Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвона-зялёныя стужкі — кітайскія, чорна-аранжавыя — беларускія


Беларускія сьвяточныя сымбалі вырабляе Кітай, айчынныя прадпрыемствы зарабляюць на георгіеўскай стужцы

Напярэдадні Дня Перамогі ў шапіках «Белсаюздруку» прадаецца беларускі сымбаль сьвята — бутаньеркі: бант зь зялёна-чырвонай стужкі, упрыгожаны кветкай яблыні. Яны кітайскай вытворчасьці. У той жа час беларускія прадпрыемствы — магілёўскае ААТ «Стужка», сьветлагорскае «Хімвалакно» — зарабляюць на расейскіх заказах. «Стужка» вырабляе для Расеі так званую «георгіеўскую стужку», а прадпрыемства «Белнафтахіму» «Сьветлагорск-хімвалакно» пастаўляе чорныя і памаранчавыя ніткі для такой стужкі расейскім прадпрыемствам. Чаму так адбываецца?

На афіцыйным сайце Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту пазначаныя пяць арганізацыяў, гатовых выканаць бутаньеркі — сымбаль патрыятычнага праекту «Кветкі Перамогі». Гэта ААТ «Магілёўстужка» — адпускная цана банціка з кветкай 10 200 рублёў; «Белмастацпромыслы» — адпускная цана 10 000 рублёў; спэцкамбінат КБА — за 7 400; ААТ «Першацьвет-профі» — за 6 200 рублёў, і ААТ «Ратэксбел» — адпускная цана 6 000 рублёў. Але «Ратэксбел» прапануе бутаньерку ня ўласнай вытворчасьці, а з Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Дырэктар адкрытага акцыянэрнага таварыства Андрэй Захарэвіч гэтага не хавае, але колькасьць завезеных з Кітаю бутаньерак і суму кантракту назваць адмовіўся, спаслаўшыся на камэрцыйную таямніцу. Мяркуючы па тым, што ва ўсіх гандлёвых кропках «Белсаюздруку» краіны прадаюцца бутаньеркі толькі кітайскай вытворчасьці, завезена прадукцыі нямала. На пытаньне, а як жа патрыятызм — няўжо такую драбніцу, як банцік з кветачкай, нельга вырабіць у Беларусі, — Андрэй Захарэвіч адказаў так:

«Таму што якасьць і колькасьць кітайцы змаглі зрабіць. А нашы не змаглі забясьпечыць ні якасьць, ні колькасьць. Вы паглядзіце на нашы бутаньеркі ў «Белсаюздруку» — «Белмастацпромыслаў» ці магілёўскай «Стужкі», якія па 10 200. Усе кажуць, усё Мінгандлю, што нашы — лепшыя.

Карэспандэнтка: «Вашы — у сэнсе кітайскія?»

Таму што якасьць і колькасьць кітайцы змаглі зрабіць. А нашы не змаглі забясьпечыць ні якасьць, ні колькасьць

«Так, так. Але цяпер мы ўжо вядзем перамовы з Таварыствам інвалідаў і будзем тут вырабляць, з такой жа добрай якасьцю і па даступнай цане. Так што не перажывайце, я таксама патрыёт Беларусі».

Магілёўскае адкрытае акцыянэрнае таварыства «Стужка» таксама вырабляе бутаньеркі з уласнай прадукцыі, але па кошце яны самыя дарагія: 10 200 рублёў — амаль удвая больш за кітайскія, якія прадаюцца ў шапіках па 5 500.

Загадчыца аддзелу гандлю «Стужкі» Інэса Сьцяпанчыкава апавяла, што замову на бутаньеркі прадпрыемства атрымала даволі позна, часу было няшмат:

«Афіцыйны ўзор мы атрымалі толькі пры канцы сакавіка. Замова да нас паступіла толькі ў красавіку — на распрацоўку, на выраб. Мы вырабілі каля 250 тысяч за адзін месяц».

На пытаньне, ці выпускае магілёўскае прадпрыемства георгіеўскую стужку, Інэса Сьцяпанчыкава адказала так:

«Расейскія — канечне, выпускаем. Досыць шмат выпусьцілі, больш за 1 мільён мэтраў — стужка і нарэзка».

Начальнік упраўленьня маркетынгу і рэалізацыі прадукцыі «Сьветлагорск-хімвалакна» Тацяна Горына апавяла, што вялікія аб’ёмы тэкстыльных ніцей прадпрыемства экспартуе ў Расею. Прадпрыемства належыць канцэрну «Белнафтахім», у якога ў Расеі ёсьць свая тавараправодная сетка — АТ «Белнафтахімрас». «Белнафтахімрас» разьмяркоўвае беларускую прадукцыю канкрэтным расейскім перапрацоўшчыкам. Вялікія аб’ёмы сьветлагорскай ніці пайшлі і на расейскае прадпрыемства «Казанскі тэкстыль», але якія канкрэтна, Тацяна Горына дакладна ня ведае, бо беларускую прадукцыю маглі пастаўляць больш дробныя дылеры. Усяго перад сьвятамі «Казанскі тэкстыль» вырабіў 10 мільёнаў мэтраў георгіеўскай стужкі.

XS
SM
MD
LG