыкі, калі ласка, дзялянка музэйная вас чакае. Тут шмат цікавых адкрыцьцяў вас чакае. Можна стварыць шыкоўнае працоўнае месца на будучыню”.



Імёны Свабоды: Іван Луцкевіч

Яго называюць адным з бацькоў нашага Адраджэньня, якое прывяло да стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.У юначыя гады на яго, сына каліноўца, паўплывалі творы Францішка Багушэвіча і бацькавага знаёмага — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — таксама ўдзельнікаў паўстаньня 1863-га. Яшчэ падчас навучаньня ў Менскай клясычнай гімназіі Іван разам з малодшым братам Антонам заснаваў гурток, сябры якога былі захопленыя ідэяй нацыянальнай ды сацыяльнай справядлівасьці....

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG