Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Васьковіч нарадзіўся ў Бабруйску 26 лютага 1990 года ў сям’і рабочых. Вучыўся завочна на журналісцкім аддзяленьні філялягічнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Працаваў у газэце «Бобруйский курьер». У траўні 2011 году Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынку Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю.

Спачатку адбываў пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15, а 12 кастрычніка 2011 года пераведзены на больш жорсткі рэжым у так званую «крытку» — Магілёўскую турму № 4. І там ужо двойчы трапляў у штрафны ізалятар за непадпарадкаваньне.

На абвяшчэньні прысуду Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб зробленым, што лічыць сябе літвінам, а сваім абавязкам — абараняць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці: «За іх я памерці гатовы, таму што жыцьцё кароткае, а радзіма вечная. Я не баюся цяжкасьцяў i з годнасьцю іх пераадолею». І скончыў сваё апошняе слова на судовым парцэсе воклічам «Жыве Беларусь!».

Яўген ня любіць, калі яго за такі неардынарны учынак называюць анархістам. У адным са сваіх лістоў з-за кратаў ён піша: «Зрабіце, калі ласка, каб у прэсе мяне перасталі называць анархістам. Я быў, ёсьць і буду нацыяналістам».

Сябар Яўгена Павал Севярынец: «Ён абсалютна адкрыты хлопец. Адзінае — у яго такі зацяты патрыятызм, які ў любым нармальным грамадзтве проста б лічыўся нармальным патрыятызмам. А ён, як чалавек дзеяньня, хоча проста дзейнічаць — таму што ён патрыёт, а вакол такая адбываецца несправядлівасьць. Таму гэта яго, відаць, і штурхнула кідаць бутэльку, хаця я яму пісаў шмат разоў, што гэта ня нашы мэтады, і нам трэба старацца перамагаць зло дабром».

Самы дарагі для Яўгена чалавек, бадай, ягоная бабуля Тамара Ўладзімераўна. У іх вельмі трапяткія і пяшчотныя адносіны. Бабуля ў нечым не падзяляе яго поглядаў, не ўхваляе некаторыя ўчынкі, але заўсёды стараецца зразумець унука:

«Ён такі патрыёт, за Беларусь. Я кажу: „Жэнечка, ну навошта табе гэта змаганьне? Гэта ж твая радзіма і мая радзіма“. А ён казаў: „Я за Беларусь. Я літвін“».

Хобі Яўгена — гісторыя, беларушчына, кажа ягоная сяброўка Любоў Каменева:

«Аднойчы мы разам езьділі на сустрэчу са студэнтамі-гісторыкамі на тэму Грунвальдскай бітвы, дык ён так адказна паставіўся да запрашэньня, што падрыхтаваў даклад на 7 аркушоў на беларускай мове. Разам зь перакладам мы слухалі даклад амаль увесь дзень. Было бачна, што ўсё, што тычыцца Беларусі сучаснай і старажытнай — ахоплівае Яўгена цалкам. Ён выдатна ведае гісторыю, нават цікавіцца мовамі, што існавалі на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў ХІІІ стагодзьдзі».

Павал Севярынец ня так даўно апублікаваў у «Нашай Ніве» эсэ пра Яўгена, якое назваў «Усьмешка Васьковіча»:

«Усьмешка — гэта проста ягоная сутнасьць. Ён заўсёды ўсім усьміхаецца: знаёмым, незнаёмым. Вітаецца абсалютна з усімі. Я проста мала такіх людзей бачыў. Такое ўражаньне, што па Карнэгі чалавек жыве. Абаяльны. Каталік».

Бабуля Тамара Ўладзімераўна вельмі ганарыцца выхаваньнем унука:

«Вельмі ветлівы хлопчык, любіць усім дапамагчы. Калі бачыць, што старушка ідзе, заўсёды сумачку ёй паднясе… »

Сяброўка Яўгена Люба Каменева кажа, што Яўген у яе заўсёды асацыюецца з пазытывам:

«Ён заўсёды ўсьміхаецца, заўсёды ў добрым настроі. Памятаю, калі яго затрымалі за тое, што на хакейным матчы ён разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, і за гэта моцна зьбілі, ён узгадваў гэта з усьмешкай. Ён сапраўдны змагар».

Колькі дзён Яўген правёў у штрафным ізалятары, карцэры за непадпарадкаваньне, падлічыць цяжка. У кастрычніку Яўгена перавялі з калёніі ў Магілёўскую турму, так званую «крытку», з фармулёўкай «за шматлікія парушэньні рэжыму (кшталту усьмешкі, адмовы шпацыраваць пад дажджом, патрабаваньня Бібліі). Ужо ў турме ад 10 да 24 сьнежня сядзеў у ШІЗА. Потым, не выходзячы, атрымаў яшчэ 10 сутак. 6 студзеня — ізноў 10 сутак. 18 студзеня ў турме Яўгена наведалі маці Рушаньня і бабуля Зоя. Размаўлялі цягам гадзіны праз шкло. Спадарыня Рушаньня мяркуе, што турэмшчыкаў злуе тое, што Яўген усё робіць з усмешкай. Але трымаецца ён годна, суцяшае родных, што ім на свабодзе цяжэй, чым яму ў турме.

Тамара Васьковіч

Тамара Васьковіч

Бабуля Тамара Ўладзімераўна не спадзяецца, што хутка ўбачыць унука, таму не стамляецца перачытваць ягоныя лісты. Толькі што атрымала новы:

«Шаноўная бабуля, у мяне ўсё нармалёва. Здароўе і настрой файныя. А тое, што ставяцца да мяне добра — то тое ёсьць праўда, бо я пішу пра стаўленьне да мяне іншых асуджаных. Я зараз чытаю Біблію — Стары запавет. Калі будзе магчымасьць, схаді, калі ласка, у касьцёл, набудзь каляндарчык на 2012 год, Катэхізіс і які-небудзь абразок. Прывітаньне ксяндзу Юрыю. На гэтым усё. Змагайцеся».

Аптымістычныя лісты піша Яўген і сябрам. Вось урывак зь ліста да Любы Каменевай: «У мяне ўсё добра. Настрой — файны… Агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця ў мяне адсутнічае зусім. Калі быў у карцэрах — тут і ў зоне, — у мяне зьявілася столькі задумаў… Нават ня ведаю, калі пасьпею ўсё запісаць».

Зь ліста Яўгена Васьковіча Паўлу Севярынцу: «Чытаю раман Генрыка Сянкевіча „Агнём і мячом“. Паболей бы нам такіх рыцараў, як Скшатускі і Падбіпятка, ды такіх вайскаводцаў, як Вішнявецкі. Тады б Лукашэнка не пратрымаўся і некалькі год».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG