Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Аліневіча могуць перавесьці з калёніі ў «крытую турму»?


Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

У размове з сваякамі ды адвакатам Ігара Аліневіча кіраўніцтва папраўчай калёніі «Віцьба-3» дало зразумець, што палітвязьня могуць перавесьці на камэрнае ўтрыманьне.

«На пачатак кастрычніка было заплянаванае наша спатканьне з сынам, аднак за пару дзён нам пазванілі з адміністрацыі „Віцьбы-3“ і паведамілі, што спатканьне пераносіцца на няпэўны тэрмін, паколькі Ігара за дысцыплінарнае парушэньне пакаралі дзесяцьцю днямі штрафнога ізалятара, — сказала ў размове з Свабодай маці Ігара Валянціна. — Празь дзесяць дзён мы даведаліся, што за першым ШЫЗА быў і другі, а за другім — трэці».

Што павінен быў такога злоснага ўчыніць сын, каб на яго навесілі падобныя спагнаньні? — спалохаліся бацькі Ігара, а таму, не адкладаючы, вырашылі даведацца пра гэта непасрэдна ў турэмнага кіраўніцтва.

Як высьветлілася, палітвязень адмовіўся прыбіраць месцы грамадзкага карыстаньня, бо тады атрымаў бы ніжэйшы турэмны статус. Праз 10 дзён — паўторны загад. І зноў адміністрацыя пачула ад Аліневіча адмову.

«Трэцяе спагнаньне было за тое, што канваіры нібыта чулі, што палітвязень, які ўсе гэтыя 30 дзён сядзіць у адзіночцы, нібыта размаўляў зь сядзельцамі суседняй камэры... Аднак з такім жа посьпехам наш сын, — кажа Валянціна, — мог чытаць уголас нейкія вершы, якіх ён ведае багата. Што яшчэ рабіць у ШЫЗА, дзе чалавеку не дазволена ні пісаць, ні чытаць?»

Кіраўніцтва калёніі таксама паведаміла бацьку Ігара Аліневіча, што наступнай штрафной санкцыяй у выпадку непадпарадкаваньня вязьня можа быць ізаляцыя ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), а потым — перавод асуджанага ў так званую «крытую» турму.

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які ў свой час як злосны парушальнік турэмнага парадку быў пераведзены з Івацэвіцкай калёніі ў Гарадзенскую «крытую» турму, пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам:

«Хутчэй за ўсё, выглядае так, што ёсьць указаньне зрабіць з Аліневіча злоснага парушальніка і асудзіць яго паводле 411 артыкула з утрыманьнем на больш жорсткім, чым у калёніі, турэмным рэжыме».

У ШЫЗА палітвязень мусіць прабыць да 20 кастрычніка.

З прызначаных васьмі гадоў пазбаўленьня волі актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч адбыў чатыры. Сваёй віны (хуліганскія дзеяньні што да афіцыйных будынкаў) ён не прызнаў. Адмовіўся і пісаць прашэньне аб памілаваньні. За кратамі напісаў кнігу пра ўтрыманьне ў СІЗА КДБ «Еду ў Магадан».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG