Пра гэта паведаміў дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус.
Замову выконвае магілёўская фабрыка «Стужка».
«Патэлефанавалі сёньня з магілёўскай фабрыкі „Стужка“ і сказалі, што запусьцілі ў вытворчасьць нашу замову (5 км бел-чырвона-белай стужкі), паабяцалі, што на наступным тыдні ўжо адгрузяць.
Адгрузіць яе згодна з дамоваю яны павінны былі да 19 верасьня, але тады патэлефанавалі і сказалі, што бяда, праблема з сыравінаю, і змогуць толькі на пачатку лістапада.
Выбары мінулі, і справа ідзе да таго, што зробяць, і ўсе людзі, якія дапамаглі сабраць патрэбную суму, атрымаюць запаветную бел-чырвона-белую стужачку», — напісаў у фэйсбуку Павал Белавус.
Павал Белавус апавёў карэспандэнту Свабода, што для замовы стужкі летам быў аб’яўлены збор сродкаў.
«Адгукнулася каля дзясятка чалавек, і хутка мы аплацілі патрэбную суму, каля 2000 умоўных адзінак, каб прадпрыемства пачало выраб стужкі. Стужка будзе выкарыстоўвацца кожным з укладальнікаў для сваіх мэтаў. Нехта будзе раздаваць, нехта прадаваць, нехта ўпрыгожваць пакункі. „Арт-сядзіба“ ж плянуе працягнуць зь ёю сваю ранейшую акцыю #беларускаястужка, а таксама знайсьці спонсараў на замову большага накладу для раздачы і правядзеньня грамадзкай акцыі па папулярызацыі нацыянальных сымбаляў».