Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч зноў пад прэвэнтыўным наглядам


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Гарадзенская калегія абласнога суду адмяніла рашэньне Ваўкавыскага раённага суду ад 17 ліпеня, паводле якога органам Ваўкавыскага РАУС адмаўлялася ў падаўжэньні прэвэнтыўнага нагляду за былым палітвязьнем Міколам Аўтуховічам.

Абласная калегія судзьдзяў мела сёньня ўжо другое паседжаньне, бо Аўтуховіч прасіў перанесьці разгляд справы: позву яму ўручылі толькі ўчора ўвечары, і ён ня змог дамовіцца з адвакатам. Яшчэ раней яму ўручылі позву на 6 жніўня, а ўчора раптам прынесьлі на 5 жніўня.

Суд не задаволіў ягонае хадайніцтва на той падставе, што Аўтуховіч не прадставіў пісьмовай дамовы з адвакатам. Суд толькі перанёс паседжаньне на 4 гадзіны. Але адвакат зь Менску ўжо ня мог прыехаць. Калегія дала Аўтуховічу дзяржаўнага абаронцу.

Далейшыя хадайніцтвы Аўтуховіча тычыліся недаверу ўсяму складу абласной калегіі, а таксама пракурору, які прадстаўляў справу. Падставу для адводу судзьдзяў Аўтуховіч патлумачыў, заявіўшы, што тыя выконваюць нечы заказ, а не трымаюцца закону. Аднак хадайніцтвы былі адхіленыя. Аўтуховіч пазьней пракамэнтаваў гэтыя дзеяньні калегіі:

— Яны не далі мне магчымасьці перанесьці паседжаньне, бо калі б яно адбылося заўтра, то ў іх ужо ня будзе магчымасьці наагул працягнуць прэвэнтыўны нагляд, бо заўтра ягоны тэрмін ужо сканчаецца, і я ўжо буду вольны. Дый на сёньняшні дзень у іх няма ніякіх падставаў працягваць нагляд, бо адзінае парушэньне, якое мне прыпісвалі, было ануляванае 1 жніўня ў сувязі з тэрмінам даўнасьці.

Па сутнасьці справы стала вядома, што з ініцыятывай адмены рашэньня Ваўкавыскага раённага суду, які адмовіў органам Ваўкавыскага РАУС у прадаўжэньні прэвэнтыўнага нагляду ў дачыненьні да Аўтуховіча, выступіў выканаўца абавязкаў пракурора Ваўкавыскага раёну. Прадстаўнік пракуратуры на калегіі абласнога суду патлумачыў, што ў Аўтуховіча за год было адно парушэньне, калі ён без дазволу органаў міліцыі выехаў за межы Ваўкавыску.

Аднак, як высьветлілася падчас разгляду справы, гэтае парушэньне ўжо ануляванае, бо з моманту яго зьдзяйсьненьня мінула больш за год. Акрамя гэтага, у судзе прагучала, што Аўтуховіч пакінуў межы гораду выключна ў вытворчых мэтах — яго аб гэтым папрасіў кіраўнік фірмы, у якой ён працуе.

Адвакат у сваёй прамове выказала зьдзіўленьне прыватным пракурорскім пратэстам, бо чалавек за год зрабіў толькі адно парушэньне, якое ўжо скасавана; да таго ж Аўтуховіч яго прызнаў і адразу заплаціў за гэта штраф. Тым часам за ўвесь тэрмін прэвэнтыўнага нагляду, паводле адваката, ён ня меў заўвагаў з боку інспэктара па наглядзе, у яго добрыя характарыстыкі з працы, раней ён атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды.

Усе гэтыя довады не паўзьдзейнічалі на калегію судзьдзяў, і рашэньне Ваўкавыскага раённага суду ад 17 ліпеня, паводле якога органам Ваўкавыскага РАУС адмаўлялася ў падаўжэньні прэвэнтыўнага нагляду за былым палітвязьнем Міколам Аўтуховічам, было адменена.

Мікола Аўтуховіч упэўнены, што заўтра ў Ваўкавыску будуць пераглядаць ягоную справу, каб падоўжыць тэрмін прэвэнтыўнага нагляду за ім. Бо тэрмін дзеяньня прэвэнтыўнага нагляду сканчаецца акурат заўтра.

— Адпачатку было зразумела, што рашэньне будзе такім. Нездарма ж яны так сьпяшаліся і перанесьлі разгляд справы. Каб было ўсё паводле закону, то працэс адбыўся б заўтра і справа была б закрытая. А так заўтра апошні дзень майго так званага нагляду. Калі я суду сказаў, што яны выконваюць загад, то яны галовы апусьцілі, адчулі, што я трапіў у самае-самае. І што б там наш прэзыдэнт ні казаў, што ў нас усё паводле закону, але ўсё робіцца як робіцца. Выстраіліся трое ўжо сталых людзей, маюць вялікі вопыт працы, а вось дзе годнасьць? Ня ведаю, чаму так можна выконваць гэтыя загады...

Сёньня ж Мікалай Аўтуховіч падаў скаргу на рашэньне абласной калегіі старшыні Гарадзенскага абласнога суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG