Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховічу працягнулі прэвэнтыўны нагляд на паўгода


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Гарадзенскія калегія судзьдзяў пакінула бязь зьменаў рашэньне Ваўкавыскага раённага суду аб працягу прэвэнтыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам яшчэ на паўгода.

На паседжаньні судовай калегіі Аўтуховіч агучыў факт, якога не было ў ягонай канстытуцыйнай скарзе: у справе, як выявілася, няма пратаколу судовага паседжаньня, на якім яму працягнулі прэвэнтыўны нагляд. Асабіста ён знаёміўся з пратаколам, які датуецца зусім іншай датай і месяцам: суд адбываўся ў Ваўкавыску 6 жніўня, а пратакол суду, зь якім знаёміўся Аўтуховіч, датуецца ліпенем.

На гэта найперш зьвярнуў увагу і адвакат Аўтуховіча, зазначыўшы, што закон — рэч фармальная, і па сутнасьці пратаколу судовага паседжаньня няма. Калегія судзьдзяў на гэта ніяк не адрэагавала. Не дала ацэнкі гэтаму факту і пракурор.

Наступным важным і ўжо ня проста фармальным парушэньнем заканадаўства адвакат назваў факт разгляду справы ў Ваўкавыскім раённым судзе без удзелу самога Аўтуховіча. На той момант Аўтуховіч быў у шпіталі і хадайнічаў аб пераносе справы. Адвакат таксама акцэнтаваў увагу на тым, што прэвэнтыўны нагляд Аўтуховічу працягнулі ўсяго за адно парушэньне, хоць пад наглядам ён быў болей за 500 дзён.

На гэты ягоны довад адрэагавала пракурор, якая зазначыла, што паводле закону прэвэнтыўны нагляд працягваюць незалежна ад колькасьці парушэньняў.

Адвакат падсумаваў, што другое рашэньне Ваўкавыскага суду выглядае ангажаваным. Першы суд у гэтай справе спыніў прэвэнтыўны нагляд за Аўтуховічам, бо тэрмін скончыўся, а Аўтуховіч за гэты час адзначыўся добрымі паводзінамі.

Паводле адваката, некаму вельмі хацелася працягнуць нагляд. Адвакат зазначыў, што пасьля зьняцьця нагляду тэрмінова і пазаплянава была склікана абласная калегія, на якой адмянілі рашэньне Ваўкавыскага суду, і літаральна на наступны дзень было праведзена паўторнае паседжаньне Ваўкавыскага раённага суду.

Тым ня менш усе довады Аўтуховіча і ягонага абаронцы калегія адвакатаў не ўзяла пад увагу, а рашэньне Ваўкавыскага суду пакінула ў сіле. Сам Аўтуховіч сказаў, што іншага і не чакаў.

— Такі ўзровень абласнога суду павінен такія агрэхі бачыць і рэагаваць на гэта. Гэта вельмі сур’ёзныя працэсуальныя парушэньні. Без чалавека разглядаюць справу і не даюць яму магчымасьці абараніцца. Ну, а тут караценька паслухалі, адвакат падняўся, каб яшчэ нешта дадаць пасьля пракурора, але не далі, бо суд «удаляется...». Ды ўсё было вядома заранёў, чым гэта скончыцца. Усё гэта было зроблена па загадзе.

Параўноўваючы свой прэвэнтыўны нагляд з прафіляктычным, пад якім цяпер апынуліся ўсе выпушчаныя палітвязьні, Аўтуховіч зазначыў, што яны вельмі значна розьняцца. Прафіляктычны нагляд носіць больш фармальны характар. А яго надалей будуць будзіць два разы за ноч, каб спраўдзіць, ці ён не пакінуў межы горада.

— А 22-й гадзіне я па-ранейшаму павінен быць у хаце — і да 6-й раніцы. Самае дрэннае, калі двойчы прыходзяць уначы і будзяць, а мне а 6-й раніцы ісьці працаваць. Мне надалей нельга выяжджаць без дазволу за межы горада. Я ня маю права хадзіць пасьля 22-й у кафэ ці рэстараны, дзе прадаюць алькаголь. Навошта гэтая мера, калі я зусім не ўжываю алькаголю? Ну, і кожны панядзелак я павінен прыходзіць сам у міліцыю, каб адзначыцца".

Прэвэнтыўны нагляд над Аўтуховічам быў адменены 17 ліпеня рашэньнем Ваўкавыскага раённага суду. Аднак ужо 5 жніўня Гарадзенская абласная калегія судзьдзяў перагледзела рашэньне Ваўкавыскага суду, і 6 жніўня ў Ваўкавыску адбыўся паўторны працэс, на якім прэвэнтыўны нагляд Аўтуховічу быў працягнуты яшчэ на паўгода. 27 жніўня абласная калегія разгледзела скаргу Аўтуховіча, але пакінула рашэньне Ваўкавыскага суду бязь зьменаў.

Аўтуховіч быў асуджаны 6 траўня 2010 году па частцы 3 артыкула 295 КК на 5 гадоў і два месяцы пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG