Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зін Мар: «Я выбрала 11 гадоў турмы»


Зін Мар Аун
Зін Мар Аун

Бірманская дысыдэнтка Зін Мар Аун правяла ў турме 11 гадоў. Зь іх 7 — у адзіночнай камэры.

У Бірме яшчэ нядаўна налічваліся тысячы палітзьняволеных. Самая вядомая зь іх — нобэлеўская ляўрэатка Аун Сан Су Чжы. Яна правяла пад хатнім арыштам паўтара дзясятка гадоў. Цяпер Аун Сан Су Чжы — лідэрка парлямэнцкай апазыцыі ў Бірме, увесь сьвет прызнае яе за прыклад дысыдэнцкага змаганьня. Яе партыя аб’ядноўвае тысячы дэмакратычных актывістаў. Адна зь іх — Зін Мар Аун — маладая бірманка, якая ў інтэрвію Радыё Свабода апавядае пра свой лёс і лёс сваёй краіны.

Зін Мар Аун мае 37 гадоў. Яна ўсьмешлівая і вельмі сьціплая. Шмат гаворыць пра сваю краіну, паплечнікаў і мала пра сябе.

Зін Мар была студэнцкай актывісткай. Яе арыштавалі ў 1996 годзе. Прысудзілі 28 гадоў за распаўсюд двух дакумэнтаў, адзін зь якіх — верш. Зін Мар кажа, што вершы — такі спосаб змаганьня, які спараджае вялікі ўздым. Яна і сама іх піша, але судзілі яе не за ўласны верш. «Ня думаю, што я такая ўжо добрая паэтка», — кажа яна.

«Тое, што я апынулася ў турме, гэта быў мой выбар. Няважна, колькі часу я там была. Калі я вырашыла далучыцца да нашага руху, я ўжо чакала, што такое можа здарыцца. Думаю, 90 працэнтаў маіх сяброў былі арыштаваныя. А калі яны не былі ў турме, то мусілі выехаць з краіны. Турма або выехаць — іншага выбару не было.

Але ведаеш, калі я гляджу назад, я адчуваю, што я проста выканала свой абавязак як грамадзяніна, як прадстаўніка свайго пакаленьня».

Бірма — краіна ў Паўднёвай Азіі, памерам прыблізна як тры Беларусі. Жыве ў ёй каля 60 мільёнаў чалавек розных нацыянальнасьцяў і канфэсіяў. Людзі збольшага вельмі бедныя, краіну разьдзіраюць міжнацыянальныя канфлікты.

Лічыцца, што Бірмай кіруе адзін з самых рэпрэсіўных і жорсткіх рэжымаў у сьвеце. Вайсковая хунта прыйшла там да ўлады яшчэ ў 1962 годзе. З таго часу бірманцы ня раз паўставалі. Самае адчайнае паўстаньне пачалося 8 верасьня 1988 году. Яно вядомае пад назвай «Чатыры васьмёркі». Хунта здушыла паўстаньне зброяй. Маленькая Зін Мар на свае вочы бачыла, як на вуліцах забіваюць людзей.

«Я тады ня ведала, добрая дэмакратыя ці кепская, але я была ўпэўненая, што ўрад павінен добра ставіцца да людзей. А ён адправіў войска, каб прыцясьняць і забіваць людзей. Гэта было несправядліва. Я бачыла гэта на свае вочы.

Я не хацела жыць у страху. Таму я разумела, што людзі не заслугоўваюць такога ўраду, такой сыстэмы. Ну, і вырашыла змагацца зь імі».

Паступіўшы ва ўнівэрсытэт, Зін Мар далучылася да студэнцкага руху. Студэнты патрабавалі ад ураду вызваліць палітычных зьняволеных, раскідалі ўлёткі. Зінмар апавядае, як разам зь сябрамі бралі квіток у кіно на другі ці трэці ярус. А перад тым як фільм скончыцца, кідалі ўлёткі зьверху ў залю. Было весела. Галоўнае — хутка зьбегчы.

Яе арыштавалі 24 верасьня 1996 году. Некалькі дзён да гэтага яна хавалася, але асабліва не было дзе. Прыйшла дахаты паесьці. Па яе тут жа прыехалі вайскоўцы. Надзелі на галаву чорны мяшок і адвезьлі ў турму.
Зін Мар глядзіць на спадарожнікавы здымак сваёй турмы
Зін Мар глядзіць на спадарожнікавы здымак сваёй турмы

Першы допыт — 5 гадзін. Кожны раз, калі выводзяць з камэры, надзяваюць на галаву чорны мяшок. «Гэта нібыта і не катаваньне, — кажа Зін Мар, — але цяжкая псыхалягічная пакута».

Вайсковы сьледчы дабіваўся, каб яны прызналіся, што належаць да руху. «Мне два дні не давалі есьці і піць — патрабавалі, каб прызналася. Але ня гэта было самае страшнае».

«Найгорш было мужчынам. Іх страшна зьбівалі. Я не хацела прызнавацца. Але тады мой сьледчы клікаў іншага афіцэра, які дапытваў майго сябра. І кожны раз, як я адмаўлялася прызнаць „віну“, яны яго мучылі ў іншым пакоі. Я ўсё адно не прызнавалася. Тады яны прывялі яго ў пакой, дзе мяне дапытвалі, і білі ўжо пры мне.

І я прызналася».

У той турме было жахліва, — кажа Зін Мар.

«Я яшчэ да арышту чула па радыё апповед адной жанчыны, якая была ў такой турме. І я яшчэ на волі спрабавала сабе ўявіць, як гэта будзе са мной, хацела неяк сябе падрыхтаваць. І хоць я ўсё нібыта ведала, але падрыхтавацца да такога немагчыма».

«Мне не дазвалялі мыць галаву і прымаць душ. У мяне не было жаночых сродкаў гігіены — проста забаранялася. Ад таго, што не давалі мыць галаву і стрыгчыся, валасы былі жудасныя, завяліся вошы.

Зін Мар разам з Аун Сан Су Чжы
Зін Мар разам з Аун Сан Су Чжы
Ложак поўны вошай. Спаць немагчыма, бо яны ўвесь час поўзалі па мне. Быў чайнік з халоднай вадой, якую мы пілі і якую выкарыстоўвалі для мыцьця. Вады выдавалі пэўны аб’ём на дзень.

Ежа была жахлівая. Штодня кармілі рысам, а ў ім шмат маленькіх каменьчыкаў з такім невыносным пахам. Мы яго залівалі вадой, прамывалі, і толькі тады яго можна было есьці».

«Я нават не магу патлумачыць, што было кепска, — кажа Зін Мар. — Рыс і бабы — гэта нібыта добра для здароўя, але яны былі такія благія, што мы прымушалі сябе гэта есьці. І штодня — рыс і бабы, рыс і бабы».

Яшчэ было вельмі холадна. Нават калі ты хварэеш і ў цябе тэмпэратура, немагчыма было дабіцца ад іх гарачай вады.

Мая сяброўка па камэры захварэла, у яе была высокая тэмпэратура. Яна не магла болей есьці турэмную ежу. А я ніяк не магла ёй дапамагчы. І гэта самае цяжкае: што ты ня можаш дапамагчы чалавеку, калі яму трэба дапамога».

У гэты момант размовы Зін Мар заплакала — толькі адзін раз.

Судзілі Зін Мар разам з 24 яе сябрамі спэцыяльным судом. Адвакатаў і сьведак не было. Зін Мар атрымала 28 гадоў. Цягнік з палітзьняволенымі, а ў Бірме іх трымаюць асобна ад крымінальнікаў, паехаў у другую па велічыні турму ў краіне. Там Зін Мар правяла 7 гадоў у адзіночнай камэры.

Чытаць кнігі, пісаць не дазвалялася. Найлепшае, што было ў гэтай камэры, кажа Зін Мар, — гэта бачыць праз вакенца неба і чакаць, каб на ім зьявіліся аблокі.

«Вядома, хочацца пагаварыць, падзяліцца сваімі пачуцьцямі. Калі ты хварэеш, ніхто ня можа пра цябе паклапаціцца. Вядома, гэта адзінока. Сапраўднае пакараньне. Але для мяне гэта не было так цяжка. Яны хацелі прымусіць нас пачувацца адзінокімі, але мы не дазвалялі сабе гэтага».

Выратавала Зін Мар мэдытацыя. Да турмы ў яе ніякай практыкі не было — толькі чытала пра мэдытацыю ў рэлігійных кнігах. Але ў камэры гэта давялося ўспомніць.

Зінмар апавядае: чакала, што яе вызваляць раней. Аднойчы чамусьці да яе прыйшла паштоўка ад актывістаў Amnesty International з Чэхіі. Хтосьці там не разабраўся і прапусьціў яе. А пасьля сталі дапытвацца, адкуль у Эўропе пра яе даведаліся. Гэтая паштоўка, як пазьней даведалася Зін Мар, адклала яе вызваленьне на два гады.

«У 2009-м мяне вызвалілі. Гэта было вельмі звычайна, шараговы такі дзень.

Тады вызвалілі аднаго з палітзьняволеных, і я падумала, што сёньня ня мой дзень. Але а другой гадзіне да мяне прыйшоў афіцэр і сказаў: „Ты вызваленая, але не крычы, не кажы нікому“. Я, вядома, не паслухалася, я крычала на ўсю турму. Рэчы свае я таксама раздала іншым зьняволеным».
Зін Мар (другая зьлева) — сярод ляўрэатак міжнароднай жаночай прэміі «За мужнасьць». У цэнтры — першая лэдзі ЗША Мішэль Абама і дзяржсакратар Гілары Клінтан, 2012 год
Зін Мар (другая зьлева) — сярод ляўрэатак міжнароднай жаночай прэміі «За мужнасьць». У цэнтры — першая лэдзі ЗША Мішэль Абама і дзяржсакратар Гілары Клінтан, 2012 год

За той час, што Зін Мар праседзела ў турме, у краіне адбыліся перамены. З-за неэфэктыўнага кіраваньня і міжнародных санкцыяў эканоміка Бірмы фактычна разбурылася. Паўстаньні адбываліся ўсё часьцей. У 2008 годзе на Бірму абрынуўся магутны цыклён, у якім загінулі і прапалі бязь вестак 200 тысяч чалавек. У тым жа годзе вайсковы ўрад пагадзіўся на рэфэрэндум, і прынялі новую Канстытуцыю. Вызвалілі Аун Сан Су Чжы з-пад хатняга арышту. У выніку на выбарах 2012 году Нацыянальная ліга дэмакратыі, якую яна ўзначальвае, выйграла 43 з магчымых для яе 45 месцаў у парлямэнт.

Зін Мар ганарыцца, што асабіста бачыла свайго лідэра 4 разы.

Цяпер Зін Мар кіруе школай палітычных дасьледаваньняў.

«Ведаеш, мне хочацца, каб у палітыку прыйшло больш жанчын. Мне важна падтрымаць іх настолькі, каб яны былі гатовыя ўдзельнічаць у выбарах. Сама ня ведаю, ці буду балятавацца. Мне ня надта цяжка стаць кандыдатам, але гэта толькі ад мяне залежыць. Гэта мой выбар».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG