Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кузьняцоў: У Курапатах кожны мае права ставіць крыжы


Ігар Кузьняцоў дэманструе статыстыку па расстраляных афіцэрах польскага войска ў Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі.

Ігар Кузьняцоў дэманструе статыстыку па расстраляных афіцэрах польскага войска ў Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі.

У офісе АГП адбылася прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная сытуацыі з усталяваньнем памятнага знаку польскім афіцэрам у Курапатах. Памятны знак, усталяваны 29 лістапада, зьнік празь некалькі дзён. Прычым гэта была паўторная спроба ўсталяваньня. Першая адбылася 29 кастрычніка, тады знак зьнік літаральна на наступны дзень.

Гісторык Ігар Кузьняцоў перакананы, што і тады, і цяпер гэта зрабілі сябры КХП-БНФ. Па ягоных словах, яны кіраваліся пазыцыяй Зянона Пазьняка, які лічыць, што ўсталяваньне такога крыжа ў Курапатах — гэта правакацыя, а польскіх афіцэраў там не забівалі.

«Мы плянуем усталяваць валун такой вагі, каб ані тры, ані пяць чалавек не змаглі ссунуць яго зь месца. І што б яны там ні рабілі, наяўнасьць гэтага каменя будзе сьведчыць пра тое, што памяць пра людзей, якія расстраляныя на нашай тэрыторыі, жывая», — такімі словамі скончыў прэс-канфэрэнцыю, прысьвечаную сытуацыі ў Курапатах, Ігар Кузьняцоў.

Прэс-канфэрэнцыя, у якой удзельнічалі сам Кузьняцоў, Уладзімер Раманоўскі і Ганна Шапуцька, старшыня каардынацыйнай рады руху «За волю», тычылася незвычайнага канфлікту. Памятны знак забітым у Курапатах польскім афіцэрам скрадзены ўжо другі раз. Ініцыятары ўсталяваньня знаку лічаць, што для абмеркаваньня праблемы, хто насамрэч быў забіты ў Курапатах і месцам ушанаваньня чыёй памяці лічыць урочышча, патрэбныя грамадзкія дыскусіі, круглыя сталы і канфэрэнцыя.

Уладзімер Раманоўскі

Уладзімер Раманоўскі

Уладзімер Раманоўскі 7 лістапада зрабіў відэазапіс таго, як сябры КХП-БНФ Валер Буйвал і Алесь Чахольскі ўкопваюць на месцы, дзе стаяў памятны знак, стары курапацкі крыж. Па гэтым факце нават падалі адпаведную заяву ў міліцыю. Буйвала і Чахольскага дапыталі, але яны заявілі, што проста даглядаюць урочышча і наводзяць там парадак.

Сяргей Ханжанкоў

Сяргей Ханжанкоў

Дысыдэнт Сяргей Ханжанкоў лічыць, што ў Курапатах мы маем справу з ідэйным вандалізмам: «Ёсьць вандалізм стыхійны, а ёсьць вандалізм дзейны. Стыхыйны — прыходзяць п’яныя людзі,валяць крыжы проста так. Але мы назіраем ідэйны вандалізм. Вось, напрыклад, калі разьбілі лаву Клінтана — людзі ведалі, што рабілі. Усяго два чалавекі вядомыя па Курапатах, бо знайшлі пры раскопах даведкі. І гэтыя прозьвішчы габрэйскія. Мы ўсталявалі таксама шыльдачку ў іхную памяць, але камусьці не спадабался, і яе спалілі. І вось гэта ўжо трэці выпадак, калі зьнішчаецца менавіта па прынцыпе: „а мы ня згодныя, што тут ёсьць палякі“».

Спадар Кузьняцоў праштудзіраваў усе 8 інтэрвію лідэра КХП-БНФ і палічыў патрэбным прывесьці контраргумэнтацыю да кожнай з цытатаў. Ён прывёў факты, якія даводзяць, што ў Курапатах былі забітыя ад трох да васьмі з паловай тысяч палякаў.

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька канстатуе: «Людзі, якім неабыякавыя Курапаты, падзеленыя. Сябры КХП прызнаюць Курапаты як месца генацыду беларусаў. А мы прызнаем Курапаты як месца ўшанаваньня памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсій. Мы разумеем, што тут, у гэтай зямлі, могуць ляжаць людзі розных нацыянальнасьцяў. І такім чынам нам вельмі складана будзе паразумецца».

Памятны знак польскім афіцэрам адыграў ключавую ролю ў прыцягненьні грамадзкай увагі да Курапатаў. Менавіта плянуючы яго ўсталяваньне, Ігар Кузьняцоў і Ганна Шапуцька выявілі, што каля Курапатаў паўстаў забаўляльны цэнтар «Бульбашъ-хол». «Пазыцыя ўлады ў дачыненьні да Курапатаў супала з пазыцыяй прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці», — заяўляе Ігар Кузьняцоў.

Паводле ягоных словаў, яны ня спыняць спробаў ушанаваць у Курапатах памяць польскіх афіцэраў.

Ігар Кузьняцоў

Ігар Кузьняцоў

Кузьняцоў: «Першы этап у нас завершаны. Дзьве спробы — не ўдалося ўсталяваць. Я прапаную ў красавіку наступнага году, у чарговую гадавіну расстрэлу польскіх афіцэраў на тэрыторыі Беларусі, усталяваць тое, што мы плянавалі — гэта помнік у форме валуна. Будзем думаць, як зрабіць максымум антывандальнай абароны, каб ускладніць зьнішчэньне. Але нават калі застанецца толькі валун, мы будзем ведаць, што гэта ў памяць пра тую катэгорыю, пра якую мы казалі. Інакш далей гэта будзе працягвацца па нарастаючай. Гэта народны мэмарыял. Кожны мае права ставіць. Бо далей скажуць: кожны, хто паставіў крыжы ў памяць сваіх сваякоў, якія невядома дзе — у Курапатах, у Лошыцы, у Бабруйску ці невядома дзе расстраляныя, то пачнецца зьнішчэньне ўжо таго, што ўсталявана. Ніякіх прэцэдэнтаў ня трэба ствараць. Кожны ў народным мэмарыяле мае права ўсталёўваць тое, што лічыць патрэбным».

У апошнія месяцы да Курапатаў была прыцягнутая значная грамадзкая ўвага. Менавіта дзякуючы гэтаму ўдалося дасягнуць надзвычайных вынікаў — уладальнікі «Бульбашъ-хола» абвясьцілі, што плянуюць зрабіць мэмарыял ушанаваньня памяці загінулых. А Міністэрства культуры нават заявіла, што будаўніцтва «хола» адбывалася са значнымі парушэньнямі. Ганна Шапуцька прызнае, што канфлікт з «памятным знакам» адцягвае сілы і ўвагу абаронцаў Курапатаў ад змаганьня з «Бульбашъ-холам». А ці не падарве гэты канфлікт давер грамадзянскай супольнасьці?

«Думаю, што не, не падарве. Большасьць людзей, якія абураныя забудовай рэстарацыі, нэўтральна ставяцца да пытаньня з „крыжамі“. Магчыма, яно іх ня так хвалюе. Ня думаю, што гэта людзей адштурхне. Як бы там ні было, усё роўна гэта сьвятое месца для ўсіх беларусаў. І тое, што гэтая забаўляльная забудова робіцца, гэта вялікае злачынства і абраза».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG