Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калаўр абяцае стабільны рубель, Жураўкоў — «балёнскі працэс»


Павал Калаўр

Павал Калаўр

Дзяржаўным ведамствам працягваюць прадстаўляць новых кіраўнікоў. Пасьля Савету міністраў, дзяржаўных камітэтаў, аблвыканкамаў і прамысловых прадпрыемстваў сёньня са сваімі начальнікамі пазнаёміліся супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, а таксама Міністэрства падаткаў і збораў. У працоўнай рэзыдэнцыі Аляксандар Лукашэнка «прэзэнтаваў» кіраўніка сваёй адміністрацыі Аляксандра Косінца і ягоных намесьнікаў, а таксама старшыню Нацыянальнага банку Паўла Калаўра.

Маштабная кадравая замена, наладжаная Лукашэнкам пры канцы году, ня мае аналягаў за ўсе 20 гадоў ягонага прэзыдэнцтва. Шэраг чыноўнікаў проста пасунулі па гарызанталі ці падвысілі зь першых намесьнікаў, але некаторыя на такія высокія пасады скокнулі ўпершыню. Сярод такіх — найперш новыя старшыня праўленьня Нацбанку Павал Калаўр і міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Пасьля цырыманіялу ў адміністрацыі прэзыдэнта свае прыярытэты на чале цэнтрабанку спадар Калаўр акрэсьліў так:

«Прыярытэтнай задачай зьяўляецца забесьпячэньне фінансавай стабільнасьці. У першую чаргу гэта, безумоўна, неабходнасьць надалей рэалізоўваць меры па стабілізацыі на валютным рынку, забясьпечваць валютаабменныя апэрацыі. Вельмі важна ў цэлым захаваць і разьвіць рэсурсную базу для банкаў, дзеля таго каб у такі няпросты час можна было падтрымаць рэальны сэктар эканомікі».

Кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін кажа, што новаму старшыні Нацбанку давядзецца таксама «ачалавечыць» вобраз банкаўскай сыстэмы, бо з падачы атачэньня Лукашэнкі ствараецца карцінка таго, што банкі «жыруюць», а банкіры толькі і мараць, як выбудаваць фінансавую піраміду:

«Перадгісторыя такая. Адміністрацыя прэзыдэнта дала дзяржкантролю даручэньне — правесьці дэталёвы аналіз эфэктыўнасьці тых захадаў, якія зрабілі Нацбанк і ўрад. Па сутнасьці, трэба было прааналізаваць скаардынаваную праграму дзеяньняў, якую зацьвердзілі года паўтара таму. Ну вось, дзяржкантроль у сілу сваіх магчымасьцяў зрабіў аналіз і вырашыў, што адзіны, хто вінаваты ў правале, — гэта Нацыянальны банк, банкаўская сыстэма. На мой погляд, гэта не зусім так. Здаровае зерне, вядома, у гэтым ёсьць, але яно адно з многіх. Падобны погляд на фінансавую сфэру занадта прымітыўны».

Кіраўнік адукацыйнага ведамства Міхаіл Жураўкоў — ці ня самы малады доктар навук, ступень атрымаў у 32 гады. Адрозна ад папярэднікаў, якія задавольваліся кансэрватыўным станам нацыянальнай адукацыі, ён заявіў пра неабходнасьць міжнароднай інтэграцыі праз Балёнскі працэс:

«Самую пільную ўвагу цяпер трэба аддаць сярэдняй школе, усё ж вызначыцца, што такое базавая адукацыя. У мяне некалькі задумаў наконт стварэньня грамадзкай камісіі на дзяржаўным узроўні, у якую ўвайшлі б прадстаўнікі і адміністрацыйных структураў, і школы, і самі навучэнцы, дзеля таго каб выпрацоўваць адзіную думку, як далей нам разьвіваць школу. Таксама ёсьць шмат пытаньняў па вышэйшай школе — нам абавязкова трэба ўступіць у Балёнскі працэс».

Андрэй Кабякоў

Андрэй Кабякоў

Сярод чыноўнікаў вышэйшага рангу, якіх Лукашэнка прадставіў калектывам асабіста, быў і новаабраны прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў. Старшыня ўраду, адчуваючы падтрымку, дазволіў сабе нават крыху паразважаць пра неабходнасьць дывэрсыфікацыі ў эканоміцы:

«Сытуацыя ў сьвеце няпростая. Наша эканоміка, на жаль, вельмі залежная ад зьнешніх рынкаў. Але ў той жа час хапае праблемаў і клопатаў унутры. Таму мы павінны навесьці ідэальны парадак і паказваць ідэальныя вынікі — з тым, каб максымальна мінімізаваць той нэгатыўны ўплыў, які на нас аказвае сусьветная эканоміка. Рашэньні прымаюцца, рашэньні гэтыя вывераныя, эфэктыўныя. Задача наша — ня страціць тэмп і апраўдаць тыя спадзяваньні народа, краіны, якія зьвязваюцца з працай ураду, галоўнага эканамічнага штабу».

Усяго пад канец году Лукашэнка зрабіў тры дзясяткі новых прызначэньняў. Ён прызначыў пяць дырэктараў буйных прамысловых прадпрыемстваў (МАЗ, «Белшына», «Гомельшкло», Менскі маторны завод, «Бабруйскаграмаш»); тры старшыні аблвыканкамаў (Берасьцейскага, Віцебскага, Магілёўскага), восем — міністры, іх намесьнікі і кіраўнікі камітэтаў (адукацыі, падаткаў і збораў, эканомікі, прамысловасьці, Белстату, камітэту па маёмасьці), яшчэ пяць прыпадаюць на ўрад і Нацбанк (Кабякоў, Сямашка, Мацюшэўскі, Калаўр, Качанава), тры — на адміністрацыю прэзыдэнта (Косінец, Снапкоў, Бузоўскі). Экс-кіраўнікі Нацбанку Пракаповіч і Ермакова адкамандзіраваныя ў назіральныя рады камэрцыйных банкаў. Незадоўга да таго было прынята яшчэ некалькі кадравых рашэньняў, уключна з прызначэньнем новага старшыні Менскага гарвыканкаму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG