Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 фактаў пра Плошчу-2006, якія вы маглі ня ведаць


Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу выйшлі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў, а на наступны дзень у цэнтры Менску паўстала намётавае мястэчка. Пасьля быў начны штурм і разгон шэсьця 25-га сакавіка.

Свабода сабрала 11 фактаў пра гістарычныя пратэсты вясны 2006-га.

Ад 25-ці год да сьмяротнага пакараньня

Напярэдадні пратэстнай акцыі тагачасны старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка паведаміў пра тое, што апазыцыя рыхтуецца да «сілавой акцыі з выбухамі і падпаламі» і дзеяньні тых, хто выйдзе на плошчу будуць разглядацца як «тэрарызм». Агучана была і адказнасьць — да 25-ці год.

Тады ж улады паведамілі пра баевікоў, якіх рыхтавалі за мяжой і якія павінны былі атруціць жыхароў Менску з дапамогай пацукоў.

Гэтыя словы былі самыя запамінальнымі з вуснаў Сухарэнкі за ўсю яго кар’еру ў спэцслужбах.

Плошчу плянавалі ў Парку Горкага

Спрагназаваць, як будуць паводзіць сябе ўлады ў дзень галасаваньня, было цяжка — тое, што людзям далі сабрацца і на Кастрычніцкай не было спэцназу, стала нечаканасьцю для многіх, у тым ліку для выбарчых штабоў кандыдатаў.

Са словаў Аляксандра Мілінкевіча, яго штаб рыхтаваўся да намётавага мястэчка ў парку Горкага 19-га сакавіка. Іншы кандыдат Аляксандар Казулін заклікаў прайсьці шэсьцем да плошчы Перамогі і ўскласьці кветкі. Намёты паставілі на наступны дзень і незалежна ад выбарчых штабоў Мілінкевіча і Казуліна.

Сьнег ня быў штучны

19 сакавіка ў раёне Кастрычніцкай была моцная завіруха. Такога сьнегу ня памяталі многія карэнныя менчукі, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Дагэтуль многія лічаць, што сьнегам «стралялі» адмысловыя гарматы.

Але гэта ўсё ж міт — Вінцук Вячорка кажа пра такое ж надвор’е і ў раёне ізалятара на завулку Акрэсьціна — палітык разам зь іншымі быў прэвэнтыўна арыштаваны перад акцыяй.

Хто паставіў першы намёт?

Яшчэ колькі месяцаў у апазыцыйным асяродку вяліся спрэчкі аб асобе, якая ўсталявала першы намёт. Калі запытаць удзельнікаў тых падзей, можна пачуць некалькі вэрсіяў — дзяўчыны з «Вольнай моладзі», Тацяна Елавая (яна пасьля заснавала рух супраціву «Бунт»), латышы ці эстонцы, Алесь Мазур з паплечнікамі ці Дзяніс Дзянісаў. Пра апошняга так напісала «Наша Ніва», праўда ў інтэрвію зь ім жа. І гэта зноў выклікала спрэчкі ў камэнтарах.

Падобная сытуацыя і зь іншым знакамітым пэрсанажам Плошчу-2006: маладзёнам, які ўскочыў з бел-чырвона-белым сьцягам на «сотку» і праехаў такім чынам уздоўж Кастрычніцкай — яго імя дагэтуль невядомае.

Куды яны хадзілі ў прыбіральню?

Пра тое, што ў намётавым мястэчку кепскія санітарныя ўмовы, безь перапынку паведамляла беларускае тэлебачаньне. Выказаўся нават Лукашэнка, сказаўшы, што многія дэманстранты самі папрасіліся ў турму і былі «удзячныя міліцыя», бо ўмовы ў мястэчку былі настолькі кепскія.

Трэба прызнаць, што каб так было сапраўды, міліцыя прыклала шмат намаганьняў — перадаць біяпрыбіральню у мястэчка, ачэпленае амапаўцамі было ня проста, некалькі спробаў праваліліся, а людзей арыштоўвалі і зьбівалі. Але ў выніку прыбіральня ў намётавым мястэчку зьявілася і разьмясьцілася роўна над каналізацыйным люкам. Праўда, чэргі ў прыбіральню былі вялікія і многія пратэстоўцы хадзілі ў прылеглыя да Кастрычніцкай кавярні і Макдональдз. Такія вылазкі не заўжды сканчваліся бясьпечна — амапаўцы часта арыштоўвалі людзей, якія выходзілі з Плошчы.

Плошчу Каліноўскага прыдумалі Сіўчык і Арлоў

Кастрычніцкую плошчу ўдзельнікі пратэсту перайменавалі ў Каліноўскага, адпаведны транспарант зьявіўся ў намётавым мястэчку. Прапанавалі гэта пісьменьнік Уладзімір Арлоў і палітык Вячаслаў Сіўчык.

А NRM засьпяваў на Плошчы прыпеў сваёй новай песьні — «Хай варожыць гадзючнік варожы, усё роўна мы перажожам»

Ахова, камэнданты і салідарнасьць

Патрапіць у намётавае мястэчка было няпроста. Існаваў «уваход» у выглядзе некалькіх вартаўнікоў, нехта «знутры» павінен быў ведаць чалавека, які спрабуе ўвайсьці.

Намётавае мястэчка мела сваіх кіраўнікоў, яны называліся камэнданты. Нягледзячы на спантанны выгляд пратэсту, пэўная арганізацыя прысутнічала — многія моладзевыя арганізацыі мэтанакіравана працавалі на Плошчу, а падчас яе дастаўлялі новыя намёты, ежу ды вопратку. Хоць усё гэта несьлі і простыя людзі — дзесяткі бабулек прыносілі хатнюю ежу ды швэдры, бізнэсоўцы давалі грошы і дастаўлялі ежу з рэстаранаў. Дарэчы, адным зь вялікіх страхаў удзельнікаў намётавага мястэчка — што нехта з гэтых бабулек прынясе піражкі са слабіцельным. Гэта з улікам чэргаў у прыбіральню. Але гэтага не адбылося.

Новыя аўтазакі для Плошчы

Звыклыя для вока беларуса зялёныя «каробачкі»-аўтазакі ўпершыню былі задзейнічаны падчас разгонў ў ноч з 23-га на 24-га сакавіка. Чорная амапаўская форма, каваныя боты і пальчаткі-кастэты таксама зьявіліся менавіта тады.

Аўтазак
Аўтазак

На Плошчы арыштавалі больш за 400 чалавек, сотні сядзелі да выбараў, а падчас намётавага мястэчка за кратамі апыналіся дзесяткі чалавек. Судзілі дэманстрантаў ва ўсіх менскіх судах, на разгляд адной справы адводзілася 10-15 хвілінаў. У сталічных ізалятарах не хапала месцаў, частку людзей адправілі сядзець у Жодзіна.

25-га сакавіка кідалі шумавыя гранаты

Шэсьце, якое ўзначаліў Аляксандар Казулін жорстка разагналі байцы спэцназу з часткі 3214, супраць пратэстоўцаў ужывалі шумавыя і дымавыя гранаты. Наогул, такая жорсткая рэакцыя ўладаў — страх перад рэвалюцыямі, якія адбываліся побач. У 2006-м людзі думалі пра Майдан, рэвалюцыі ў Бялградзе і Тбілісі. А па ўсёй краіне былі разьлепленыя налепкі «Сеньня Украіна — заўтра Беларусь»

І хоць непасрэдна за ўдзел у Плошчы не было заведзена крымінальных справаў, адразу пасьля выбараў улады моцна ўдарылі па моладзевых арганізацыях, завёўшы дзесяткі крымінальных справаў па артыкуле «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»

Зьнікненьне Лукашэнкі

На такі тэрмін ён ніколі не зьнікаў. Па ТБ яго паказалі празь некалькі дзён пасьля выбараў, а наступны раз толькі 8-га красавіка, падчас інаўгурацыі.

Яе, дарэчы, на восем дзён перанесьлі.

Дух Плошчы

Плошча стала апошнім акордам для вядомай у 2000-х арганізацыі «ЗУБР», зьніклі і некалькі іншых ініцыятываў, актыўных падчас тых выбараў.

Тым ня менш, разгоны, пасадкі і крымінальныя справы не спрычыніліся да заняпаду настрояў — Мілінкевіч ствараў свой «Рух», тысячы маладых людзей насілі значкі з чырвонымі крыламі «За Свабоду», у красавіку адбыўся шматтысячны Чарнобыльскі шлях. Пра Плошчу здымалі фільмы, пісалі кніжкі і апавядалі легенды. Намётавае мястэчка ўспрымалася як перамога альбо прынамсі яе пачатак.

Спампаваць кнігу Бібліятэкі Свабоды пра падзеі 2006 году «Плошча. 19.03—25.03.2006» можна тут

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG