Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Афіцыйны Менск выратаваў ад санкцый «Беларуснафту». Але ці вызваліць палітвязьняў?


Падчас візыту ў Менск напрыканцы лютага гэтага года намесьнік памочніка Дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Эрык Рубін заявіў журналістам, што санкцыі ЗША ў дачыненьні да Беларусі будуць дзейнічаць, пакуль ня будуць выкананыя ўмовы для іх адмены.

І вось ужо 10 сакавіка Дзярждэпартамэнт ЗША адмяніў санкцыі адносна прадпрыемства «Беларуснафта», якія дзейнічалі з 29 сакавіка 2011 году. Як адзначае амэрыканскі бок, «Беларуснафта» больш не займаецца дзейнасьцю, якая падпадае пад санкцыі, а таксама ў гэтым пляне атрыманы гарантыі на будучыню.

Санкцыі адносна «Беларуснафты» былі накладзеныя ў сувязі з кантрактам беларускага прадпрыемства з іранскай кампаніяй NaftIran Intertrade. То бок за яе ўдзел у іранскім нафтавым сэктары.

Чаму адны санкцыі супраць афіцыйнага Менску ЗША адмяняюць, а іншыя працягваюць?

Палітоляг Андрэй Фёдараў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначыў, што здымаючы цяпер санкцыі з беларускага прадпрыемства амэрыканскі бок дэманструе пэўную пазыцыю.


«Тым самым дэманструецца, што тут няма такой жорсткай пазыцыі:альбо усё, альбо нічога. То бок калі афіцыйны Менск робіць нейкія крокі насустрач, дык адпаведныя крокі робяцца і Вашынгтонам. Такім чынам у беларускага боку не павінна быць засьцярогаў, што яго падмануць».

Санкцыі ЗША ўводзілі адносна афіцыйнага Менску па розных прычынах.

«У 2011 годзе мінімум чатыры разы яны ўводзіліся. Двойчы менавіта з-за палітычных прычынаў, з-за таго, што адбылося ў Беларусі ў сьнежні 2010 года. А двойчы — супраць беларускіх прадпрыемстваў, якія супрацоўнічалі з Іранам, што супярэчыць амэрыканскаму закону. Так санкцыі супраць беларускага оптыка-мэханічнага аб’яднаньня (БелОМА) і „Белтэхэкспарту“ былі ўведзеныя на два гады і зьнятыя вясной 2013 году. Санкцыі супраць „Беларуснафты“ былі ўведзены за яе супрацоўніцтва з Іранам, меркавалася там распрацоўваць нафтавае радовішча Джафэйр. Аднак гэта не атрымалася з розных прычынаў, ня думаю, што толькі з-за санкцый. Але нейкія гарантыі беларускі бок даў амэрыканскаму і з прадпрыемства зьнялі санкцыі. А тыя, што былі ўведзеныя па палітычных матывах, застаюцца. Таму тут ніякіх супярэчнасьцяў няма».

У 2011 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць прадпрыемстваў «Нафтан», «Гродна Азот», «Белшына» і «Гродна Хімвалакно». Паводле амэрыканскага боку, гэтыя санкцыі накіраваныя на кампаніі і пэўных асобаў, якія адказныя за супрацьдзеяньне дэмакратычным працэсам і інстытутам у Беларусі, або зьвязаныя з парушэньнем правоў чалавека і палітычным ціскам.

Нафтан

Нафтан



Першапачаткова эканамічныя санкцыі адносна канцэрну «Белнафтахім» ЗША ўводзілі ў лістападзе 2007 года з-за парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. З верасьня 2008 года па люты 2011 года санкцыі адносна двух прадпрыемстваў «Белнафтахіма», «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно», прыпыняліся, то аднаўляліся. Гэта стала рэакцыяй на разгон дэманстрацыі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня.

Адно з пасьлядоўных патрабаваньняў ЗША да афіцыйнага Менску гэта вызваленьне палітвязьняў у Беларусі. Андрэй Фёдараў не выключае, што гэтае патрабаваньне таксама зьвязанае з санкцыямі.

«Ня трэба забывацца і на пэрсанальныя санкцыі — забарона на ўезд вялікай колькасьці афіцыйных асобаў Беларусі і замарожваньне іх рахункаў, калі яны будуць знойдзены на Захадзе. Гэтыя санкцыі таксама дагэтуль дзейнічаюць».


Паводле некаторых аналітыкаў мінімальным абавязковым крокам з боку ўладаў для паслабленьня санкцыяў было ў свой час вызваленьне шасьцярых палітычных зьняволеных, уключаючы Аляксандра Казуліна, які вёў актыўную кампанію супраць Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе. Аднак афіцыйны Менск ніяк не адказваў да студзеня 2008 году. Праз два месяцы пасьля замарожваньня рахункаў «Белнафтахіму» прадстаўнік ураду Лукашэнкі канфідэнцыйна зьвярнуўся ў амбасаду ЗША ў Менску з пытаньнем, які будзе адказ Амэрыкі, калі ўлады вызваляць палітзьняволеных. Цягам 48 гадзін пасьля атрыманага амэрыканскага адказу, быў вызвалены першы палітвязень.

Ці спрыялі санкцыі вызваленьню Аляксандра Казуліна? Андрэй Фёдараў мяркуе так:

«Наколькі я памятаю афіцыйна гэта ніхто не прызнаў. Гледзячы па часе Казулін і яшчэ двое былі вызваленыя праз тры дні пасьля расейскай агрэсіі супраць Грузіі. То бок можа і гэта адыграла істотную ролю. Я ня ведаю, наколькі галоўным вагарам тады ў гэтай справе былі санкцыі».

Але ці можа афіцыйны Менск падаць нейкія сыгналы цяпер, пасьля адмены санкцый адносна «Беларуснафты», і пайсьці далей, зрабіць нейкія крокі адносна вызваленьня палітвязьняў?

«Я гэта не выключаю, гэта можа адбыцца. Але я асьцерагаюся сьцьвярджаць з упэўненасьцю. Так, мы назіраем пэўнае збліжэньне. Але наколькі далёка гатовыя пайсьці беларускія ўлады, сказаць цяжка. Гэта залежыць ад таго, як будуць складвацца дачыненьні з Расеяй. Канечне, размовы пра вызваленьне палітвязьняў вядуцца. Але пакуль што не зразумела, наколькі беларускі бок гатовы пайсьці на такі крок», — мяркуе Андрэй Фёдараў.

Магчыма, дзейныя санкцыі не такія ўжо і адчувальныя, нягледзячы на цяперашнюю эканамічную сытуацыю?

«Канечне, яны не вырашальныя. Гэта не пытаньне жыцьця і сьмерці. Я не ўпэўнены, што яны былі істотныя нават для тых прадпрыемстваў, а ня тое што ў цэлым для дзяржавы. Але тым ня менш у такіх абставінах кожны даляр трэба ўлічваць. І гэта можа таксама паспрыяць вырашэньню праблемы. Застаецца толькі чакаць».

Але адназначна, скасаваньне цяпер санкцыяў адносна «Беларуснафты» у пэўным сэнсе — гэта знак афіцыйнаму Менску, што пытаньні можна вырашаць, мяркуе Андрэй Фёдараў.

Паводле МЗС Беларусі, пачынаючы з 1997 года, Злучаныя Штаты пачалі ажыцьцяўляць у адносінах да Беларусі палітыку «выбіральнага ўзаемадзеяньня». У 2007-2008 гг. ЗША ўвялі абмежавальныя меры эканамічнага характару ў адносінах да канцэрна «Белнафтахім». Гэтыя дзеяньні ЗША прывялі да эскаляцыі двухбаковых адносін. Беларусь была вымушана пайсьці на адкліканьне пасла ў ЗША і скарачэньне дыпляматычнай прысутнасьці. У 2011 годзе ЗША працягвалі правядзеньне ў адносінах да Беларусі палітыкі санкцый. У жніўні былі уведзены санкцыі супраць чатырох прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім».

Таксама ЗША не аднойчы падаўжалі санкцыі ў дачыненьні да некаторых прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі, уведзеныя 16 чэрвеня 2006 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG