Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Імпэрская сымболіка атручвае беларусаў», жыхар Магілёва


У Магілёве становіцца болей машын зь дзяржаўнай беларускай атрыбутыкай і нацыянальнай сымболікай. Але нямала і аўтамабіляў з начэпленымі на іх георгіеўскімі стужкамі ды вывешанымі ў салёнах расейскімі сьцяжкамі. Свабода пацікавілася ў магілёўцаў, навошта яны аздабляюць свае машыны сымбалямі чужой краіны.

Ніводзін з аўтаўладальнікаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, не набываў георгіеўскіх стужак у крамах. Суразмоўнікі прызнаваліся, што гэты атрыбут ім далі на вуліцы бясплатна, і яны тут жа начапілі яго на машыну. Для многіх маладых аўтаўладальнікаў пытаньне, чым дарагія для іх чорна-жоўтыя стужкі, было нечаканым. Яны падоўгу разважалі над адказам.

«Гэта, так бы мовіць, памяць. Дзяды аддавалі жыцьці і здароўе. Гэта як сымбаль Вялікай айчыннай вайны, які застаўся», — даводзіць адзін з суразмоўцаў, у салёне машыны якога вывешаная георгіеўская стужка.

Малады чалавек прызнаўся, што ня ведае гісторыі гэтага сымбалю і не ўяўляе, чым ён зьвязаны зь Беларусьсю.

«Іх раздаюць усюды напярэдадні першага траўня і дзявятага траўня. Сёлета, аднак, гэтага не рабілі. Відаць, каб не правакаваць украінскія ўлады. Яны перарабляюць гісторыю. Спрабуюць зрабіць яе не такой, як яна была насамрэч. Уплывае на іх Эўропа, якая лічыць, што Савецкі Саюз праз усю Эўропу прайшоў, Нямеччыну разьбіў і тэрору нарабіў», — выказвае сваё разуменьне магілёўскі аўтаўладальнік, які езьдзіць на нямецкім «Audi».

Гэтак начэпліваюць георгіеўскія стужкі магілёўскія аўтаўладальнікі
Гэтак начэпліваюць георгіеўскія стужкі магілёўскія аўтаўладальнікі

Візуальна машын з расейскімі сьцяжкамі і георгіеўскімі стужкамі ў Магілёве стала меней. Чорна-жоўтыя стужкі, начэпленыя на машыны звонку, выглядаюць завэдзганымі, нібыта самі аўтаўладальнікі забыліся, што іх некалі чаплялі.

У салёне машыны наступнага суразмоўцы таксама георгіеўская стужка. Журналісту ён тлумачыць: для яго яна — «як памяць, што людзі змагаліся за свабоду».

«Як знак павагі да тых людзей, якіх цяпер няма», — дадае аўтаўладальнік.

На пытаньне, чаму ў салёне ягонай машыны няма беларускіх сымбаляў, адказвае: «Ну, напэўна, змагаліся за свабоду ня толькі беларусы. Гэтую стужку, відаць, прыдумалі як адзінае нешта».

Я пражыў у Расеі дужа доўга і нядаўна прыехаў у Беларусь. Дык для мяне Беларусь мала чым адрозьніваецца да Расеі

«Я пражыў у Расеі дужа доўга і нядаўна прыехаў у Беларусь. Дык для мяне Беларусь мала чым адрозьніваецца да Расеі», — тлумачыць наяўнасьць георгіеўскай стужкі ў салёне сваёй машыны мужчына перадпэнсійнага веку. На пытаньне, чаму ён ня возіць беларускай сымболікі, адказвае:

«Я жыву ў Магілёве, і вы першы, ад каго я чую беларускую мову. Усе тут гавораць па-расейску. Нават прэзыдэнт. Што тут яшчэ можна дадаць? Я быў ва Ўкраіне шмат разоў, дык там гавораць і па-расейску, і па-ўкраінску, а ў нас чамусьці іначай — усе толькі па-расейску гавораць»,

Расейскіх трыкалёраў у машынах таксама візуальна стала меней, бо такія сьцяжкі масава перасталі прадаваць на скрыжаваньнях буйных гарадзкіх магістраляў. Распаўсюднікі такой атрыбутыкі, глуханямыя хлопцы, цяпер прапануюць сьцяжкі зь беларускай дзяржаўнай сымболікай, якой істотна паболела.

Гэтак начэпліваюць георгіеўскія стужкі магілёўскія аўтаўладальнікі
Гэтак начэпліваюць георгіеўскія стужкі магілёўскія аўтаўладальнікі

Тлумачэньні тых, хто возіць расейскія сьцяжкі ў сваіх машынах, падобныя да пачутага намі ад наступнага суразмоўцы, які сказаў, што служыў у савецкай марской пяхоце. Салён ягонай машыны завешаны сьцяжкамі і стужкамі.

Журналіста зь яго пытаньнямі па-беларуску мажны мужчына сьмехам назваў бээнэфаўцам. На пытаньне, чым дарагі для яго расейскі сьцяг, былы марпех адказаў:

Проста падабаецца мне гэты сьцяг, і ўсё. Але ж вы паглядзіце, у мяне ёсьць і беларускі сьцяг. Беларусь і Расея — больш у мяне няма букету.

«Проста падабаецца мне гэты сьцяг, і ўсё. Але ж вы паглядзіце, у мяне ёсьць і беларускі сьцяг. Беларусь і Расея — больш у мяне няма букету. Я сябе без Расеі не ўяўляю. У мяне там трынаццаць дзядзькоў і пяць цётак. Расея — гэта таксама мая радзіма. Я там служыў і бараніў, можна сказаць, Беларусь і Расею. Мы ж неад’емныя часткі — Белая Русь, Расея, Украіна, Кіеўская Русь. Мы ж усе браты і сёстры. Я не разумею, што гэтыя хахлы там дзеляць. Нельга нічога дзяліць, гэта ўсё наша».

Машын з такой нацыянальнай беларускай атрыбутыкай памалу прыбаўляецца
Машын з такой нацыянальнай беларускай атрыбутыкай памалу прыбаўляецца

Апошнім часам у Магілёве заўважаецца павелічэньне колькасьці машын зь беларускай нацыянальнай сымболікай. Нярэдка ў патоку аўтамабіляў праскокваюць машыны са стужкамі зь беларускім арнамэнтам альбо з вывешаным у салёне бел-чырвона-белым сьцяжком. Іх кіроўцы, як правіла, цярпіма ставяцца да калегаў, якія лічаць сваімі расейскія сымбалі:

Машын з такой нацыянальнай беларускай атрыбутыкай памалу прыбаўляецца
Машын з такой нацыянальнай беларускай атрыбутыкай памалу прыбаўляецца

«Яны вывешваюць гэтыя сымбалі праз сваю непісьменнасьць, празь няведаньне свае гісторыі. Я такіх людзей дужа не вінавачу ў гэтым», — апавядае пра сваю пазыцыю магілёвец, у машыне якога вывешаны бел-чырвона-белы сьцяжок з «Пагоняю».

«Навязаная ім гісторыя падаецца ім іхнай роднай, — дадае суразмоўца. — Па нацыянальным тэлебачаньні ж паказваюць не зусім тое, што трэба. А ёсьць людзі, якія самі не цікавяцца гісторыяй. А цяпер сам не пацікавісься — ня будзеш ведаць».

Пазыцыя жыхара Магілёва, партыйнага актывіста і аўтамабіліста Ўладзімера Шанцава, які дамогся пакараньня аўтамабіліста за антыўкраінскі надпіс, адрозьніваецца ад пазыцыі папярэдняга суразмоўцы. Ён лічыць, што расейская атрыбутыка — частка расейскай ідэалягічнай апрацоўкі беларусаў.

«Гэта ўсё дужа небясьпечна, — кажа кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. — Гэтая атрыбутыка атручвае насельніцтва. Гэта частка той ідэалягічнай машыны, якая апрацоўвае насельніцтва Беларусі».

Уладзімер Шанцаў заўважае, што яго бацькі, якія ўжо памерлі, былі франтавікамі і мелі ўзнагароды, на якіх былі колеры георгіеўскай стужкі — але гэта не дае яму права зьневажаць іншыя народы.

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

Партыец лічыць, што пакаралі ўладальніка аўто штрафам у 90 тысяч рублёў, каб адчапіцца ад назойлівага скаржніка. У міліцыі, кажа актывіст, сур’ёзна і не паставіліся да ягонай заявы.

«Надпіс гэты, безумоўна, экстрэмізм, і зусім відавочны: „Узялі Севастопаль, Данецк, Луганск, і цяпер возьмем Адэсу“. Надпіс мае менавіта такі сэнс. Я напісаў заяву, каб завялі крымінальную справу „Распальваньне міжнацыянальнай варажнечы“. У мяне шмат сваякоў ва Ўкраіне і Расеі, дык з расейскімі сваякамі я не магу нармальна гаварыць, бо разьдзьмулі ў Расеі антыўкраінскую гістэрыю. Мне гэта дужа непрыемна», — кажа Ўладзімер Шанцаў.

Уладальніка «Пэжо-308» з антыўкраінскім надпісам, як лічыць Шанцаў, пакаралі за парушэньне правілаў эксплюатацыі транспартнага сродку, якое выявілася ў разьмяшчэньні не прадугледжанай Правіламі дарожнага руху налепкі на заднім шкле аўтамабіля.

Папулярныя надпісы на машынах пасьля сёлетняга сьвяткаваньня Дня Перамогі.
Папулярныя надпісы на машынах пасьля сёлетняга сьвяткаваньня Дня Перамогі.

Пасьля сёлетняга сьвяткаваньня Дня Перамогі ў Магілёве нямала машын уладальнікі аздобілі надпісам «Трафэйная». Асабліва папулярны такі надпіс на машынах нямецкай вытворчасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG