Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: Мой статус не зьмяніўся. Абвінавачаны, масавыя беспарадкі, ад 5 да 15

абноўлена

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч застаецца ў статусе абвінавачанага паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў). Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

У верасьні, адразу пасьля вяртаньня ў Беларусь, Алесь Міхалевіч напісаў хадайніцтва аб спыненьні ягонай крымінальнай справы наконт «масавых беспарадкаў» 19 сьнежня 2010 году. Але ў задавальненьні хадайніцтва Міхалевічу адмовілі.

Пасьля гэтага экс-кандыдат у прэзыдэнты вырашыў абскардзіць гэтае рашэньне ў пракуратуры. Але пракуратура зноў пераслала скаргу ў Сьледчы камітэт.

«Абскардзіў у пракуратуру адмову сьледчага закрываць маю крымінальную справу. Пракуратура пераслала скаргу ў Сьледчы камітэт, які павінен быў праверыць дзеяньні самога сябе. Праверыў, парушэньняў не знайшоў. Карацей, мой статус не зьмяніўся: абвінавачаны, масавыя беспарадкі, ад 5 да 15», — напісаў сёньня Міхалевіч у Фэйсбуку.

Алеся Міхалевіча затрымалі ў ноч на 20 сьнежня 2010 году, пасьля разгону Плошчы. Пратрымаўшы два месяцы ў сьледчым ізалятары КДБ, яго выпусьцілі. Праз тыдзень ён зрабіў гучную заяву пра катаваньні ў сьледчым ізалятары і пра тое, як яго вербавалі. Празь нейкі час Міхалевіч таемна пакінуў краіну і атрымаў у Чэхіі статус палітычнага ўцекача.

У Беларусь Міхалевіч вярнуўся 8 верасьня 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG