Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінкульт забараніў самавольна ўсталёўваць знакі ў Курапатах


Усталяваньне крыжа польскім афіцэрам, лістапад 2012-га
Усталяваньне крыжа польскім афіцэрам, лістапад 2012-га

Міністэрства культуры даслала гісторыку Ігару Кузьняцову ліст, у якім пацьвярджае забарону на самавольнае ўсталяваньне ва ўрочышчы мэмарыяльных знакаў.

Ліст Мінкульту быў адказам на зварот Маі Кляшторнай аб недапушчэньні ўсталяваньня ў Курапатах помніка загінулым афіцэрам польскай арміі.

Помнік польскім афіцэрам з «Катынскага сьпісу», якія маглі быць расстраляныя ў Курапатах пры канцы 30-х гадоў, летась у кастрычніку ўсталявалі сябры Міжнароднага гісторыка-асьветнага таварыства «Мэмарыял». Неўзабаве яго зьнішчылі невядомыя зламысьнікі, але актывісты «Мэмарыялу» паабяцалі ўсталяваць яго наноў. З гэтай нагоды 22 сакавіка Мая Кляшторная зьвярнулася ў Міністэрства культуры з адмысловым лістом:

Мая Кляшторная
Мая Кляшторная
«Факт расстрэлу ў Курапатах афіцэраў польскай арміі не ўстаноўлены. Тут выяўленыя пахаваньні цывільнага насельніцтва. Усталяваньне памятнага знаку польскім афіцэрам менавіта ў Курапатах не адпавядае сёньняшнім гістарычным рэаліям. Са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што ў красавіку 2013 году будзе зьдзейсьнена спроба ўсталяваць памятны камень польскім афіцэрам у Курапатах без узгадненьня з навуковым кіраўніком гісторыка-культурнай каштоўнасьці і Упраўленьнем аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Прашу вас папярэдзіць спадара Ігара Кузьняцова аб неадпаведнасьці ягонай ініцыятывы і дзеяньняў адносна дзейнай практыкі ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны».

«У мяне трывога толькі адна, што магчымая новая вэрсія адносна польскіх афіцэраў, скіраваная на зьнішчэньне таго, чым сёньня ёсьць Курапаты», — кажа Мая Кляшторная.

У лісьце, дасланым зь Міністэрства культуры спадарыні Кляшторнай, а таксама кіраўніку беларускага аддзяленьня «Мэмарыялу», дасьледчыку гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігару Кузьняцову, паведамляецца, што ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам выкананьне працаў на гісторыка-культурных каштоўнасьцях, а таксама ў зонах іх аховы можа праводзіцца толькі з дазволу Міністэрства культуры. А паколькі Курапаты маюць катэгорыю каштоўнасьці № 1 — гэта значыць міжнароднае значэньне — то такі дазвол Мінкульт можа даць пасьля ацэнкі, якую дасьць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Ігар Кузьняцоў напамінак Мінкульту пракамэнтаваў гэтак:

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў
«Пасьля атрыманьня адказу за подпісам намесьніка міністра культуры сёньня ўсталяваньне любых памятных знакаў у Курапатах незаконнае. Хоць яно было незаконным і дагэтуль, але ніколі ні з боку Міністэрства культуры, ні МУС, ні КДБ не было супрацьдзеяньня па ўсталяваньні ўсіх тых знакаў, якія там стаяць. Таму ў выніку гэтага прэцэдэнту, калі КХП БНФ будзе ўсталёўваць крыж, а ён таксама зьяўляецца памятным знакам, то гэта таксама будзе незаконным. На іх закон што, ня будзе распаўсюджвацца, ці ён будзе распаўсюджвацца толькі на Кузьняцова? Усё роўна гэты знак мы будзем усталёўваць. Але будзем усталёўваць з дапамогай Маі Тодараўны — законным шляхам. Гэта значыць — паводле такой працэдуры: зварот у Міністэрства культуры па дазвол, рашэньне Нацыянальнай акадэміі навук на дазвол на ўсталяваньне памятнага знаку».

Ад 1993 году, калі Курапатам быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ усталявалі ва ўрочышчы сотні мэмарыяльных крыжоў. Новыя крыжы штогод усталёўваюцца падчас традыцыйнай акцыі памяці продкаў «Дзяды». Намесьнік старшыні партыі Юры Беленькі гэтую сытуацыю камэнтуе наступным чынам:

Юры Беленькі
Юры Беленькі
«Мая Тодараўна — навуковы кіраўнік мэмарыялу. Мэмарыял створаны — ім і зьяўляецца лес крыжоў. Усталяваньне крыжоў узгадняецца з навуковым кіраўніком. Ён прызначаны Міністэрствам культуры і мае пэўныя паўнамоцтвы — тут усё адсочваецца. Пярэчаньняў з боку навуковага кіраўніка Кляшторнай не было. Пярэчаньні былі толькі тады, калі некаторыя грамадзяне спрабавалі даказаць, што тут падчас вайны немцы расстрэльвалі гамбурскіх габрэяў. Пэўна, правамерныя дзеяньні былі кіраўніка Кляшторнай і адносна мэмарыяльнага знаку расстраляным польскім афіцэрам, бо няма ніякіх гістарычных сьведчаньняў, што ў Курапатах такое зьдзяйсьнялася».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG