Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошча 2006. Чаму не адбылася народная рэвалюцыя?


Каліноўскі: 10 год таму ў Менску адбылася адна з самых масавых і доўгатрывалых акцыяў пратэсту за гісторыю Беларусі — мітынг на Кастрычніцкай плошчы супраць несумленных прэзыдэнцкіх выбараў.
Каля 50 тысяч чалавек на заклік апазыцыйных кандыдатаў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна выйшла на пратэст у Менску 19 сакавіка 2006 года.

На наступны дзень на Кастрычніцкай плошчы ўзьнік намётавы гарадок і да 3-х гадзін ночы 24 сакавіка людзі пратэставалі, патрабавалі новых выбараў, не прызнавалі мінулую кампанію сумленнай. Улады запалохвалі, чынілі правакацыі, не дазвалялі перадаваць на плошчу ежу і гарачую гарбату, зачынілі туалеты і ўрэшце брутальна арыштавалі ўсіх, хто заставаўся на Плошчы 24 сакавіка ноччу — гэта каля 500 чалавек. 25 сакавіка на Дзень Волі быў працяг пратэсту — пасьля мітынгу людзі пайшлі да турмы на Акрэсьціна, па дарозе адбыўся разгон, былі стрэлы, былі параненыя, новыя арышты. Турмы ў Менску і ваколіцах былі перапоўненыя. Судовы канвэер не спраўляўся. Нешта падобнае Беларусь перажыла яшчэ ў 2010 годзе.

народная мірная рэвалюцыя магчымая і ў Беларусі, можа не так хутка, але яна магчымая

Чаго хацелі людзі ў 2006 годзе? Яны хацелі зьмены ўлады, адстаўкі Лукашэнкі, яны выйшлі на мірную дэманстрацыю, пры тым што шанцаў на посьпех было мала, людзі гэта разумелі. Я сёньня гартаў фатаграфіі з Плошчы, згадаў усё тое, што тады сам перажыў на Плошчы, працуючы ўсе ночы журналістам Свабоды: рашучасьць, салідарнасьць, боль і горыч. Людзі хацелі народнай рэвалюцыі, яны былі натхнёныя Кіеўскім Майданам — Аранжавай рэвалюцыяй. Але тое, што ўдалося ў Кіеве ў 2004 годзе, не атрымалася ў Менску. Прычын шмат, пра гэта ўжо напісаныя кнігі. У тым ліку кніга бібліятэкі РС «Плошча». Але калі не адбылася народная рэвалюцыя ў 2006 і 2010-м, то ці магчымая яна пазьней, у агляднай будучыні? Адзін зь лідэраў Плошчы Аляксандар Мілінкевіч у вялікім інтэрвію Свабодзе з нагоды гадавіны тых падзей зазначыў, што народная рэвалюцыя ў Беларусі пакуль што немагчымая.

Мая думка, што народная мірная рэвалюцыя магчымая і ў Беларусі, можа не так хутка, але яна магчымая, калі будуць адпаведныя перадумовы, магчымая адстаўка прэзыдэнта і новыя свабодныя выбары — гісторыя не дае шанцаў дыктатуры. Адно што гэты пераход будзе цяжкі ва ўмовах кантролю Крамля за Беларусьсю і можа быць фатальным, як адбылося з Крымам. Лёс Беларусі залежыць ня толькі ад беларусаў, але і ад геапалітычных рэаліяў, якія мы павінны ўлічваць.

Максімюк: Сёньня на нашым сайце апублікаванае вялікае інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам, да якога вялікая частка грамадзтва мае прэтэнзіі, што ён у Плошчы ўдзельнічаў, але не так як трэба. Я пагаджаюся з ягоным тэзісам, што беларускае грамадзтва не гатовае да такой мірнай рэвалюцыі — ні тады ў 2006-м, ні тым больш цяпер. Мілінкевіч рабіў акцэнт на тое, што няма еднасьці ў апазыцыі. Тады такой еднасьці не было, хоць ён лічыўся адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай грамадзкасьці. Але зьявіўся і Казулін, было такое двоеўладзьдзе на Плошчы. Але гэта ня так істотна. Ясная справа, што апазыцыя і тады, і цяпер слабая, яна не мае моцнай падтрымкі.

тут патэнцыял быў непараўнальна меншы, і таму ўладам справіцца было вельмі проста

Рэч аднак у тым, што, каб мірная рэвалюцыя адбылася, як паказаў прыклад першага Майдану ў Кіеве ці пратэстаў у Сэрбіі, якія прывялі да скіданьня Мілошавіча, удзел мусіць быць масавы. А некалькі дзясяткаў тысяч людзей — гэта замала, каб правесьці такую рэвалюцыю. Павінны ўдзельнічаць некалькі сотняў тысяч, як гэта было ў Кіеве — ці нават больш за паўмільёна. Па-другое, такія пратэсты павінны лічыцца з тым, што яны могуць даць вынік толькі пасьля працяглага часу. Помнім, колькі стаяў Майдан у Кіеве, помнім тыдні пратэсту, калі на вуліцы Бялграду выходзілі сотні тысяч людзей. А тут патэнцыял быў непараўнальна меншы, і таму ўладам справіцца было вельмі проста — можна было ў горадзе ізаляваць пратэстоўцаў ад рэшты жыхароў, перакрыць данос ежы, і без праблемаў ліквідаваць намётавае мястэчка.

Дубавец: Я не зусім пагаджуся з тым, што апазыцыя была слабая тады, як і цяпер. Я б казаў ня столькі пра апазыцыю, як арганізаваную структуру, як пра матывацыю ў грамадзтве. Дык вось тады на Плошчы была моцная як ніколі матывацыя людзей. Нашмат мацнейшая, чым гэта было ў 2010-м годзе, сёньня гэтай матывацыі наогул не назіраецца. Самае галоўнае было замацавацца на гэтай Плошчы, і тады з матывацыяй, энэргіяй пратэсту колькасьць гэтых людзей, я перакананы, вельмі хутка дасягнула б некалькіх сотняў тысяч. Рэч у тым, што ў той акцыі прасочваюцца некалькі момантаў актыўнай працы ўладаў супраць яе. Апазыцыя выйшла на выбары з адзіным кандыдатам, які раптам раздвоіўся — ужо была страчаная энэргетыка адзінства.

І ўжо ў 2010-м годзе мы назіралі зусім слабую матывацыю і хаатычныя рухі, незразумелыя. А на апошніх выбарах ад пратэстнай матывацыі грамадзтва не засталося нічога.

Другое — апазыцыя не засталася на Плошчы, а пайшла кудысьці кветкі ўскладаць, хоць пяцьдзесят тысяч — гэта поўны пляц, Кастрычніцкая плошча, гэта вельмі моцна ўзьдзейнічала і на людзей, якія назіралі збоку і гатовыя былі далучыцца. І моцна ўзьдзейнічала на ўлады — мы памятаем сьнегамёты, якія ўчынялі віхор на плошчы, улада моцна нэрвавалася, што гэты натоўп застаўся. Калі б перайшлі праспэкт, калі б замацаваліся ў Аляксандраўскім сквэры — адтуль ужо вытурыць людзей, гэтую аграмадную масу было б ніяк немагчыма. І тады можна было б пастаяць на Плошчы ноч, можа некалькі дзён, і такім чынам мог узьнікнуць беларускі Майдан і быць прэцэдэнтам народнай рэвалюцыі ў Беларусі. Але паколькі чыста ўнутранымі мэханізмамі, ня воляй людзей, гэта было рассмактана і людзі былі зьведзеныя з Плошчы, то гэтая матывацыя пачала зьнікаць, пакуль яна ня зьнікла канчаткова.

І ўжо ў 2010-м годзе мы назіралі зусім слабую матывацыю і хаатычныя рухі, незразумелыя. А на апошніх выбарах ад пратэстнай матывацыі грамадзтва не засталося нічога.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG