Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ігар Аліневіч нарадзіўся 24 верасьня 1983 году. Спэцыяліст па радыёэлектроніцы. Працаваў у НПА «Пеленг», удзельнічаў у стварэньні расейска-беларускага спадарожніка. 28 лістапада 2010 года Аліневіч быў гвалтоўна выкрадзены беларускімі спэцслужбамі ў Маскве і зьмешчаны ў «амэрыканку». Асуджаны 27 траўня 2011 году па справе анархістаў разам зь Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам. Атрымаў найбольшы тэрмін — 8 гадоў пазбаўленьня волі. Аліневіча абвінавацілі ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсьця каля Генэральнага штабу 19 верасьня 2009 году; нападзе на казіно «Шангры Ла» 5 сьнежня 2009 году; падпале дзьвярэй філіялу Беларусбанку 31 траўня 2010 году; нападзе на расейскую амбасаду 30 жніўня 2010 году; нападзе на турму на Акрэсьціна 6 верасьня 2010 году. Адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі.

Маладафронтавец Алесь Кіркевіч, ідэйны праціўнік анархіста Ігара Аліневіча, назваў свайго сукамэрніка па Наваполацкай калёніі інтэлектуалам:

Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч

«Час-почас мы размаўлялі пра Гуляйпольскую рэспубліку, грамадзянскую вайну ў Гішпаніі, ваенныя званьні вэрмахту і СС... Да ягонага ўзроўню ангельскай мовы мне сапраўды было далёка — гутарыць на замежнай мове пра філязофскія катэгорыі мне было не пад сілу».

Моўную практыку, дарэчы, Ігар набываў на круізным лайнэры ў Карыбскім моры — працаваў служачым на судне. Хто б мог сумнявацца ў тым, што нават там, пад пякучым сонцам і небам без аніводнай хмаркі, гучалі ў ангельскім вымаўленьні прозьвішчы Бакуніна, Крапоткіна, Махна...

Пасьля трэніроўкі (Ігар справа).

Пасьля трэніроўкі (Ігар справа).



У школе Ігар Аліневіч вучыўся добра, займаўся тэнісам, барацьбой. Ніякіх праблемаў нават у падлеткавым узросьце ў бацькоў зь Ігарам не было. Вось што пра яго кажа маці аднаклясьніка спадарыня Ірына, якая ведае Ігара больш за 20 гадоў:

«Ён калі да нас прыходзіў — вось такое сонейка, такі вось прыемны хлопчык. Я заўсёды ведала, што зь ім заўсёды надзейна, зь ім дакладна, я ўпэўненая, што ўсё будзе добра і правільна, калі мой сын зь Ігарам. Ён настолькі глыбока прыстойны хлопец, ён сапраўдны! Не перастаём плакаць, не перастаём маліцца. Гэта, канечне, гора...»



Аднаклясьнік Ігара Аляксандар падтрымлівае сваю маці:

«Ёсьць сябры, а ёсьць сапраўдныя сябры. Дык вось Ігар адносіцца менавіта да сапраўдных сяброў. Я яго ведаю зь першай клясы, заўсёды быў самы надзейны, самы лепшы мой таварыш, на якога заўсёды можна было здацца. Ён ніколі не падводзіў, ніколі не хлусіў — ня быў двудушны, як большасьць цяперашніх хлопцаў».

Ігар зь сястрой Кацярынай і маці.

Ігар зь сястрой Кацярынай і маці.



Калі Ігар вучыўся ў старэйшых клясах, захапіўся гісторыяй, філязофіяй і фізыкай. Гісторыяй — больш за ўсё, распавяла маці Валянціна Аліневіч:

«Настаўніца гісторыі яго вельмі выдзяляла і нават жартам называла „яйкагаловым“ — яна лічыла, што Ігар вельмі таленавіты хлопец».

Але сваёй спэцыяльнасьцю Ігар абраў не гісторыю, а радыёэлектроніку. Паступіў ва ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Усе вакацыі падпрацоваў на будоўлях — не хацеў залежаць ад бацькоў. На апошнім жа курсе, ужо перад самай абаронай дыплёму, кінуў вучобу і паехаў на год працаваць на круізны лайнэр у Карыбскае мора, распавядае спадарыня Валянціна:

«Пасьля таго як вярнуўся з круізнага лайнэра, калі збыліся мары пра тое, як цудоўна на Гаіці і выспах Карыбскага мора, у Мэксыцы — гэта ўсё ён пабачыў, ён зразумеў, што жыць трэба тут. Ігар аднавіўся на вучобе ва ўнівэрсытэце і абараніў дыплём».

Узгадвае аднакурсьнік Ігара Анатоль:

«Ён вельмі мэтанакіраваны. У нас спэцыяльнасьць — інжынэр па радыёэлектроніцы. Напэўна, з усёй групы толькі ён адзін працаваў па спэцыяльнасьці. Спачатку ён працаваў у прыватным прадпрыемстве, досыць пасьпяхова. Потым сышоў на дзяржаўнае прадпрыемства. І надалей плянаваў працаваць у галіне электронікі, нешта зьвязанае з космасам».

Ігар працаваў на навукова-вытворчым аб’яднаньні «Пэленг», кажа маці спадарыня Валянціна:

«Працаваў непасрэдна над стварэньнем беларуска-расейскага спадарожніка. Праца яго вельмі цікавіла, ён ёй вельмі даражыў. Калі зразумеў, што яму пагражае рэальны тэрмін, больш за ўсё баяўся, што страціць кваліфікацыю як спэцыяліст. Не пра сябе думаў, а пра сваіх бацькоў — як яны гэта перажывуць, і пра сваю працу».

Высока ацанілі кваліфікацыю Аліневіча і супрацоўнікі «амэрыканкі». Вось што напісаў Ігар у лісьце да сястры Кацярыны: «Калі зьяжджаў на Валадарку, начальнік СІЗА прыйшоў у камэру. Гаварыў пра несправядлівы прысуд і прапаноўваў застацца ў іх на прывілеяваных умовах — хакерам працаваць.

Абяцалі ноўтбук. Пасьля, калі адмовіўся, прапаноўвалі ў пэрсанал абслугі пайсьці. Танныя мэтады».

Літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, які сядзеў разам з Аліневічам у «амэрыканцы», перакананы, што Ігар — ідэйны анархіст:

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

«Ён лічыць, што, на жаль, дзяржава застаецца інструмэнтам гвалту над свабодай асобы. Гэта чалавек, які чытаў Бакуніна, Крапоткіна. Дзякуй богу, і мне давялося чытаць Бакуніна і Крапоткіна, але ўсё ж такі ў ягоным узросьце больш даводзілася цытаваць і чытаць іншых клясыкаў — Маркса і Энгельса. Але ён чытаў менавіта іх. Яго цікавіць жыцьцё, яго цікавяць кампутары, яго цікавіць гісторыя, геаграфія».

Ідэямі анархізму Ігар зацікавіўся яшчэ ў школе, кажа маці, спадарыня Валянціна:

«Ён яшчэ ў школе пісаў рэфэрат па гісторыі, які называўся „Нестар Махно: міты і легенды“. Ён вельмі шмат літаратуры прачытаў. Ужо пасьля гэтага выйшаў у Расеі шматсэрыйны фільм пра Махно. Але чамусьці рэжысэр фільму дагэтуль на свабодзе, а Ігара пасадзілі менавіта за тое, што ён не адмовіўся ад ідэяў. Ён сапраўды падзяляў ідэі анархісцкага руху».

На выпускным вечары ў школе з маці, сястрой і бацькам.

На выпускным вечары ў школе з маці, сястрой і бацькам.



Маладафронтавец Алесь Кіркевіч пацьвярджае:

«Мяне зьдзіўляла, як Ігар у карантыне Наваполацкай калёніі даводзіў ідэі анархізму ўсім, хто быў побач: нават алькаголікам ды дробным хуліганам. „Каму ты гэта распавядаеш? Навошта ім гэта?“ — пытаўся я. „А што — лепш замкнуцца ў сабе? Трэба працаваць з тым, хто ёсьць побач!“ — настойваў Ігар. Такой веры і ўпэўненасьці хапала ня кожнаму прапаведніку, а тут — прапагандыст загадкавага сацыяльнага вучэньня, пра якое ведалі ўсе, але пра ягоную сутнасьць — адзінкі».

Аляксандар Фядута кажа, што зь Ігарам Аліневічам было вельмі цікава і вельмі цяжка спрачацца:

«Калі можна сказаць, што турма ў пэўным сэнсе становіцца ўнівэрсытэтам, калі ўлічваць, што ўнівэрсытэты эўрапейскія заўжды былі месцам для дыскусій, у нашай чацьвёртай камэры, якую мы называлі „зялёная падводная лодка К-4“, быў сапраўдны дыскусійны клюб. І калі недабіты марксіст Фядута і малады і ўпэўнены ў сваёй рацыі анархіст Аліневіч пачыналі спрачацца, усе астатнія нашы суседзі сядзелі і слухалі».

Маці Ігара спадарыня Валянціна распавядае:

«У апошнім слове на судзе ён сказаў, што ў нашай краіне могуць асудзіць і даць рэальны тэрмін любому і кожнаму. «Мяне лічаць нейкім злым геніем і асудзілі толькі за тое, што я не адмаўляю свайго дачыненьня да анархісцкага руху. Як любыя рухі, і сыстэмнай апазыцыі, і несыстэмнай, гэты рух быў пад пільным наглядам „органаў“. Любая таталітарная дзяржава ўрэшце пачынае шукаць ворагаў. А калі іх няма, яна штучна іх стварае».

На ўроку гісторыі.

На ўроку гісторыі.



Аднойчы падчас прагулкі ў амэрыканцы Аліневіч сьнежкамі напісаў на сьцяне «Віват, анархія!» Трое ў масках запатрабавалі, каб ён зьняў швэдар і выцер надпіс. Аліневіч заявіў, што зробіць гэта, але не адзеньнем. За гэта яго жорстка зьбілі. У лісьце з турмы да сястры Кацярыны Ігар Аліневіч апісаў зьдзекі за кратамі:

«Пасьля Плошчы пачаўся масавы прэс. У СІЗА нагналі карнікаў у масках. Пастаянна раўлі, рэгулярныя шмоны. Гэта душыла волю. Пасьля Новага году зьбілі тройчы за непадпарадкаваньне зьневажальным загадам. Ініцыятарам гэтай „творчасьці“ стаў начальнік СІЗА КДБ Арлоў. Забралі тэлевізар, потым вярнулі, але круцілі перадачы пра містыку, чачэнцаў, жыдамасонскую змову і іншае. Гэта моцна ціснула на псыхіку, але глядзець абавязкова... Прымушалі голым стаяць на падлозе, прысядаць бяз мэты, некаторых клалі проста тварам. Але самае жорсткае — бег з рэчамі і матрацам па калідорах і лесьвіцах..

Пра шматлікія парушэньні падчас сьледзтва і судовага працэсу па справе анархістаў праваабаронцы падрыхтавалі цэлы трактат і прызналі Аліневіча, Дзядка і Францкевіча палітвязьнямі. А Беларускае тэлебачаньне паказала пра іх цэлы выкрывальны фільм. Аднаклясьнік Ігара Аліневіча Аляксандар абураны мэтадамі БТ:

«Мы ролевымі гульнямі займаліся, рэканструкцыяй — дасьпехі рыцарскія сярэднявечныя рабілі. А тое, што па БТ паказалі (ёсьць нават спасылка на YouTube) — мы рабілі ролік для гульні, а БТ выразала адтуль кавалкі і прадставілі, быццам бы там нейкія бандфармаваньні невядома што вырабляюць. Хоць сэнс быў абсалютна іншы, быў і сайт па гульні, і правілы, і людзі ў гэтую гульню гулялі, ёсьць шмат фатаграфій. Гэта было такое „фэнтэзі“, а перарабілі ў невядома што».

Маці Ігара Аліневіча перакананая, што яе сын паводле сваіх перакананьняў ня мог дзейнічаць гвалтоўнымі мэтадамі, удзельнічаць у падпалах і нападах:

«Я ў гэтым цалкам упэўненая, таму што ведаю свайго сына. Ігар заўсёды адстойваў менавіта мірныя акцыі, самаарганізацыю ў грамадзтве. У дзень народзінаў Лукашэнкі ён ніколі б не пайшоў з „кактэйлем Молатава“ рабіць яму такі падарунак, нападаючы на расейскую амбасаду. Па-другое, ён чалавек абсалютна іншых поглядаў — ён інтэлектуал. Можна было схаваць яго ў іншай краіне. Мы проста ня верылі, што да такога маразму дойдзе».

Нават у турме Ігар цікавіцца навінамі, балюча рэагуе на ўсе падзеі. Вось цытаты зь ліста да маці, датаванага 26 сьнежня:

«А з украінскімі фэміністкамі паступілі па-сьвінску... Чым далей разьвіваюцца падзеі, тым больш яўная гістэрыя ў вярхах. Апарат усё больш нагадвае капрызнае дзіця-пераростка, якое руйнуе ўсё вакол. Страх пранізвае вэртыкаль, але самыя драконаўскія меры не дапамогуць — толькі дэманструюць бясьсільле ўлады... Тузанінай за нітачкі з аднаго цэнтру арміі з тысяч няздараў і хапуг можна пабудаваць толькі казарму і калгас, а не квітнеючую краіну... У гэты няпросты час менавіта салідарнасьць дазваляе людзям заставацца людзьмі. Мноства нябачных сувязяў адзін з адным, галоснасьць і дзеяньне ўтвараюць сілу. Хто маўчыць — той пераможаны, прыйдуць наступным разам і ўсё забяруць. Так ужо было ў нашай гісторыі», — піша Ігар Аліневіч.

На пытаньне маці былога палітвязьня Фёдара Мірзаянава Людмілы, ці можа чалавек перажываць шчасьце ў турме, Ігар адказаў: «Можа. Турма толькі ўмацавала маю веру ва ўласныя сілы. Якая формула шчасьця? Цьвёрда стаяць за прынцыпы альтруізму і годнасьці, справядлівасьці і свабоды, усебакова разьвівацца па пірамідзе Маслоў і самарэалізоўвацца. Імкнуцца да гармоніі сацыяльных і індывідуальных памкненьняў...»

МІКАЛАЙ ДЗЯДОК. ПАРТРЭТ НА ФОНЕ КРАТАЎ

АЛЯКСАНДАР ФРАНЦКЕВІЧ. ПАРТРЭТ НА ФОНЕ КРАТАЎ

ЯЎГЕН ВАСЬКОВІЧ. ПАРТРЭТ НА ФОНЕ КРАТАЎ

СЯРГЕЙ КАВАЛЕНКА. ПАРТРЭТ НА ФОНЕ КРАТАЎ

УСЕ ПАРТРЭТЫ НА ФОНЕ КРАТАЎ

АРХІПЕЛАГ БЕЛАГ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG