Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паротнікаў: «Расея хацела б бачыць Беларусь пратэктаратам, кшталту Паўднёвай Асэтыі»


Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

У перадачы «Інтэрвію тыдня» кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў тлумачыць, чаму Менск і Масква незадаволеныя цяперашнім станам адносінаў і чаго б яны хацелі ўзамен, чаму ў Расеі няма рэсурсаў для захопу Беларусі і чаму ўпершыню за 20 гадоў Масква перастае плаціць Беларусі. З Андрэем Паротнікавым гутарыў Віталь Цыганкоў.

«Уяўны саюз па неабходнасьці»

— Візыт у Беларусь прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна дае нам падставы чарговы раз абмеркаваць у стратэгічным сэнсе беларуска-расейскія дачыненьні. Якой фразай, тэзісам вы б іх ахарактарызавалі на сёньняшні момант?

— Я б сказаў, што гэта ўяўны саюз па неабходнасьці. Мы вымушаныя падтрымліваць тыя стасункі, якія ёсьць. Але пры гэтым з кожным годам усё менш жаданьня захоўваць дзейны фармат адносінаў.

— Каго вы маеце на ўвазе, кажучы «мы»?

— Я хутчэй кажу і пра беларускую, і пра расейскую ўладу. Той фармат адносінаў, які ёсьць, ужо не адпавядае чаканьням і патрабаваньням як афіцыйнай Масквы, гэтак і Менску.

— Калі яны незадаволеныя тым, што ёсьць — то як яны ўяўляюць сабе нейкі ідэал, да якога варта перайсьці ад цяперашніх адносінаў?

— З Расеяй тут усе вельмі проста. Яны б хацелі, каб Беларусь ператварылася ў другую Паўднёвую Асэтыю. Фактычна расейскі дамініён, пратэктарат, з адзінай фінансавай сыстэмай, адзінай сыстэмай абароны і бясьпекі.

Што да Менску, то ён хацеў бы вяртаньня старой формулы «нафта ў абмен на пацалункі». Доступ без абмежаваньняў на расейскі рынак, доступ да расейскага бюджэту ў выглядзе паставак у межах расейскай абароннай замовы, іншых бюджэтных тратаў, напрыклад, на рэгіянальнае разьвіцьцё. Плюс, вядома, — незваротныя крэдыты.

— Формула «нафта ў абмен на пацалункі» прадугледжвае шырокі комплекс прэфэрэнцыяў. Але калі казаць менавіта пра нафту, то ў апошнія месяцы на фоне сусьветнага падзеньня яе цаны значнасьць менавіта нафтавага комплексу зьменшылася. Менск ужо не зарабляе на ёй столькі, колькі раней...

— Так. Але праблема, што Беларусь цяпер увогуле ні на чым не зарабляе. Калі б у нас зьявілася новая крыніца валюты замест нафты — то гэта была б іншая сытуацыя. Але ідзе абвал на сусьветных харчовых рынках, на рынках мінэральных і хімічных угнаеньняў, рынку чорнай мэталюргіі — і гэта вельмі вялікія праблемы для Беларусі. Бо 70 працэнтаў нашага экспарту — гэта акурат нафта, нафтахімія, угнаеньні, харчаваньне, чорная мэталюргія.

— Ці будзе Менск на гэтым фоне больш актыўна думаць пра экспартныя альтэрнатывы?

— Менск можа думаць што заўгодна, але пакуль гэтыя думкі ніяк не рэалізуюцца і не матэрыялізуюцца. Мы як былі залежнымі ад расейскіх сыравінных паставак — так і застаёмся. Ніхто ня ведае, якая галіна ці кірунак можа замяніць даходы ад нафтавага бізнэсу, якія зьнікаюць.

— Аляксандар Лукашэнка ня раз казаў пра неабходнасьць дывэрсыфікаваць экспарт. У апошнім указе кіраўніка дзяржавы пра эканоміку таксама гэта сказана. Але, здаецца, статыстыка не паказвае, што нешта тут мяняецца.

— Так, статыстыка пацьвярджае, што пераменаў тут няма. Пра гэта кажуць шмат гадоў, але пытаньне ў тым, што нічога ня робіцца. Проста чакаць, што чарговы ўказ радыкальна і хутка зьменіць сытуацыю, — ня варта. Трэба прызнаць відавочны факт — крызіс мае сыстэмны характар, таму ён будзе вельмі працяглы і цяжкі ў пляне здольнасьці дзяржавы захаваць свае сацыяльныя абавязаньні ў памеры мінулых гадоў.

«Для захопу і інкарпарацыі Беларусі ў Масквы папросту няма рэсурсаў»

— На пачатку размовы вы казалі, што з гледзішча Масквы Беларусь павінна была б пераўтварыцца ў дамініён кшталту Паўднёвай Асэтыі. Ці азначае гэта, што Масква ня мае ідэяў поўнага захопу Беларусі, як гэта адбылося з Крымам, — ці гэтыя ідэі контрапрадуктыўныя?

— Вельмі цяжка казаць пра ідэі Масквы — бо «ў Крамлі шмат вежаў», і ўсе яны глядзяць у розныя бакі. Там ёсьць розныя групоўкі, якія, адпаведна, прасоўваюць розныя сцэнары разьвіцьця Расеі і адносінаў з суседнімі краінамі. Цяжка сказаць, якія думкі цяпер там прэвалююць і маюць найбольшы ўплыў.

Калі ж казаць аб’ектыўна, то для захопу і інкарпарацыі Беларусі ў Масквы папросту няма рэсурсаў. Фізычных, фінансавых, палітычных, ідэалягічных — ніякіх.

— Апошнія месяцы неяк заціхла тэма, якую ў канцы мінулага году называлі галоўнай тэмай беларуска-расейскіх дачыненьняў — патэнцыйнае разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы ў Беларусі. У якім стане гэтая тэма цяпер, вакол чаго змагаюцца бакі, што б яны хацелі?

— Расея фактычна хоча тут мець сетку сваіх вайсковых базаў, якія будуць вельмі ў нязначнай ступені падпарадкаваныя Менску. Адпаведна, Беларусь нічога такога ня хоча. Пазыцыі бакоў відавочныя, і я ня думаю, што яны зьмяніліся за апошнія месяцы.

— Яны шанцы ў Беларусі адбіцца ад гэтага жаданьня Масквы?

— Мне здаецца, яна ўжо адбілася. І Лукашэнка, і міністар абароны Раўкоў, і міністар замежных спраў Макей адназначна сказалі, што база не патрэбная. Усё, пытаньне закрытае.

— І Масква ня будзе яго зноў актуалізаваць?

— Масква можа паспрабаваць яго актуалізаваць, але — што яны могуць прапанаваць наўзамен? Чаго гэта можа каштаваць Беларусі — зразумела. Ці можа Расея кампэнсаваць гэтыя імаверныя палітычныя і фінансавыя страты? У іх няма такіх магчымасьцяў, таму наўрад ці яны могуць прапанаваць Менску нешта цікавае.

— Апошнія 20 гадоў Расея, пры розным стаўленьні, розных адносінах паміж лідэрамі, — у крытычны час заўсёды плаціла. Чаму вы думаеце, што зараз можа быць па-іншаму?

— Зьмянілася сытуацыя. Гэтыя 20 гадоў Расея пасьля абвалу пачатку 90-х паступова расла. Цяпер яна падае, і гэта на працяглы час.

Другі момант — зьмянілася ідэалягічная сытуацыя ў Крамлі. Яны цяпер хочуць бачыць разам з сабой рэальных ідэйных хаўрусьнікаў, а ня тых, хто з табой, пакуль ты плаціш. Яны б хацелі бачыць у Беларусі менавіта адданага ідэйнага хаўрусьніка — чаго ў Беларусі відавочна няма.

«Гэта частка глябальнай гульні на аслабленьне Расеі»

— Беларускія аналітыкі па-рознаму глядзяць на працэс нармалізацыі адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам. Адны кажуць, што гэта рэальны і стратэгічны курс, іншыя бачаць у гэтым ня больш чым гульню з мэтай падражніць Маскву, каб выбіць зь яе больш рэсурсаў і прывілеяў. Як вы глядзіце на гэты працэс?

— Гэта вымушаны крок з боку афіцыйнага Менску. Тут ёсьць дакладнае ўяўленьне, што Расея даваць столькі ж ужо ня здольная і што як дзяржава-патрон яна страчвае сваю прывабнасьць. Таму Менск ліхаманкава шукае апірышча ў іншых кропках плянэты — Кітай, арабскія краіны, Захад.

Іншае пытаньне — для чаго гэта трэба Захаду.

— Дык для чаго?

— На жаль, я ня думаю, што Захад вельмі зацікаўлены ў пабудове доўгатэрміновых устойлівых адносінаў менавіта зь Беларусьсю самой па сабе — па-за межамі канфлікту з Расеяй. Гэта частка глябальнай гульні на аслабленьне Расеі, на тое, каб адарваць ад яе аднаго з галоўных інфармацыйна-ідэялягічных хаўрусьнікаў. Але пытаньне ў тым, чаго гэта можа каштаваць нам, як Расея можа ўспрыняць адыход на заходні бок.

Зразумела, нам патрэбны Захад, нам трэба вэстэрнізаваць краіну. Але трэба рухацца павольна, асьцярожна, бяз рэзкіх крокаў. Я не выключаю, што мы можам быць уцягнутыя ў чужыя геапалітычныя гульні, якіх мы не разумеем і ў якіх ня будзем здольныя манэўраваць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG