Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макаеў: «Мне няма чаго дзяліць з Шумчанкам»


Алесь Макаеў
Алесь Макаеў

У перадачы «Інтэрвію тыдня» адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў тлумачыць, якія ў яго адносіны з Анатолем Шумчанкам, распавядае, за што «калектыўны прадпрымальніцкі розум» ненавідзіць уладу, і адказвае на пытаньне, ці выйдуць людзі на Кастрычніцкую плошчу ў наступны панядзелак.

Цыганкоў: На панядзелак, 22 лютага, прызначаны наступны мітынг. Ці ёсьць у вас адчуваньне, што людзі гатовыя выйсьці другі раз? Ці можа быць так, што першая акцыя зьбірае даволі вялікі энтузіязм, а далей людзі ўжо не прыходзяць?

Макаеў: Відавочна, многія людзі баяліся выходзіць на Кастрычніцкую плошчу. Некаторыя прадпрымальнікі ўпершыню ў жыцьці выйшлі на несанкцыянаваную акцыю пратэсту. Многія зь іх чакалі поўнай плошчы, прыйшла адносна невялікая колькасьць — і калі б сілавыя органы пачалі брутальны разгон, то людзі б ахвяравалі сабой. Дзякуй вялікі тым, хто прыйшоў — бо людзі пераадольвалі свой страх.

Толькі салідарна можна адстойваць свае правы. Страх павінен адступіць на другі плян, і павінен уключыцца розум. Каб разумець наступствы ня толькі 222-га ўказу, а ўсяго таго, што ўлада робіць з прадпрымальнікамі, якія будуць канфіскацыі, штрафы, перасьледы — нават з тымі, хто спрабуе працаваць.

Я спрабую не зьвяртаць увагі на тых грамадзкіх і палітычных лідэраў, якія даюць ганебныя прыклады ці нават называюць прадпрымальнікаў «барыгамі». Я заклікаю спыніць такую крытыку. Бо прадпрымальнікі змагаюцца за свае правы, і любое такое слова шкодзіць нашаму змаганьню.

Цыганкоў: Калі вы ўжо загаварылі пра іншых лідэраў... Якія ў вас адносіны зь лідэрам «Пэрспэктывы» Анатолем Шумчанкам? Ці вы кардынальна разыходзіцеся ў прынцыпах і падыходах, ці вы робіце адну справу, толькі з розных бакоў?

Макаеў: Мне няма чаго дзяліць з Анатолем. Але калі мы заклікалі да страйку і выхаду на плошчу, то ён назваў гэта ў сваім артыкуле «фэйкам». Ня ведаю, што тады рухала Анатолем, калі ён рабіў такія заявы — ва ўсіх нас ёсьць памылкі. Я бачу, што нам няма чаго дзяліць, хоць, вядома, ёсьць і канкурэнцыя, і цяжкая гісторыя ўзаемаадносінаў, з папрокамі, абразамі. Але, мяркую, цяпер ня варта высьвятляць адносіны, а трэба бараніць правы простых прадпрымальнікаў. Дзеяньні «Пэрспэктывы», перамоўную групу, форумы — мы гэта ўсё вітаем.

Цыганкоў: Вы былі адным зь некалькіх дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі на Плошчу на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, калі ніякія палітыкі туды не заклікалі. Ваша такая прынцыповая палітычная актыўнасьць дапамагае ці замінае працаваць з прадпрымальнікамі? Няўжо яна іх не палохае, няўжо яны ўсе такія палітычна актыўныя?

Макаеў: Я з 2005 году заўсёды радыкальна выступаю ў палітычных пытаньнях. Але гэта стварае пэўныя праблемы, бо «бізнэс любіць цішыню» — і ня трэба гэта ставіць у віну прадпрымальнікам. Мы называем сябе палітычным крылом прадпрымальнікаў — гэта людзі, якія разумеюць сытуацыю і заўсёды будуць падтрымліваць палітыкаў.

Мітынг прадпрымальнікаў за 2 хвіліны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00
Наўпроставы лінк

Цыганкоў: Нядаўна ў «Інтэрвію тыдня» Сяргей Антончык заявіў, што памылка прадпрымальнікаў у тым, што яны прымаюць правілы гульні, навязаныя ім уладай, і змагаюцца не за сур’ёзныя кардынальныя зьмены, не за свабоду бізнэсу, а за канкрэтны маленькі пункт. Ці вы згодныя з такой ацэнкай?

Макаеў: Сустрэчнае пытаньне — а хто ў Беларусі не прымае тое, што ёсьць? З рынкавымі адносінамі, з падзеламі ўлады, з судовай сыстэмай? Ёсьць артыкул Канстытуцыі, што любы закон ці ўказ ня мае сілы, калі ён супярэчыць Канстытуцыі. Хіба гэта працуе? Судзьдзі судзяць не па Канстытуцыі, а выконваюць загады: трэба пасадзіць чалавека — пасадзяць.

Цыганкоў: З аднаго боку, Лукашэнка выказваецца вельмі рэзка пра індывідуальных прадпрымальнікаў: маўляў, ня будзем цацкацца. Зь іншага боку, чыноўнікі міністэрстваў ідуць на нейкія перамовы. Якая, на вашу думку, канчатковая мэта ўладаў? Ці яны сапраўды хочуць зьнішчыць ІП як клясу, ці ўлады проста хочуць, каб ІП ня мелі ніякіх перавагаў і дзейнічалі паводле агульных правілаў?

Макаеў: «Агульныя правілы» — гэта калі б ІП далі цьвёрды падатак, без усялякіх каэфіцыентаў. Эўрапейскі ці як у СНД — бо ў беларускіх прадпрымальнікаў самыя высокія падаткі ў сьвеце. Як прыйшоў да ўлады гэты чалавек, дык ён чамусьці пакрыўдзіўся на малы бізнэс. Ён разумее, што калі прадпрымальнікаў запалохаць, то іхнія пратэсты сьціхаюць. Але цяпер сытуацыя такая, што запалохаць ужо будзе цяжка. Ніводзін дыктатар ня цісьне бізнэс уласнай краіны. Нават на Кубе сытуацыя лепшая.

Цыганкоў: Колькі разоў ужо было, калі прадпрымальнікі дабіваліся нейкіх лякальных перамогаў сваімі пратэстамі...

Калі б прадпрымальнікам далі займацца вытворчасьцю, то ў нас бы паднялі лёгкую прамысловасьць і некаторыя іншыя занядбаныя сфэры эканомікі

Макаеў: Так. лякальныя перамогі былі. Але адпачатку, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён выбіў ад прадпрымальнікаў вытворчасьць, і збольшага паслугі. Потым частку паслугаў вярнулі. Калі б прадпрымальнікам далі займацца вытворчасьцю, то ў нас бы паднялі лёгкую прамысловасьць і некаторыя іншыя занядбаныя сфэры эканомікі.

Цыганкоў: А цяпер які настрой? Ці адчуваюць прадпрымальнікі, што варта змагацца, ці яны ўжо думаюць, што трэба шукаць іншую справу або іншую краіну?

Макаеў: Зерне салідарнасьці сьпее. Працэс яшчэ не завершаны, ён чакае сваіх моцных лідэраў, яны зьяўляюцца ў рэгіёнах. «Калектыўны розум прадпрымальнікаў» ненавідзіць уладу, вочы ў людзей расплюшчваюцца. Апошнія гады большасьць з ІП не багацела, а галела, праядала назапашаныя сродкі. Ёсьць праслойка, якая багацее, але яна вельмі невялікая. Большасьць ІП апошнія два гады проста выжывалі.

Улады ўсталявалі шматлікія карупцыйныя схемы і правілы, у якіх існуе цяперашні бізнэс. Прадпрымальнікі жывуць па іх, але ўсё роўна застаюцца для ўлады «нядобранадзейнымі».

Цыганкоў: Ці выйдуць прадпрымальнікі на плошчу ў панядзелак, 22 лютага?

Макаеў: Веру, што выйдуць, але, вядома, колькасьць не магу назваць. Хацелася, каб было значна больш, чым тыдзень таму. Прадпрымальнікі павінны разумець, што калі дынаміка пратэсту ня будзе нарастаць, то цяжка будзе ня толькі ІП, але і ўсяму малому бізнэсу. У нас ёсьць усе законныя шляхі, каб бараніць свае правы — у тым ліку і выхад на Плошчу, калі ўлада нас ня чуе. У нас мірны пратэст, бяз гвалту, любыя правакацыі мы будзем спыняць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG