Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч схадзіў на «ветлівы» допыт


Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

Былога кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча сёньня дапыталі ў Сьледчым камітэце як абвінавачанага ў справе аб «масавых беспарадках».

«Гэты допыт, я думаю, быў збольшага фармальнасьцю. Мяне сёньня дапыталі, задалі каля дзесяці пытаньняў. У тым ліку — чаму я зьяжджаў зь Беларусі, чым гэта было выклікана і г.д. Усё адбывалася цалкам у законным фармаце. Больш за тое, з маіх слоў паказаньні запісваліся на беларускай мове. Скажам так: да фармальнай часткі таго, што адбывалася, ніякіх прэтэнзіяў прад’явіць немагчыма. Сьледчы таксама паводзіў сябе ветліва, культурна, у поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам», — паведаміў Радыё Свабода Алесь Міхалевіч.

Паводле слоў Міхалевіча, допыт агулам працягваўся каля 1,5 гадзіны.

«Я заявіў хадайніцтва аб азнаямленьні з пратаколамі папярэдніх допытаў у сувязі з тым, што прайшло ўжо больш за чатыры гады з моманту апошняга з гэтых допытаў. Сьледчы сказаў, што ён прыме рашэньне, і калі рашэньне будзе пазытыўным, ён праінфармуе мяне, калі я магу азнаёміцца з пратаколамі», — распавёў ён.

Міхалевіч падкрэсьліў, што з моманту яго вяртаньня ў Беларусь КДБ, які займаўся крымінальнай справай палітыка ў 2010–2011 годзе, пакуль ніяк зь ім ня зьвязваўся.

«Я хадзіў у Сьледчы камітэт, сьледчы, які мяне дапытваў, таксама са Сьледчага камітэту, і з КДБ гэта ніякім чынам не зьвязана», — патлумачыў ён.

Алеся Міхалевіча затрымалі ў ноч на 20 сьнежня 2010 году, пасьля разгону Плошчы. Пратрымаўшы два месяцы ў сьледчым ізалятары КДБ, яго выпусьцілі. Праз тыдзень ён зрабіў гучную заяву пра катаваньні ў сьледчым ізалятары і пра тое, як яго вэрбавалі. Празь нейкі час Міхалевіч таемна пакінуў краіну і ўцёк у Чэхію, дзе атрымаў статус палітуцекача.

Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь 8 верасьня 2015 году. Палітык дагэтуль знаходзіцца ў статусе абвінавачанага паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG