Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: Як ўбачыў у міліцыі партрэт Дзяржынскага, мяне пачало трэсьці


Былы кандыдат на прэзыдэнта і былы палітуцякач Алесь Міхалевіч сустрэўся з групай журналістаў Радыё Свабода на першай бэнзазапраўцы за Ашмянамі па трасе Вільня — Менск і сам паведаміў пра свае першыя ўражаньні ад Беларусі.

— Ведаеце, калі пабачыў у Астравецкім райаддзеле міліцыі партрэт Дзяржынскага, мяне проста пачало трэсьці. Ненавіджу гэтыя партрэты Дзяржынскага, для мяне гэта проста выяўленьне мацёрай кадэбэшнасьці.

— Чаму ж вы вярнуліся, калі з такімі настроямі?

— А які ў мяне настрой? Настрой у мяне якраз цудоўны. Я заўсёды зьбіраўся вяртацца, толькі чакаў, калі вызваляць асноўных палітзьняволеных. Для мяне ключавымі былі ў гэтым пляне Бяляцкі і Статкевіч. Калі іх выпусьцілі, для мяне быў сыгнал, што трэба вяртацца.

— Вядома, што ў вас быў такі плян, вы пра яго казалі адразу, як уцяклі зь Беларусі ў 2011 годзе. Але гады ішлі, Вы бачылі, што тут сытуацыя не паляпшаецца, чаму ўсё роўна не адмовіліся ад пляну вярнуцца?

— Перш за ўсё, трэба падзякаваць сям’і, якая ня зьехала да мяне, якая працягвала заставацца ў Беларусі, нягледзячы ні на што. Канечне, калі б сям’ю перацягнуў, было б нашмат цяжэй вяртацца. Але для мяне пытаньне, чаму я вярнуўся, дзіўна гучыць, бо я не хацеў зьяжджаць.

— Добра, не чаму, а навошта?

— Таму што хачу жыць ў сваёй краіне, хачу размаўляць па-беларуску штодня, а не са сваімі па скайпе. Таму што гэта мая краіна, дзе жыве мая любімая сям’я, дзе мне вельмі камфортна і вельмі падабаецца.

— Вы зьехалі ў статусе былога кандыдата на прэзыдэнта, вярнуліся ў статусе былога ўцекача. Да якога статусу будзеце імкнуцца?

— Цяжка вельмі сказаць, я хачу быць чалавекам і спадзяюся, што ім буду, а ўсе гэтыя статусы мяне вельмі мала цікавяць.

— Палітыкай будзеце займацца?

— Калі зьяжджаў, то казаў, што немагчыма быць палітыкам у эміграцыі. Паглядзім, што адбываецца тут. Мяркую, я пакуль мала інфармаваны ў тым, што адбываецца ў беларускім палітычным жыцьці. Але ў любым выпадку свае намаганьні па абароне правоў чалавека я ня кіну дакладна.

— Вы ж, пэўна, сочыце за падзеямі ў Беларусі. Як можаце ацаніць выбарчую кампанію?

— Цяжка сказаць, але мне яна не цікавая. Магчыма, гэта будзе агульная ацэнка, ня толькі мая. Але 4,5 году ўсё ж такі мінула. Не скажу, што я не давяраю мэдыям, але найперш я ўсё ж давяраю размовам зь людзьмі, а гэтых размоў у мяне не было, таму ў блізкім часе я проста буду даведвацца, што ў Беларусі адбываецца.

— Вы за байкот ці за ўдзел у выбарах?

— Ой, не люблю я гэтыя пытаньні «вы за белых ці за чырвоных?» Ня ведаю. У мяне пакуль няма беларускага пашпарта. У мяне пашпарт забралі, як я ўжо казаў, бандыты. Вось вярну, і тады паглядзім.

— Вы ў інтэрнэце заяўляліся як чалавек, які падтрымлівае Тацяну Караткевіч. Вы ня лічыце, як некаторыя ў Беларусі, што гэта праект КДБ, ці падзяляеце такую думку?

— Сапраўды, я уваходзіў у ініцыятыўную групу па вылучэньні Тацяны Караткевіч. Было рашэньне Партыі БНФ аб яе падтрымцы, і я як сябра партыі выконваў гэтае рашэньне. Сёньня, як вядома, партыя БНФ прыняла рашэньне яе не падтрымліваць, таму ня ведаю. З Тацянай Караткевіч я ня бачыўся шмат гадоў, таму нічога не магу сказаць адносна яе, пра што вы пытаеце.

— Пра Партыю БНФ. Вы зьбіраецеся аднавіцца ў партыі?

— Я ў ёй даўно адноўлены, а для мяне сяброўства ў Партыі БНФ заўсёды мела вялікае значэньне. Падчас майго знаходжаньня ў Чэхіі я выконваў пэўныя даручэньні партыі.

— Ці зьбіраецеся паспрабаваць зноў стаць адным з кіраўнікоў партыі?

— Зьбіраюся памыць галаву, пагаліцца, сустрэцца з блізкімі людзьмі. Гэта галоўнае, пра што я цяпер думаю.

— На Вашу думку, чаму Лукашэнка вызваліў палітвязьняў?

— Працытуйце Статкевіча: «Мяркую, проста грошы скончыліся».

— Пра Статкевіча. Ён стварае новую дэмакратычную кааліцыю. Ці не зьбіраецеся да яе далучыцца?

— Ужо адказваў, што ня ведаю добра, што адбываецца ў Беларусі. Мне трэба агледзецца, пагаварыць зь людзьмі, зразумець, ці хачу я да гэтага ўсяго вяртацца.

— Можа, вы лепш ведаеце сытуацыю сярод апазыцыянэраў у эміграцыі. Што там адбываецца? Ці не перасварыліся яны гэтак жа, як апазыцыянэры ў Беларусі?

— У эміграцыі няма апазыцыі, там іншы кантэкст, гэта людзі, якія зьехалі. Не кажу, што я вельмі актыўны браў удзел у тым жыцьці, але ў нейкіх мерапрыемствах удзельнічаў. Адзінае, што хачу сказаць, што ў беларускай эміграцыі велізарны патэнцыял. Там вельмі шмат людзей, якіх, упэўнены, трэба заахвочваць, каб яны прыяжджалі. Незалежна ад таго, які тут рэжым, якая тут улада, трэба, каб людзі, якія атрымалі там добрую адукацыю, вярталіся.

— Вы вярнуліся, а ці будзеце заклікаць вяртацца іншых, прыкладам, Пазьняка, Саньнікава?

— Кожная сытуацыя ўнікальня, вельмі індывідуальная. Я ня буду рабіць нейкіх заклікаў, кожны сам мусіць прымаць рашэньні.

— Што вы будзеце рабіць з гэтай падпіскай аб супрацоўніцтве з КДБ?

— Я зь ёй ужо разабраўся, калі заявіў, што яна была фактычна выкалачаная.

— А ў эміграцыі вы сустракаліся з увагай з боку КДБ?

— Нікога я там ня бачыў, каб на ім было напісана, што ён агент КДБ, а займацца інсынуацыямі і думкамі, хто агент, а хто не агент, — гэта я пакідаю па-за ўвагай. Шмат чаго было, а цяпер я ў любімай краіне і не хачу думаць пра нейкія дрэнныя рэчы. Вельмі шчасьлівы, што на свабодзе, вельмі шчасьлівы, што са мной сёньня абсалютная большасьць мытнікаў размаўлялі па-беларуску. Я адчуваю сябе камфортна.

— Вы праехалі кілямэтраў 10 ці 20 па Беларусі. Можа, заўважылі якія зьмены?

— Зьмены я заўважыў такія. Вось мне далі гэтую 200-тысячную купюру, якую я ніколі ня бачыў, гэта для мяне вельмі новае. Іншых зьменаў, вельмі істотных, пакуль не заўважыў.

— А кошты?

— Не, у коштах пакуль не разабраўся. Дарога, па якой ехаў з Астраўца, цалкам новая, яе, відаць, пашырылі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС. Ад Астраўца ўражаньне як ад клясычнага заходнебеларускага мястэчка — касьцёл, плошча, — усё як мае быць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG