Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Белшыне» — прастоі і вымушаныя адпачынкі


Вытворчасьць шынаў на камбінаце “Белшына”, Бабруйск, люты 2002 г.
Вытворчасьць шынаў на камбінаце “Белшына”, Бабруйск, люты 2002 г.

У Бабруйску прастойвае завод масавых шын акцыянэрнага таварыства «Белшына». Працоўных адправілі ў адпачынкі ды на падшэфнае сельгаспрадпрыемства. Вытворчасьць спынілася яшчэ 25 сакавіка, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Аднавіць працу плянуюць на пачатку красавіка.

Пра спыненьне вытворчасьці паведаміў старшыня суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Белшыне» Артур Міхалап. Актывіст кажа, што прычынаў прастою ён дакладна ня ведае.

«Пакуль інфармацыі замала. Усё прыхавана. Ад 25 сакавіка па 1 красавіка завод стаіць. Зборачныя цэхі. Хто кажа, што няма збыту, таму спыніліся. Так выглядае сытуацыя, што ніхто не казаў пра нейкія праблемы — і тут спынілі вытворчасьць. Палову людзей адправілі на сярэдні заробак у падшэфную гаспадарку. А другая палова — на 2/3 у адпачынак. Кажуць, што адбываюцца рамонтныя дні і прыборка тэрыторыі».

Пра прастой кажуць і працоўныя заводу. «Альбо збыту няма, альбо сыравіны», — выказваецца адзін з працоўных.

Застаўся ў нас працаваць толькі каляндравы цэх. Ён робіць абгумаваньне на іншыя заводы.

«Застаўся ў нас працаваць толькі каляндравы цэх. Ён робіць абгумаваньне на іншыя заводы. А зборачныя цэхі сталі ўсе, — тлумачыць суразмоўнік. — Каго ў калгас на сярэдні заробак. З нашай зьмены адправілі дзесяць чалавек. Зь іншай — дваццаць чалавек. А астатнія — дамоў за дзьве траціны заробку. Да гэтага таксама было незразумела што. То сыстэма забівалася, то нечага не хапала. Абы-як працавалі».

У адміністрацыі прызнаюць, што завод масавых шын не працуе. Прычынаў прастою не называюць:

«Тое, што ён стаіць, тое праўда. Да 1 красавіка. А пра прычыны я не ўпаўнаважаны казаць. Званіце кіраўніцтву, якое ўпаўнаважанае гаварыць з прэсай», — сказаў адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.

Спробы высьветліць абставіны прастою вытворчасьці засталіся марнымі.

На заводзе масавых шын працуе некалькі сот чалавек. Ён вырабляе шырокі спэктар пакрышак для аўтамабіляў. У афіцыйных крыніцах рэгулярна паведамляюць пра мадэрнізацыю вытворчасьцяў акцыянэрнага таварыства «Белшына». Год таму актывісты заводзкай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу заяўлялі пра масавыя скарачэньні працоўных.

«Белшына» — найбуйнейшае прадпрыемства Магілёўшчыны. Ад яго ягонай працы залежыць напаўненьне рэгіянальнага бюджэту. Пра праблемы на прадпрыемстве афіцыйныя крыніцы паведамляюць зрэдку. Вядома, што ў ліку многіх прадпрыемстваў рэгіёну, якія прадаюць прадукцыю і набываюць сыравіну на расейскім рынку, праз рэзкую дэвальвацыю расейскай валюты пацярпела і «Белшына».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG