Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Я галоўны апанэнт улады. Гэта ацэнка Лукашэнкі


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» палітык, былы палітвязень Мікола Статкевіч задаецца пытаньнем, чым займалася апазыцыя апошнія 5 гадоў, тлумачыць, да чаго павінны прывесьці вулічныя акцыі, і хто сярод палітычных лідэраў тарпэдуе ідэю правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

«Вулічны пратэст уваходзіць у масавую сьвядомасьць як нешта натуральнае»

Цыганкоў: Калі вы выйшлі на волю, то з іроніяй казалі пра свае «15 хвілінаў славы» — некалькі тыдняў, калі ўвага будзе прыцягнутая да вас. Вы тады давалі першасныя ацэнкі грамадзкім настроям у Беларусі. Цяпер, праз паўгода, ці лічыце вы, што тыя ацэнкі былі адпаведныя і дакладныя? Ці нешта зьмянілася ў вашым разуменьні таго, у якім стане зараз грамадзкая думка і настроі людзей?

Статкевіч: Я лічу, што тыя ацэнкі былі дакладныя. Але зараз грамадзтва зьмянілася, бо расьце сацыяльная напружанасьць і пачуцьцё тупіку, у які Лукашэнка завёў краіну. Людзі пачынаюць разумець, што пры гэтай уладзе лепш ужо ня будзе. Разам з тым пачало мяняцца і само грамадзтва — і ў гэтым ёсьць частка і маёй працы.

Я скарыстаў свае некалькі месяцаў увагі, каб разварушыць грамадзтва, пашырыць прастору свабоды. Праз 5 гадоў зноў у цэнтры Менску пачалі адбывацца мітынгі апазыцыі. Я свой капітал, які непазьбежна будзе разбурацца (натуральна ці кімсьці сьвядома) проста выкарыстаў для таго, каб вярнуць беларусам права на пратэст. Далей гэты працэс ужо набыў дынаміку — цяпер розныя сацыяльныя групы выходзіць пратэставаць.

Улада сама загнала сябе ў такую сытуацыю, што дазволіць акцыю яна амаль ня можа — таму сутыкаецца з несанкцыянаванымі, на якія жорстка рэагаваць яны сёньня ня могуць. Грамадзтва мяняецца, і ў гэтым я бачу і плён сваёй працы.

Цыганкоў: Але колькасьць удзельнікаў гэтых акцыяў пакуль не нарастае. Не ўдаецца стварыць эфэкту сьнежнага камяка, калі колькасьць будзе павялічвацца. Чаму гэтага пакуль не адбываецца?

Статкевіч: Я не разьлічваў на «сьнежны камяк» зараз, я ня ставіў такой задачы. Была задача — вярнуць вулічны пратэст у палітычны парадак дня Беларусі. Масавымі акцыі могуць зрабіцца тады, калі ў людзей зьявяцца надзеі. Пакуль альбо выходзяць ідэалісты (за ідэю), альбо пэўныя сацыяльныя групы, якія спрабуюць вырашыць свае праблемы. Галоўнае — вулічны пратэст уваходзіць у масавую сьвядомасьць як нешта натуральнае. Але час яшчэ не прысьпеў, у нас яшчэ ёсьць куды падаць. Мы напярэдадні драматычных падзеяў, бо сацыяльная напружанасьць будзе расьці.

«Разгонаў і пасадак яны ўжо ня могуць сабе дазволіць — улада паказвае пэўную слабасьць»

Цыганкоў: Надзея зьяўляецца ў людзей, калі яны бачаць, што ўлада пачала хістацца. Пакуль улада, як здаецца, стаіць жалезабэтонна. Ці ня так?

Статкевіч: Ужо няма такога адчуваньня. Памятаеце, пасьля так званых выбараў, калі яны вымушаныя былі «цярпець», — Лукашэнка заявіў: усё, «дэмакратыя» скончылася. Але грамадзтва сказала — не. Безумоўна, ёсьць гэтыя штрафы, вось мне чарговая паперка прыйшла на штраф, у суд. Але разгонаў і пасадак яны ўжо ня могуць сабе дазволіць — улада паказвае пэўную слабасьць.

Цыганкоў: Вы зараз знайшлі агульную мову з Анатолем Шумчанкам, разам зь ім падалі заяўку на правядзеньне шэсьця. І гэта для многіх было даволі дзіўна, бо Шумчанка звычайна ўнікае апазыцыйных палітыкаў. Чым вам удалося яго прывабіць?

Статкевіч: Я з Анатолем знаёмы вельмі даўно. І ў сваіх стасунках з індывідуальнымі прадпрымальнікамі ніколі не засьведчыў сябе як чалавек, які хоча ад іх нешта атрымаць. Апроч таго, саміх прадпрымальнікаў падманулі: паабяцалі ім вырашыць іхнія праблемы, але ўзамен каб яны адклікалі заяўку. І пасьля гэтага яны зьвярнуліся да, мабыць, галоўнага апанэнта ўлады.

І я не магу застацца ўбаку, калі стаіць пытаньне пра лёс сотняў тысяч людзей, якім трэба карміць свае сем’і. Гэта таксама праблема для мільёнаў людзей, якія хочуць купляць якаснае і таннае, а ўлада заганяе іх купляць дарагое і кепскае.

Чым займалася ўся апазыцыя 5 гадоў?

Цыганкоў: Вось вы зараз сказалі пра сябе — «мабыць, галоўнага апанэнта ўлады». Наколькі гэтую ацэнку падзяляюць іншыя апазыцыйныя лідэры? Наколькі сёньня ёсьць паразуменьне з вамі на асабістым узроўні у іншых дэмакратычных палітыкаў?

Статкевіч: Гэта не мая асабістая ацэнка. Гэта ацэнка Лукашэнкі яшчэ ў 2011 годзе. Ён прыехаў у Шклоў, меў там сустрэчы з кіраўніцтвам калёніі і ставіў там задачы асабіста па мне. І тады сказаў — усіх выпушчу, але гэты вораг дзяржавы нумар 1 будзе сядзець. І я думаю, што гэтая ацэнка не памянялася, — гэта відаць па выніках.

5 гадоў у Беларусі не было ніводнага мітынгу. Жанчыны — дзякуй ім — выходзілі каля касьцёла памаліцца. Але гэта ўсё. Гэта што такое? Калі казаць шчыра — чым займалася ўся апазыцыя?

Мужчынам уласьцівыя амбіцыі і завышаныя ацэнкі — ад гэтага нікуды не падзецца, і вельмі часам цяжка паразумецца. Таму я падтрымаў ідэю правядзеньня кангрэсу дэмакратычных сілаў. Я ні ў якай ступені не хачу, каб гэты кангрэс выбіраў нейкага галоўнага апанэнта Лукашэнкі. Аб’яднаньне патрэбнае, гэта відавочна ўсім, любому простаму чалавеку. Гэта першы крок, ён быў ва ўсіх краінаў сьвету, дзе змагаліся з дыктатурай. Ён унівэрсальны.

Я не разумею, чаму правацэнтрысцкі блёк ухіляецца на сёньня ад аб’яднаньня.

Цыганкоў: Калі вы ўжо пачалі гаварыць пра Кангрэс, — то ці можаце вы шчыра сказаць, што на сёньня тарпедуе гэтую ідэю?

Статкевіч: Па сутнасьці мы дагэтуль ня маем яснай пазыцыі БНФ. Яны запрасілі на сойм, вылучылі свае патрабаваньні, мы іх падтрымалі. Але зараз я ня бачу ніякай рэакцыі з таго боку.

Ну і правацэнтрысцкая кааліцыя. Там усе кажуць пра кансэнсус, спасылаюцца адзін на другога — але ў асноўным паказваюць на Анатоля Лябедзьку, нібыта менавіта ён супраціўляецца ідэі кангрэсу.

Кангрэс адбудзецца ў любым выпадку. Бо ў рэгіёнах падтрымка ягоная відавочная, людзі разумеюць неабходнасьць ягонага правядзеньня.

Цыганкоў: Пакуль улада вельмі актыўна сябе стрымлівае — відавочна, не таму, што яна раптам стала вэгетарыянскай, і з-за зьнешняга чыньніку. Колькі яна яшчэ будзе цярпець «разгул дэмакратыі»?

Статкевіч: Улада сапраўды стрымлівае сябе, але машына падаўленьня, створаная ёй, нікуды не падзелася. Зараз у іх там фрустрацыя, замест каманды «фас» гучыць каманда «фу» — яны не разумеюць, у чым справа, яны зьбянтэжаныя. Але яны нікуды не падзеліся, яны ёсьць і гатовыя да дзеяньня.

Сапраўды, тут важны зьнешні чыньнік. Але ня толькі грошы, але і неабходнасьць палітычнай падтрымкі Эўропы перад тварам расейскай пагрозы, якая расьце.

Наколькі доўга гэта будзе стрымліваць? Калі зразумеюць, што Эўропа гатовая саступаць далей — то гэта можа спыніцца. Калі гэтыя пратэсты выльюцца ў сапраўдную, рэальную пагрозу існаваньня рэжыму, то рэжым паспрабуе ўжыць сілу. Я кажу «паспрабуе», бо працэсы, якія адбываюцца ў грамадзтве, закранаюць і сілавыя структуры. Гэта такія ж нашы грамадзяне, якія плацяць за камунальныя паслугі, ходзяць у крамы.

Пакуль жа ўлады сябе стрымліваюць — для таго, каб на фоне расейскай пагрозы захоўваць нейкае паразуменьне з Эўропай.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG