Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якаўлеўскі: «Сытуацыя з Бакіевым можа скончыцца трагічна»


Беларусь зноў заявіла, што не зьбіраецца выдаваць Кіргізстану былога кіраўніка краіны Курманбека Бакіева. Ці можа гэтая тэма ўсплыць на саміце краінаў АДКБ, які магчыма, адбудзецца ў Бішкеку?

Як увогуле можа быць разьвязаная праблема выдачы Бакіева?

На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі

Цыганкоў: Чарговая інфармацыя пра тое, што Менск не зьбіраецца выдаваць Курманбека Бакіева, зноў зьвярнула ўвагу на гэтую тэму. Тым болей што днямі заплянаваны саміт кіраўнікоў дзяржаваў АБКБ. У якім аспэкце гэтая тэма можа ўзьнікнуць на саміце — калі не падчас самога саміту, а падчас нефармальных сустрэчаў кіраўнікоў Кіргізстану і Беларусі?

Якаўлеўскі: Трэба адзначыць, па-першае, што гэты саміт нефармальны, і не абавязкова ён можа адбыцца ў сталіцы Кіргізстане Бішкеку. Напрыклад, я чуў вэрсію, што сустрэча можа адбыцца на Ісык-Кулі, дзе немагчымыя масавыя акцыі пратэсту кіргізаў супраць нявыдачы Бакіева.

Па-другое, безумоўна невыпадкова менавіта зараз зьявілася інфармацыя, што Бакіева ня выдадуць. І натуральна, прычына гучыць так — гэта беларускі грамадзянін. Дарэчы, невядома, ці не прыняў беларускае грамадзянства і малодшы брат Курманбека Жаныш, які ўзначальваў дзяржбясьпеку краіны.

Таксама хачу адзначыць, што цяперашні прэзыдэнт Кіргістану Атанбаеў паводле сваёй імпульсіўнасьці, эмацыйнасьці нічым не саступае Лукашэнку. І я не выключае, што нешта можа і адбыцца ў іхніх адносінах. Атанбаеў у свій час адкрыта крытыкаваў Мікалая Бардзюжа, Генэральнага сакратара АДКБ.

Цыганкоў: А як увогуле можа быць разьвязаная гэтая сытуацыя з Бакіевым? Здаецца, абодва бакі — беларускі і кіргіскі — не зьбіраюцца саступаць адзін адному...

Якаўлеўскі: Я нядаўна быў у Варшаве на мерапрыемстве АБСЭ, дзе былі і кіргіскія дэпутаты. І ў прыватных гутарках яны выказвалі меркаваньне, што гэтая сытуацыя можа разьвязацца трагічна. Яны не выключаюць, што сваякі тых людзей, якія загінулі ў выніку дзеяньняў клана Бакіевых, могуць паспрабаваць сабраць сродкі і ажыцьцявіць «кроўную помсту». Яны не выключалі і такі сцэнар.

Іншай, больш аптымістычнай разьвязкі, я пакуль не бачу. Бо Бакіеў — грамадзянін Беларусі, і паводле беларускага заканадаўства, ня можа быць выдадзены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG