Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах — трэцяя спроба ўшанаваць польскіх вайскоўцаў


Год таму актывісты двойчы ставілі ў Курапатах помнікі, аднак кожны раз памятныя знакі бясьсьледна зьнікалі.

23 жніўня ва ўрочышчы Курапаты гісторык Ігар Кузьняцоў разам зь сябрамі беларускай філіі Міжнароднага гісторыка-асьветніцкага таварыства «Мэмарыял» усталяваў памятную шыльду ў гонар ураджэнцаў Беларусі — вайскоўцаў польскай арміі, забітых НКУС у 1939–1941 гадах. Гэта ўжо трэцяя спроба ўшанаваць памяць жаўнераў, расстраляных на загад Сталіна.

Ужо пяты год 23 жніўня адзначаюць Эўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Да гэтай даты прымеркаваў трэцюю спробу ўшанаваць расстраляных на тэрыторыі БССР польскіх вайскоўцаў гісторык Ігар Кузьняцоў. Інтэрнаваных польскіх жаўнераў забівалі паводле 68 артыкула Крымінальнага кодэксу БССР за антысавецкую агітацыю і прапаганду.

Кузьняцоў: «Паводле афіцыйных зьвестак, 21877 афіцэраў польскай арміі былі расстраляныя. Там былі і палякі, і беларусы, і габрэі, і ўкраінцы. У турмах заходняй Украіны і заходняй Беларусі было расстраляна 7305 чалавек, зь якіх 3870 — расстраляныя ў турмах Заходняй Беларусі. Таксама нашыя ўраджэнцы былі зьнішчаныя ў Медным, Катыні, Харкаве, Мікалаеве, Херсоне, Менску, Воршы, Баранавічах, Горадні, Берасьці, Вілейцы. Але мы ня ведаем дакладна месцы гэтых пахаваньняў, і дагэтуль памяць пра гэтых людзей не ўшанаваная аніякім чынам. Тут нават ня ў лічбах справа. Нават калі было расстраляна два чалавекі, яны не павінны быць забытыя».

Старшыня беларускай філіі Міжнароднага гісторыка-асьветніцкага таварыства «Мэмарыял» Уладзімер Раманоўскі кажа, што хоць дакладных зьвестак пра месцы пахаваньня польскіх вайскоўцаў няма, іх памяць трэба ўшанаваць менавіта ў Курапатах, якія шмат хто лічыць сымбалем і месцам памяці ўсіх ахвяраў таталітарнага рэжыму:
Усталяваньне памятнага знаку ня значыць, што мы абсалютна перакананыя, што расстрэлы адбыліся тут

«Урочышча Курапаты — гэта агульны сымбаль ахвяраў таталітарнага рэжыму. Тут абавязкова павінен быць памятны знак пра польскае войска, улічваючы, што Курапаты — адзінае зарэгістраванае дзяржаваю месца, дзе можна ўшаноўваць ахвяраў рэпрэсій. Я праводжу паралель з Хатыньню, якая сталася сымбалем ахвяраў фашызму на беларускай зямлі. Але ўсталяваньне памятнага знаку ня значыць, што мы абсалютна перакананыя, што расстрэлы адбыліся тут. Мы проста ведаем, што тысячы жаўнераў польскага войска былі зьнішчаныя ў Беларусі, і хочам ушанаваць іх памяць».

Уладзімер Раманоўскі не выключае магчымасьці зьнікненьня і гэтага, ужо трэцяга мэмарыяльнага знаку ў гонар польскіх жаўнераў — ураджэнцаў Беларусі. Аднак кажа, што нават калі будзе ўчынены чарговы акт вандалізму, грамадзкія актывісты ня спыняць спробаў ушанаваць ахвяраў таталітарнага рэжыму.

Гісторык Ігар Кузьняцоў адзначыў: на жаль, грамадзтва да гэтага часу ня ведае дакладных месцаў пахаваньняў, а таксама прозьвішчаў расстраляных. Аднак пошук дакумэнтаў і іншых крыніц паступова дае плён, і ўжо магчыма назваць некаторыя прозьвішчы:

«Сёньня мы можам мінімальна ўшанаваць тых, у каго няма магілы, у каго няма імёнаў і хто нават не рэабілітаваны. Вось некаторыя прозьвішчы зь беларускага „катынскага сьпісу“: Браніслаў Бахатарэвіч, Сьцяфан Антановіч, Мечыслаў Аўгусьціновіч, Станіслаў Бянькоўскі, Тадэвуш Бярнадзкі, Вітольд Бялевіч, Юзаф Бараноўскі, Марыян Кавалічка, Станіслаў Давідзюк, Станіслаў Кох, Станіслаў Хмялеўскі, Францішак Колбуш, Хенрык Бянкевіч, Уладзіслаў Хмялеўскі, Ігнацій Кель і шмат іншых».

Сябра Зьвязу палякаў на Беларусі Бярнард Пакульніцкі ўсьцешаны, што ў Курапатах будзе памятны знак у гонар польскіх вайскоўцаў. Кажа, што месцаў катаваньняў на Беларусі шмат, але ня ўсе яны вядомыя.

«Няпраўда, што тут палякаў няма. Тут шмат розных людзей закатавана. І беларусы, і палякі. Я ведаю, што ёсьць арганізацыя ў Польшчы, якая шмат ставіць крыжоў. Каля Карэлічаў ёсьць такія крыжы, каля Нясьвіжа ёсьць магіла палякаў, закатаваных у Беларусі. Я падарожнічаў па Беларусі і гэтым пытаньнем займаўся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG