Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Варламава: сьлёзы ў судзе

абноўлена

Саша Варламаў
Саша Варламаў

У Ленінскім судзе Менску працягваецца працэс над мадэльерам Сашам Варламавым, якога вінавацяць у прысваеньні грошай.

16:45 Перапынак да 10-й гадзіны 20 лютага.

16:30 У судзе выступае журналістка БТ Ларыса Гулякевіч. Рабіла рэпартажы з усіх падзеяў «Млына моды», была ў міжнародных паездках. Паводле матэрыялаў справы, яна атрымлівала камандзіровачныя ад Белтэлерадыёкампаніі, а таксама яе імя ёсьць у сьпісах на сутачныя, выдзеленыя дзяржаўным бюджэтам. У судзе Гулякевіч кажа, што для яе гэта загадка. Паводле яе словаў, Варламаў ведаў, што камандзіровачныя ёй аплачвае Белтэлерадыёкампанія.

Пракурор: Перад паездкай вам паведамлялі, што за паездка?

Пацярпелая: Вядома, я ж мушу скласьці плян заданьняў. Я езьдзіла заўжды з апэратарам, у нас была апаратура, мы здымалі рэпартажы, відэафільмы. Камандзіровачныя мне выдавала Белтэлерадыёкампанія. Атрымала іх за ўсе паездкі.

Пракурор: Што ведалі наконт таго, хто аплачвае страхоўку, праезд, пражываньне для вас?

Пацярпелая: Былі ўмовы праекту «Млын моды», і Белтэлерадыёкампаніі забясьпечваўся праезд, пражываньне, віза, калі трэба. Кампанія плаціла толькі камандзіровачныя.

Пракурор: Вы асабіста ад Варламава грошы атрымлівалі?

Пацярпелая: Не.

Пракурор: У ходзе сьледзтва вам прад’яўляліся дакумэнты пра тое, што вы атрымлівалі грошы. Вы іх падпісвалі?

Пацярпелая: Я некаторыя з гэтых дакумэнтаў падпісвала.

Пракурор: За што падпісвалі?

Пацярпелая: Не заглыблялася ў гэтыя пытаньні.

Пракурор: Вам нешта вядома пра выдаткі беларускага боку на гэтыя паездкі?

Пацярпелая: Я ня ведаю пра выдаткі, хто якія нёс. Я творчы чалавек, у мяне было сваё заданьне. Усё было арганізавана вельмі добра. Часта былі беларускія цукеркі, амбасада ўдзельнічала.

Пракурор: Вы па кожнай паездцы рыхтавалі фільм?

Пацярпелая: Так, я сьледзтву прадставіла ўсе матэрыялы.

Пракурор: Вы тэхнічныя моманты здымалі?

Пацярпелая: Фуршэт мы ніколі не здымаем паводле правілаў. Гэта проста журналісцкая этыка. Рэпэтыцыі — абавязкова, і падрыхтоўка, і сам паказ, і тое, як мадэлі праводзяць час. Трошкі пра краіну, пра школы, навучальныя ўстановы. Усё гэта было ўключана ў фільм.

Сьведка выказвае асьцярогу, што ейныя словы будуць перайначаныя.

Судзьдзя: А чаму вы вырашылі, што вашыя словы будуць перайначаныя? У нас вядзецца пратакол судовага паседжаньня. Усё, як вы сказалі, будзе запісанае.

Пацярпелая: Прашу прабачэньня, калі абразіла высокі суд.

Адвакат: Вы тлумачылі, што вам па месцы працы выдзяляліся сутачныя. Кім аплачваўся ваш праезд і пражываньне?

Пацярпелая: Я ў гэтыя тонкасьці не заглыблялася. Ня ведаю.

Адвакат: У паездках, можа, вам былі вядомыя прэтэнзіі з боку польскіх мытнікаў пры перасячэньні польскай мяжы?

Пацярпелая: Ніколі я гэтага ня бачыла. Больш за тое, мы заўжды перасякалі мяжу без праблемаў. Я ўвогуле ніякіх праблемаў ня памятаю.

Адвакат: Вашыя сюжэты ўключаюць усе рэпэтыцыі і паказы?

Пацярпелая: Я стараюся ўсё асьвятляць. У маленькі навінны рэпартаж усё ўвайсьці ня можа. У фільм таксама. У прынцыпе — амаль усё.

Варламаў: Абмяркоўвалі мы з вамі пытаньні, зьвязаныя са зваротам аргкамітэту «Млына моды» на БТ наконт умоваў паездкі, аплаты? Была размова — я плачу за гэта, вы плаціце за гэта?

Пацярпелая: Гэта ж было вядома.

Варламаў: Я ведаў, што я плачу за вашую дарогу.

Пацярпелая: Так, канечне.

Варламаў: Я ведаў, што вы атрымліваеце сутачныя ад Белтэлерадыёкампаніі?

Пацярпелая: Канечне.

Варламаў: Якім чынам тады вашае прозьвішча трапіла ў сьпісы? (верагодна, сьпісы БДУ па налічэньні сутачных. — РС)

Пацярпелая: Гэта для мяне загадка. Бо калі б я атрымлівала камандзіровачныя і там, і там, то я б мусіла нешта вярнуць.

Варламаў: Вы мне прапаноўвалі калісьці называцца дызайнэрам адзеньня?

Пацярпелая: Не, я нават заўжды рабіла заўвагу сваім калегам, што Варламаў — не дызайнэр, а арганізатар праекту, аўтар ідэі.

Варламаў: Вы мяне пазыцыянавалі як чыноўніка?

Пацярпелая: Як чыноўніка ніколі, толькі як творчага, надта творчага чалавека.

Варламаў: Ці было ў мяне патрабаваньне да вытворчасьці фільмаў пра тое, каб кожная калекцыя суправаджалася аўтарствам?

Пацярпелая: Канечне. Вы хацелі, каб паказвалі дызайнэраў, якія выходзяць на паклон. Я казала, што ўсё гэта немагчыма зьмясьціць і затытраваць усіх немагчыма.

Варламаў: Вы былі амаль ва ўсіх паездках і на падрыхтоўцы да «Млына моды»? Вы бачылі супрацоўнікаў БДУ?

Пацярпелая: Мне заўжды было цікава паглядзець, як яны выглядаюць. Я памятаю, як на адным з «Млыноў» вы мне сказалі, што вось супрацоўнік БДУ, трэба было б у яго інтэрвію ўзяць. Для мяне як для аўтара чыноўнікі ня надта цікавыя ў фільме. Я памятаю, вы нават прасілі мяне, каб я ў кагосьці зь іх узяла інтэрвію. Падрыхтоўкай, арганізацыяй заўжды займалася вашая каманда. Ужо я ня ведаю, ці яны датычаць БДУ.

Адвакат: Мэта выездаў фэстывалю за мяжу якая?

Пацярпелая: Я як ніхто ведаю гэтае пытаньне — прапагандаваліся беларускія маладыя дызайнэры, студэнты. Культурны бок краіны. Гэта адукацыйны і культурны праект для моладзі. У дадзеным выпадку — дызайнэры.

Адвакат: Ці годна былі прадстаўленыя дызайнэры, нашая адукацыя і культура?

Пацярпелая: Так, я лічу — вельмі годна.

Адвакат: Як гэта адбілася на іміджы БДУ, краіны?

Пацярпелая: Пра БДУ ня ведаю, а на іміджы краіны — ведаю. Я ня раз брала інтэрвію ў віп—пэрсонаў, усе былі ў захапленьні. Некаторыя казалі, што яны раней нічога ня ведалі пра Беларусь. Меркаваньні заўжды былі самыя лепшыя.

Варламаў: Пасьля паказу ў цэнтры «Мэрсэдэс» вы памятаеце, каб нехта прыходзіў, клаў грошы?

Пацярпелая: Я такога дакладна ня памятаю.

Варламаў: Дзе знаходзіўся дырэктар цэнтру «Мэрсэдэс» падчас паказу? Ці мог ён прыйсьці за кулісы?

Пацярпелая: Ён быў у залі. Не магу сказаць дакладна.

Варламаў: Пабочны чалавек мог зайсьці за кулісы падчас паказу?

Пацярпелая: Не, ніколі чужыя людзі не ўваходзілі. Я помню канфлікт, які быў у Доме прафсаюзаў на адным з «Млыноў». Дысцыпліна заўжды была вельмі жорсткая.

Пракурор: Вы прысутнічалі амаль на ўсіх паказах. Як Варламаў езьдзіў — як шараговы ўдзельнік, арганізатар? І як яго ўспрымаў прымаючы бок?

Пацярпелая: Як аўтара праекту.

Адвакат: Вы езьдзілі да 2007 году. Ведалі, хто арганізуе, нясе выдаткі?

Пацярпелая: Не, я атрымлівала камандзіровачныя ад Белтэлерадыёкампаніі, а ўсё астатняе аплачваў праект.

Адвакат: Самі паказы былі аднаго ўзроўню?

Пацярпелая: Узровень з кожным годам узрастаў.

Адвакат: Вы адзіны чалавек, які здымаў усю творчую дзейнасьць Варламава. Распавядзіце: што гэта за чалавек?

Пацярпелая: Я б пажартавала, але ня тут, напэўна. Гэты чалавек на працягу 20 гадоў арганізаваў фэстываль, якога дагэтуль не было ў РБ. Фэстываль аб’яднаў студэнтаў, дызайнэраў. Ён зрабіў гэты фэстываль міжнародным, прадстаўляў культуру краіны і адукацыю. Гэта быў свайго роду майстар-кляс. Дызайнэры наведвалі навучальныя ўстановы. Замежныя госьці фэстывалю давалі стажыроўкі маладым дызайнэрам, запрашалі іх на навучаньне. У цэлым гэта вельмі добра ўплывала на імідж краіны, на будучае пакаленьне краіны. Што называецца — народная дыпляматыя. І Варламаў усяляк прасоўваў інтарэсы студэнтаў.

Адвакат: Варламаў дзеля грошай займаўся фэстывалем?

Пацярпелая: Як творчыя людзі — грошай ніколі не бывае многа ці мала. Гэта суправаджае вялікую справу. Ня дзеля грошай, ня дзеля імя — дзеля справы, дзеля фэстывалю «Млын моды».

Адвакат: Вы лічыце сябе пацярпелай?

Пацярпелая: Ані ў якім разе. Грошы я атрымлівала ад сваёй кампаніі. Працу сваю рабіла. Вельмі радая, што так доўга займалася гэтым праектам. Мне было цікава.

Судзьдзя: Пра тое, што сутачныя вам налічваюцца, вы ня ведалі?

Пацярпелая: Ня ведала.

Судзьдзя: А што імі распарадзіліся? Паставілі ваш подпіс?

Пацярпелая: Вядома, ненармальна, калі чалавек падпісваецца за іншага.

Судзьдзя: Вам вядома пра тое, як фінансаваліся іншыя паездкі Варламава?

Пацярпелая: Не, ня ведаю. Мне здаецца, што ён укладаў свае грошы, але я дакладна гэтага ня ведаю.




15:53 Пацярпелы Чэкель, кіроўца.

Чэкель: «Я не пацярпелы, хачу паясьніць. Я сябе пацярпелым не лічу...»

Судзьдзя яго перапыняе.

Адказвае на пытаньні пракурора. У якасьці кіроўцы я працаваў у «Інтэркарс».

Быў замоўлены аўтобус для ажыцьцяўленьня перавозак «Нямеччына — Бэльгія».

Чэкель: Нам проста мэнэджэр выдала камандзіровачныя і сродкі на паліва. Быў старшым аўтобуса.

Пракурор: Хто быў кіраўніком групы?

Пацярпелы: Я так зразумеў, што Аляксандар, і яшчэ быў памочнік у яго. Аляксандар ведаў, куды ў гатэль заяжджаць. Пытаньні па руху вырашаліся разам зь ім.

Пракурор: Нікога лішняга не было ў аўтобусе?

Пацярпелы: Не.

Пракурор: Пражывалі дзе?

Пацярпелы: Разам з удзельнікамі.

Пракурор: Хто аплачваў гатэль?

Пацярпелы: Я ня ведаю. У асноўным гэта праблемы замоўцы.

Пракурор: А па дамове?

пацярпелы: Я з дамовай не азнаямляўся.

Пракурор: Па горадзе вазілі ўдзельнікаў?

Пацярпелы: Так, было шмат строяў. У Бэрліне нас беларускі амбасадар адвёз каля Рэйхстага на стаянку.

Пракурор: Вы нейкія грошы ад Варламава ці іншых удзельнікаў атрымлівалі?

Пацярпелы: Не.

Адвакат: За пражываньне ў гатэлі вы самі плацілі?

Пацярпелы: Не, замоўца гэта рабіў.

Адвакат: Як харчаваліся?

Пацярпелы: Сьняданкі былі ўключаныя, астатняе — за свой кошт.

Варламаў: Скажыце, падчас афармленьня дакумэнтаў пры перасячэньні мяжы, засяленьні ў гатэль я займаўся арганізацыйнымі пытаньнямі?

Пацярпелы: Там быў памочнік, Вадзім, ён пашпарты зьбіраў.

Варламаў: А якімі пытаньнямі займаўся?

Пацярпелы: Арганізацыяй паказу.

Адвакат: Вам вядома нешта, ці былі прэтэнзіі ад польскіх мытнікаў пры правозе ў аўтобусе вялікай колькасьці адзеньня?

Пацярпелы: Я ня памятаю.

Варламаў: А яны прасілі даставаць, паказваць, што ў валізках?

Пацярпелы: Так, было.

Варламаў: Я зь імі дачыняўся?

Пацярпелы: Магчыма, я не зьвяртаў увагі, мне сваіх дакумэнтаў хапала. Але торбы правяралі.

Судзьдзя: Ёсьць прэтэнзіі да абвінавачанага?

Пацярпелы: Не.


15:41 Пацярпелая Лазоўская

Адказвае на пытаньні пракурора. Удзельнічала ў «Млыне моды» як дызайнэр, удзельнічала ў кастрычніку 2007 году ў паездцы ў Аўстрыю і Чэхію.

Пракурор: Ці вы ведалі, што на вас выдзеленыя сутачныя?

Пацярпелы: Не.

Пракурор: Фінансавыя дакумэнты падпісвалі?

Пацярпелы: Сьледчы выклікаў. Я бачыла дакумэнты. Але гэта не мае подпісы.

Пракурор: Грошы сутачныя вы ў выніку атрымлівалі?

Пацярпелы: Не.

Адвакат: Прэтэнзіі матэрыяльныя ці маральныя маеце да Варламава?

Пацярпелы: Не, я адразу пра гэта напісала.

Адвакат: Можа, вам нешта вядома пра выдаткі Варламава падчас паездкі?

Пацярпелы: У мяне была вялікая калекцыя, я іншага простага не заўважала. Магу меркаваць, што каб вывезьці такую вялікую колькасьць людзей за мяжу, трэба ўсё прадумаць.

Адвакат: Вам перад паездкай паведамлялася, што сутачныя вам не налічваюцца?

Пацярпелы: Ніхто пра гэта не казаў.

Адвакат: Вы гатовыя былі б адмовіцца ад грошай дзеля правядзеньня паказаў?

Пацярпелы: Думаю, што так.

Варламаў: Вы ведаеце, як вам выдзялялася бясплатная віза?

Пацярпелы: Сказалі, што за кошт арганізатараў.

Варламаў: Вы ня ведаеце, хто гэтым займаўся?

Пацярпелы: Думаю, вы.

Пракурор: Вы раней казалі, што ўсё арганізавана і аплачана за кошт боку, які прымаў?

Пацярпелы
: Я такіх нюансаў ня ведаю. Было ўказана, што ўсё аплачана бакамі. Не магу сказаць.

Адвакат: У судзе вы кажаце, што ня ведаеце пра выдаткі арганізатараў, а ў пратаколе кажаце, што лічылі, што выдаткі нясе прымаючы бок.

Пацярпелы: Я так думала. Дакладна мне такога ніхто не казаў.

Адвакат: Хто вам пра гэта сказаў, вы ня можаце паведаміць?

Пацярпелы: Не, не магу.

Судзьдзя: Хто ўвогуле даводзіў інфармацыю пра тое, як будуць праходзіць паездкі?

Пацярпелы: Дзяўчына Леначка.


15:00 Пацярпелы Хаменка, студэнтка.

Езьдзіла ў кастрычніку 2007 году ў Аўстрыю і Чэхію.

Пракурор: Якія затраты несьлі падчас паездак?

Пацярпелы: Я ня несла затратаў.

Пракурор: Вы ведалі, што на вашае імя выдзеленыя сутачныя?

Пацярпелы: Не, магчыма, я нешта забыла.

Пракурор: Ці вы падпісвалі фінансавыя дакумэнты наконт гэтых паездак?

Пацярпелы: Быў падпісаны дакумэнт, год ня памятаю. Гэта былі дакумэнты пра атрыманьне сутачных.

Пракурор: Хто вам прапанаваў гэтыя дакумэнты?

Пацярпелы: Яўген, здаецца, яго звалі. Гэта супрацоўнік офіса Аляксандра Леанідавіча, я так разумею.

Пракурор: А вы сутачныя, за якія вы расьпісаліся, атрымалі?

Пацярпелы: У выніку — не, але нам былі выплачаныя грошы пасьля паказаў.

Пракурор: За межамі?

Пацярпелы: У Нямеччыне дакладна, у галерэі «Лафает» нам заплацілі грошы.

Пракурор: У якой суме?

Пацярпелы: 100 ці 80 эўра, не магу дакладна сказаць. Я на фінансавыя моманты не зьвяртала ўвагі.

Пракурор: Вам гэтыя грошы выдалі наяўнымі ці гэта была бонусная карта?

Пацярпелы: Былі і бонусныя карткі, былі і наяўныя. Гэта былі розныя паездкі.

Пракурор: У галерэі «Мэрсэдэс» вам давалі грошы? Хто?

Пацярпелы: Алена Запёкіна. Гэта была ўзнагарода за наш удзел у паказе.

Пракурор: Паказвалі беларускую ці замежную калекцыю?

Пацярпелы: Беларускую. У галерэі «Лафает» былі замежныя калекцыі.

Пракурор пытаецца, ці пацярпелая падпісвалася ва ўсіх фінансавых дакумэнтах, якія былі прадстаўленыя ёй падчас сьледзтва. Яна кажа, што расьпісвалася не ўва ўсіх дакумэнтах.

Адвакат: Ці вам паведамлялі, што сутачных няма і іх не выдзяляюць?

Пацярпелы: Не, не было такой размовы. Магчыма, я праслухала.

Адвакат: Вы ведаеце прычыны, дзеля якіх сутачныя вы не атрымалі?

пацярпелы: Магу толькі меркаваць, што грошы ішлі на ідэю, якую многія падтрымаюць. Магчыма, яны маглі траціцца на фуршэты для тых, хто нас сустракаў. І перад судом я чула, як Аляксандар Леанідавіч сказаў: «Бясплатных сяброў не бывае». Магчыма, гэта былі грошы для таго, каб «падлізацца», каб нас наступны раз запрасілі, каб нас не забылі.

Адвакат: Варламаў кажа, што грошы ішлі на арганізацыю паездак і паказаў. Вы лічыце гэтую інфармацыю падманам?

Пацярпелы: Я не лічу гэтую інфармацыю падманам.

Адвакат: Маральныя ці матэрыяльныя прэтэнзіі вы маеце да Варламава?

Ппацярпелы: Не. Вялікі дзякуй, Аляксандар Леанідавіч. Я не магу проста спакойна на гэта глядзець (Пацярпелы плача).

Варламаў: Калі-небудзь я браў у вас грошы?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: У 2008 годзе вы былі ў паездках. Вы ведалі, што на гэтыя паездкі ўвогуле няма грошай?

Пацярпелы: Я фінансавымі пытаньнямі не валодала і не пыталася.

Варламаў: Як вы думаеце: грошы ня выдзеленыя, паездка была, а хто плаціў?

Пацярпелы: Я думаю, гэта былі вашыя расходы.

Варламаў: Згадайце сьнежань 2010 году, я да вас далучыўся ў Брусэлі. Згадайце сход ранкам.

Пацярпелы: Я, магчыма, магу недзе памыліцца, недакладна памятаю. Быў сход у холе, дзе мы сьнедалі. Аляксандар Леанідавіч меў пры сабе дакумэнты і суму, ня ведаю якую. Ён сказаў, што гэта грошы, якія выдзеленыя вам. «Я магу вам іх зараз аддаць. Але мы можам яшчэ тут выступіць. Гэта вашае права». І ўсе мадэлі і дызайнэры ў першую чаргу сказалі — не, ня трэба, мы паедзем далей, давайце заплянуем яшчэ адну паездку. Каб мы маглі паказаць сябе.

Варламаў: Рахунак і грошы я трымаў рукамі? Закрываў рахунак?

Пацярпелы: Не, кожны мог паглядзець.

Варламаў: Гісторыя з адкрытым лістом, які пісалі дызайнэры. Вы прымалі ў ёй удзел?

Пацярпелы: Ідэя ўзьнікла ў дызайнэраў. Я прачытала тое, што там напісана, падтрымала, напісала сваё імя і падпісалася. Там было напісана, што Аляксандар Леанідавіч прасоўвае дызайнэрскую ідэю, саміх дызайнэраў у розных краінах. Ліст быў пра тое, што мы ня маем прэтэнзій да Аляксандра Леанідавіча. Я падпісала добраахвотна.

Варламаў: А дзе былі грошы?

Пацярпелы: Я ня памятаю гэты момант.

Варламаў: Мэта гэтых паездак — прадставіць маё імя як дызайнэра?

Пацярпелы: Маладых дызайнэраў. Вы заўжды яшчэ казалі, каб маладыя дызайнэры атрымалі досьвед і паказалі сябе.

Варламаў: Як вы думаеце, чаму 13 раз запар у гэтых паездках вам давалі бясплатныя візы?

Пацярпелы: Гэта была вашая праца.

Варламаў: Нягледзячы на тое, што грошы не выдзяляліся на візы, а візы былі бясплатныя.

Судзьдзя: Здаецца, пацярпелая ня ведае.

Пракурор агалошвае паказаньні з матэрыялаў справы. Ён бачыць істотныя супярэчнасьці ў паказаньнях.

Пракурор: Пратакол ад 4 траўня 2012 году. Паказаньні тычацца таго, што падчас навучаньня на курсах грошы за навучаньне зьбірала сястра Варламава Рыма Леанідаўна.

Пацярпелы: Допыт вёўся паводле шаблёну. Нейкі адказ устаўляўся ў пытаньне. Вельмі доўга доўжыўся допыт, а я вельмі сьпяшалася. На нейкія моманты я магла сказаць «так», «не». Я таксама шмат чаго ня памятала. У сьледчага былі падрыхтаваныя для мяне пытаньні, але я, магчыма, нешта нават не перачытвала. Першыя толькі старонкі перачытала. А там было старонак 20. Мне трэба было ляцець. Мне сказалі, што мяне не адпусьцяць у самалёт, пакуль я ня дам усе паказаньні.

Пракурор зачытвае паказаньні сьведкі падчас сьледзтва, паводле якіх дырэктар цэнтру «Мэрсэдэс» пасьля паказу перадаў Варламаву суму (на думку сьведкі — ад 10 да 15 тысяч эўра, пачка эўра таўшчынёю ў 1 см, але якія купюры, яна ня памятае). Гэтая сума пасьля была падзеленая паміж дызайнэрамі і мадэлямі. Сама пацярпелая атрымала каля 80 эўра. Паводле пратаколу, пацярпелая нібыта адчувала сумненьні, навошта Варламаў казаў, што для арганізацыі паказу патрэбныя былі грошы, калі дырэктар «Мэрсэдэса» яшчэ аддаў ім гэтую суму.

Пацярпелая пачынае тлумачыць, але судзьдзя робіць выснову, што паказаньні сьведкі пацьвярджаюцца. Аднак пацярпелая яшчэ раз паўтарае, што дакладную суму ня ведае, а грошы былі падзеленыя паміж мадэлямі і дызайнэрамі.

Пракурор зачытвае паказаньні сьведкі падчас сьледзтва, зь якіх вынікае, што Варламаў у выніку прынёс для мадэляў і дызайнэраў пачак грошай меншы, чым быў пакладзены прадстаўніком «Мэрсэдэс». Пацярпеля кажа, што пачак грошай мог быць меншы па аб’ёме, а не па суме.

Варламаў: Вы памятаеце, што я забраў гэты пачак грошай?

Пацярпелы: Я памятаю, што вы іх прынесьлі.

Судзьдзя: Здымаем гэтае пытаньне.

Варламаў: Вы якую візу атрымлівалі: працоўную ці культурнага абмену?

Пацярпелы: Культурнага абмену.

Варламаў: Па візе культурнага абмену вы мелі права атрымліваць нейкія грошы на тэрыторыі ФРГ? Як вы думаеце, дырэктар «Мэрсэдэс» мог пайсьці на такое?

Судзьдзя: Здымаецца пытаньне.

Варламаў: Як вы думаеце, гэта былі ягоныя асабістыя грошы?

Пацярпелы: Я ня ведаю.



14:29 Пачалося паседжаньне. Варламаў просіць рэпліку:

«Перад паездкай быў падпісаны загад, 2010 год, пра паездку ў Бэльгію, а пасьля ў Аўстрыю і Чэхію. У ім былі закладзеныя выдаткі на пражываньне, сутачныя і іншае. Тады незразумела, чаму гэтыя грошы не былі выдадзеныя да паездкі. Ці мог такі загад быць падпісаны? Чаму ён быў падпісаны, калі ведалі, што грошай няма і яны могуць зьявіцца толькі пасьля ўдакладненьня бюджэту, якое адбываецца 24–30 сьнежня? Ці мог БДУ разьлічваць на тое, што гэтыя грошы будуць нарэшце выдзеленыя?

Калі 30 лістапада, паводле дакумэнтаў, былі выдадзеныя сутачныя, то як я пра гэта даведаўся? Я ня быў азнаёмлены ані з гэтым загадам, ані з дакумэнтамі пра выдачу грошай 30 лістапада. Я ня мог пра гэта ведаць і ня мог паведаміць людзям. Я ня мог і вярнуць гэтыя грошы.

Чаму мяне не азнаёмілі з загадам? Зь дзьвюх прычын: гэта рабілі ўціхую. Другое — я проста ня быў супрацоўнікам БДУ і не было неабходнасьці азнаямляць мяне з загадамі. Я мог сядзець дома, нічога не рабіць, ніхто мяне не кантраляваў, ніхто мяне на нарады не запрашаў.

А загад быў падпісаны, як я разумею, да камандзіроўкі. І як ён мог быць падпісаны, калі грошай не было? А сутачныя ўжо былі забітыя?

Я не магу знайсьці адказу на гэтыя пытаньні».


14:20 Перад пачаткам паседжаньня Варламаў абмяркоўвае з адвакатам Паўлам Піваварчыкам пазыцыю абвінавачаньня: грошы на адну з паездак (у Бэльгію і Нямеччыну) былі выдзеленыя дзяржбюджэтам ужо пасьля таго, як паездка адбылася. Пацярпелыя падчас сьледзтва, а таксама ў час суду кажуць, што сутачныя на іх былі налічаныя. Варламаў настойвае, што грошы за гэтую паездку ён атрымаў толькі ў сьнежні 2010 году, а паездка адбылася ў кастрычніку. Маўляў, ён сам мусіў шукаць грошы на гэтую паездку. Ён лічыць, што абвінавачаньне магло б пайсьці інакш, калі б сьведкі адразу ведалі сытуацыю.

12:20 У судзе перапынак да 14:00

12.00 Пацярпелая Осіпава, студэнтка, навучалася ў Агенцтве моды Сашы Варламава.

У фінансавых дакумэнтах яна не расьпісвалася, права такога не давала.

Пракурор: Сума 360 эўра для вас значная?

Пацярпелы: Так.

Пракурор: Хацелі б, каб іх вам кампэнсавалі?

Пацярпелы: Так, я пісала заяву.

Адвакат: Вы ведалі пра выдаткі, якія арганізатары нясуць у паездках у Бэрлін і Брусэль?

Пацярпелы: Не.

Адвакат: Вы ведалі, што грошы перад паездкай ня выдзеленыя?

Пацярпелы: Не, ня ведала.

Адвакат: За які кошт адбываецца паездка?

Пацярпелы: Я ня ведала.

Адвакат: Вы ўсё адно настойваеце на сваіх пазоўных патрабаваньнях?

Пацярпелы: Я напісала заяву.

Варламаў: У вас былі праблемы з пражываньнем?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: Вам нехта скардзіўся, што няма грошай, каб заплаціць за ваш гатэль?

Пацярпелы: Не.

Судзьдзя: Вы падтрымліваеце пазоў у 360 эўра і 30 тысяч беларускіх рублёў?

Пацярпелы: Так.


12:10 Пацярпелы Антон Калодзіч. Навучаўся ў Школе мадэляў Сашы Варламава, плаціў каля 100 тысяч у месяц.

Выяжджаў у Нямеччыну і Бэльгію як мадэль. Пра тое, за чый кошт арганізаваная паездка, нічога ня ведае.

Пацярпелы: Я разумеў, што гэта не за кошт Варламава, а за кошт БДУ.

Сутачных не атрымліваў.

Пракурор: На той момант 360 эўра для вас значная сума?

Пацярпелы: Так.

Пракурор: Як вы лічыце, вы павінны былі ведаць, што на вас ёсьць сутачныя і вы павінны іх атрымаць?

Пацярпелы: Канечне.

Пракурор: Вы раней казалі, што Варламаў вам сказаў, што агенцтва моды аплачвае сьняданкі?

Пацярпелы: Не. Такога не было.

Адвакат: У вас ёсьць матэрыяльныя і маральныя прэтэнзіі да Варламава?

Пацярпелы: Матэрыяльныя — так, тая сума, якая мне належалася. Маральных — не.

Адвакат: Вы зьвярталіся з патрабаваньнем?

Пацярпелы: Здаецца, так.

Адвакат: Вы ведалі прычыны, дзеля якіх вам не налічваюць сутачныя?

Пацярпелы: Не.

Адвакат: Непрадстаўленьне вам інфармацыі пра налічэньне сутачных — гэта падман?

Пацярпелы: Так, я лічу, падман, раз яны пайшлі на іншыя мэты.

Варламаў: Адкуль вы ведаеце, што вам былі налічаныя грошы?

Пацярпелы: Мне падчас сьледзтва распавялі.

Варламаў: А ў які пэрыяд вам былі налічаныя грошы?

Пацярпелы: Падчас паездкі.

Варламаў: Вы ведаеце, што ўвогуле не выдзяляліся на гэта грошы?

Пракурор: Абвінавачаны ўжо каторы раз спрабуе сказіць факты. Дакладна вядома, што гэтыя грошы былі выдзеленыя — на страхоўкі, на сутачныя, на пражываньне...

Адвакат: Вядома, што гэтыя грошы выдзеленыя былі пасьля паездкі.

Пракурор: Быў загад рэктара БДУ, зь якім Варламаў быў азнаёмлены.

Адвакат: Ёсьць жа ордэры, дзе відаць, што гэтыя грошы налічаныя праз два месяцы пасьля паездкі.

Пракурор: Грошы выдадзеныя 30 лістапада 2009 году.

Варламаў: А паездка калі?

Пракурор: У кастрычніку.

Варламаў: Вы ведалі, што на арганізацыю гэтай паездкі перад паездкай грошы не былі выдзеленыя?

Судзьдзя: Загад рэктара ад 17.10.2010 году...

Варламаў: І што, там ёсьць мой подпіс?

Судзьдзя
: Ёсьць загад, дзе напісана, што грошы выдзеленыя.

Варламаў: Мой подпіс пра азнаямленьне з загадам ёсьць?

Судзьдзя: Давайце разьбярэмся з пацярпелым...

Калодзіч: Мне не было нічога вядома.

Варламаў: Пачакайце, Антон, ці ведалі вы перад паездкай пра тое, што на вашае пражываньне, паездку не было грошай?

Пацярпелы: Не, я такога ня ведаў.

Варламаў: Тады хто аплачваў?

Пацярпелы: Я ня ведаю.

Варламаў: Вы ведалі, што ўсе паказы павінны быць тэхнічна абсталяваныя?

Пацярпелы: Так.

Варламаў: Вы ведалі, што грошы на гэта нават у загадзе не былі выдзеленыя?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: Там была дарожка, гук, сьвятло, адасабленьне ад публікі?

Пацярпелы: Так.

Варламаў: За якія грошы?

Пацярпелы: Я ня ведаю, я ня ведаў, што грошы на паездку не атрыманыя.

Варламаў: Цяпер вы ведаеце? Ведаеце, што паездка адбылася ў кастрычніку, а грошы выдзеленыя ў лістападзе?

Пацярпелы: Так.

Варламаў: Ці я мог сказаць вам, што былі выдзеленыя вам сутачныя, калі яны не былі выдзеленыя?

Пацярпелы: Ну, калі вы ведалі, што яны будуць, то мусілі сказаць. Мне здаецца, было б сумленным, калі б вы аддалі мне гэтыя грошы, калі яны былі выдзеленыя. Прынамсі, мусіла быць тлумачэньне, што грошай ня выдзелена, таму грошы пайшлі на тое і другое.

Пракурор Варламаву: Вы прызнаяце пазоў у 360 эўра ад пацярпелага?

Варламаў: Не прызнаю.

Далей адбываецца спрэчка паміж Варламавым, адвакатам і пракурорам.

Варламаў: Я выказваю нязгоду з тым, што зараз адбывалася. Грошы былі атрыманыя 24 сьнежня, а не 30 лістапада.

Адвакат: У ведамасьці паказана, што грошы былі выдадзеныя 30 лістапада, а насамрэч — 24 сьнежня.

Пракурор: Ёсьць авансавая справаздача.

Адвакат: Гэта пытаньні да супрацоўнікаў бухгальтэрыі. Паводле справаздач яны выдзеленыя 30 лістапада, а насамрэч — 24 сьнежня.

Варламаў: Мне было сказана, што калі пры ўдакладненьні бюджэту будуць грошы, то аплацяць, а калі не — то не. Гэта стала вядома 24 сьнежня. Яны былі атрыманыя ў касу. Дакумэнты чамусьці былі аформленыя 30 сьнежня.

Судзьдзя: Вы згодны, што факт усталяваны — на момант паездкі грошай не было?

Варламаў: Але пацярпеламу даводзіцца, што на яго былі выдзеленыя грошы. А насамрэч грошай не было!


11:49 Пацярпелая Ладуцька, студэнтка.

Праходзіла навучаньне ў школе мадэляў Сашы Варламава.

Езьдзіла ў Бэрлін і Брусэль у 2008 годзе. Удзельнічала ў «Млыне моды» на тэрыторыі Беларусі. Атрымлівала за паказы ў Беларусі грошы.

Пракурор: Ці вядома вам пра затраты бацькоў на гэтую паездку?

Пацярпелы: Толькі на мае асабістыя расходы.

Пракурор: Ці ведалі пра тое, што на вас выдзеленыя сутачныя?

Пацярпелы:
Не.

У фінансавых дакумэнтах пацярпелы не падпісвалася, права падпісвацца альбо атрымліваць за яе грошы нікому не давала.

Пракурор: Сума 360 эўра на той момант для вас значная?

Пацярпелы: Так.

Пракурор: Хочаце, каб вам гэтыя грошы вярнулі?

Пацярпелы: Не.

Адвакат: Вам паведамлялі, што на вашае харчаваньне падчас паездкі ня выдзеленыя грошы?

Пацярпелы: Не.

Адвакат: Ці падман тая інфармацыя, што вашыя сутачныя былі патрачаныя на паездкі і паказы?

Пацярпелы: Не. Калі грошы і былі на нешта патрачаныя, то ўсё адно на нас.

Варламаў: Вы ведалі, што на вашую паездку няма грошай увогуле?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: Вы ведаеце, што на тэхнічнае абсталяваньне паказу ўвогуле ніколі не было грошай?

Пацярпелы
: Не.

Варламаў: Вы хоць калі бачылі людзей з БДУ на занятках, на «Млыне»?

Пацярпелы: Па-мойму, не. Здаецца, іх ніхто не прадстаўляў.

Варламаў: Была традыцыя прадстаўляць тых, хто прыходзіць?

пацярпелы: Так, заўжды гасьцей прадстаўлялі.


11:36 Пацярпелая, прозьвішча вымавіла неразборліва, мастачка-мадэльер моладзевага адзеньня.

Удзельнічала ў «Млыне моды» ў якасьці маладога дызайнэра, езьдзіла ў замежныя паездкі.

Пракурор: Што ведалі пра выдаткі на паездкі?

Пацярпелы: Ведалі, што будзе аўтобус, пражываньне і сьняданкі.

Пракурор: Крыніцу фінансаваньня ведалі?

Пацярпелы: Не.

Пракурор: У Бэрліне і Брусэлі несьлі вы выдаткі?

Пацярпелы: Шопінг і праезд у грамадзкім транспарце.

Пракурор: Вашую калекцыю паказвалі?

Пацярпелы: Так.

Пракурор: Замежныя калекцыі паказваліся?

Пацярпелы: Ня памятаю, здаецца, не.

Пракурор: Ці вы ведалі, што на вас выдзяляюцца сутачныя?

Пацярпелы: Не, ня ведала.

Пракурор: Ці расьпісваліся ў дакумэнтах?

Пацярпелы: Не, ня памятаю.

Пракурор: Вам падчас сьледзтва паказвалі дакумэнты фінансавыя пра тое, што вам выдадзеныя сутачныя. Вы пазналі свой подпіс?

Пацярпелы: Здаецца, я не падпісвала.

Пракурор: Вам належалася 573 эўра, для вас гэта была значная сума на 2008 год?

Пацярпелы: Можна сказаць і так.

Пракурор: У вас на сёньняшні момант ёсьць матэрыяльныя ці маральныя прэтэнзіі?

Пацярпелы: Шчыра кажучы, у мяне ніякіх прэтэнзій няма. Гэта была адзіная магчымасьць творча праявіць сябе на подыюме, данесьці ідэі да гледачоў.

Адвакат: Вы ведалі прычыны, па якіх вам Варламаў ці нехта іншы ня кажуць пра тое, што няма сутачных?

Пацярпелы: Не, ня ведала.

Адвакат: Ці вы лічыце падманам тое, што сутачныя ішлі на арганізацыю паказаў і паездак?

Пацярпелы: Не, падманам не лічу.

Адвакат: Асабіста вы Варламаву грошы, дакумэнты перадавалі?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: Ці мелі вы нейкія праблемы, зьвязаныя з тым, што на гэтую паездку ўвогуле не было выдзелена грошай?

Пацярпелы: Нічога такога ня памятаю.

Варламаў: Казалі вам, што таго няма, гэтага няма?

Пацярпелы: Не, у нас усё было.

Пацярпелы кажа, што ўдзячная Варламаву за магчымасьць удзельнічаць. «Для мяне гэта вялікі крок у маёй кар’еры. Бяз „Млына моды“ цяпер перад вамі стаяў быў іншы чалавек. Менавіта дзякуючы „Млыну моды“ я цяпер прафэсійны дызайнэр, які нечага дасягнуў».

Варламаў: Я хачу ўдакладніць: ці я займаўся творчай працай, ці арганізацыйнай?

Пацярпелы: Творчай, нейкія арганізацыйныя моманты былі.

Варламаў: Прадстаўнікі БДУ былі на турах у Віцебску, у Менску?

Пацярпелы: Не, я ня бачыла.

Варламаў: Мэта праекту — гэта мяне паказаць ці іншыя нейкія мэты — шопінг...

Пацярпелы: Не, мэта — паказаць беларускіх дызайнэраў.

Варламаў: Вы ведаеце яшчэ прэцэдэнты, каб з Расеі, Украіны нехта з дызайнэраў так выяжджаў?

пацярпелы: Не, гэта, бадай, адзіны такі праект.

Пракурор: Вам вядома, што сутачныя ішлі на арганізацыю паказаў?

Пацярпелы: Мне дакладна нічога не вядома. Паміж дызайнэрамі ёсьць абмеркаваньне. Заўжды было вядома, што ўсе грошы, якія ёсьць, трацяцца на нас, на арганізацыю, на фуршэты, на мадэляў.


11.18 Пацярпелая Яна Скібнеўская, 17 год. Навучалася ў школе мадэляў Сашы Варламава ў 2006 годзе. Ведае, што бацькі аплачвалі курсы.

Езьдзіла ў замежныя паездкі: у 2008 годзе ў Бэльгію і Бэрлін, у Швэцыю, удзельнічала ў якасьці мадэлі ў «Млынах моды» ў Беларусі.

Пракурор: У Нямеччыне-Бэльгіі колькі было паказаў?

Пацярпелы: Ня памятаю, колькі паказаў. Былі паказы калекцый беларускіх дызайнэраў, замежных паказаў не было.

Пракурор: Дзе пражывалі?

Пацярпелы: У гатэлі.

Пракурор: Дзе харчаваліся?

Пацярпелы: Сьняданкі ў гатэлі, а далей за свой кошт.

Пракурор: Падчас паездкі ў Швэцыю дзе пражывалі?

Пацярпелы: У кемпінгу.

Пракурор: Якое было харчаваньне?

Пацярпелы: Сьняданак дакладна быў, там кухня была таксама.

Пракурор: Ці вы падпісвалі фінансавыя дакумэнты на працягу паездкі?

Пацярпелы: У апошнюю паездку ў Нямеччыну нам сказалі расьпісацца ў дакумэнтах. Гэта былі дакумэнты за атрыманьне грошай.

Пракурор: Чаму вы не спыталіся, што за грошы, калі вам іх выдадуць?

Пацярпелы: У мяне не было ніякага недаверу, сумненьня. Пайшла і расьпісалася.

Пракурор: Паказвалі беларускую калекцыю ці замежную?

Пацярпелы: І тое, і другое.

Пракурор: Ці вы ведалі, што на вашае імя налічаныя сутачныя?

Пацярпелы: Не.

Пракурор: Вам нанесеная матэрыяльная шкода на гэтую суму, якая вам належалася?

Пацярпелы: Я лічу, што не.

Пракурор: 642 эўра і 1 187 тысяч рублёў — для вас на той момант сума значная?

Пацярпелы
: Так.

Адвакат: У вас прэтэнзіі да Варламава ёсьць?

Пацярпелы: Не.

Адвакат: Вам казалі, што грошай на харчаваньне няма?

Пацярпелы: Не.

Адвакат: Вы лічыце падманам тое, што грошы на сутачныя былі патрачаныя на арганізацыю паказаў?

Пацярпелы: Я ні ў чым яго вінаватым не лічу, мы разьвіваліся, займаліся.

Адвакат: Гэта падман ці не падман, па-вашаму?

Пацярпелы: Не падман.

Адвакат: Вы асабіста грошы ці дакумэнты Варламаву перадавалі?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: У час паездкі ў Брусэль і Бэрлін у 2008 годзе вам казалі, што грошы ўвогуле ня выдзеленыя?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: У вас былі фінансавыя праблемы?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: Вы памятаеце паказ у галерэі «Лафает»?

Пацярпелы: Так.

Варламаў: Вам як мадэлі ўдзел у паказе замежных дызайнэраў быў як пакараньне ці як тое, да чаго трэба імкнуцца?

Пацярпелы: Як тое, да чаго трэба імкнуцца.

Варламаў: У Швэцыі вы памятаеце памяшканьне, яно было абсталяванае для паказу?

Пацярпелы: Так, усё было, мы ні ў чым ня мелі патрэбы.

Варламаў: Афішы былі?

Пацярпелы: Здаецца, былі, але не магу дакладна сказаць.

Варламаў: Вы памятае супрацоўнікаў БДУ, якія прымалі б удзел у падрыхтоўцы «Млына моды» і ў паездках?

Пацярпелы:
Я нікога ня бачыла.

Пракурор: Вы адказалі, што грошы пайшлі на арганізацыю паказаў, якія ў вас падставы?

Пацярпелы: У мяне ёсьць свае падставы. Мне так падаецца, гэта асабіста маё меркаваньне.

Судзьдзя: Вам вядома, як, хто арганізоўваў фуршэты?

Пацярпелы: Не.

Судзьдзя: Прэтэнзіі да абвінавачанага маральнага ці матэрыяльнага характару маеце?

Пацярпелы: Не.

Судзьдзя: Падчас допыту вы заяўлялі, што арганізатары паездкі вас падманулі, нанесьлі маральную шкоду і вам давялося наведваць кансультацыі псыхоляга.

Пацярпелы: Так, на той момант я была шакаваная, але пасьля я пераасэнсавала і цяпер лічу так.

Пракурор: Вы падчас сьледзтва сказалі, што маеце матэрыяльныя прэтэнзіі да Варламава?

Пацярпелы: Сьледчы мяне прымусіў падпісаць. Ён мяне проста не выпускаў. Сказаў: Падпішыце і можаце быць свабодныя. А калі не падпішаце, будзеце сядзець. Я падпісала з умовай, што змагу сказаць, што прэтэнзій ня маю.


11:00 Пацярпелая Скібнеўская, выкладчыца хіміі ў гімназіі.

Прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі, якая займалася ў агенцтве моды Сашы Варламава.

Пацярпелы: Я ня думала, каб яна стала мадэлькай. Яна была заўжды высокая дзяўчынка. Нам трэба было нейкія заняткі шукаць, мы знайшлі заняткі дэфіле ў Сашы Варламава. Я нічога лепшага для сваёй дачкі не ўяўляю.

Першыя тры курсы былі платныя, каля 80-100 тысяч рублёў на месяц. Пра дакумэнты аб аплаце ня памятае. Кантралявала наведваньне Рыма Леанідаўна. Дачка езьдзіла ў замежныя паездкі, але маці яе не суправаджала. Пра сутачныя, якія мусілі быць выдзеленыя для дачкі, яна ня ведала.

Пракурор: Вы ведалі, як будзе арганізаванае харчаваньне ў паездках вашай дачкі?

Пацярпелы:
Не.

Адвакат: Вашая дачка несла ў паездках выдаткі?

Пацярпелы: Мы ёй нешта давалі з сабою, а так — не.

Адвакат: У вас ёсьць прэтэнзіі да Варламава?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: У якія паездкі вашая дачка езьдзіла?

Пацярпелы: У Бэрліне, здаецца, у Бэльгіі, у Швэцыі, здаецца, была.

Варламаў: Вы ведалі, што на паездку ў Бэрлін увогуле не былі выдзеленыя ніякія грошы.

Пацярпелы: Не, ня ведала.

Варламаў: А хто плаціў?

Пацярпелы: Нам сказалі, што ўсё аплачана.

Варламаў: Вы мяне ўспрымалі як чыноўніка ці чалавека творчага?

Пацярпелы: Вы для маёй дачкі вельмі творчы чалавек. Вы для яе як тата былі. Я яе адпускала, ёй яшчэ 16 гадоў не было, як з татам адпусьціла. Ведаю, што ў паездках ні ў чым ня мела патрэбы, была накормленая, шмат экскурсій.

Варламаў: Вы мне паперы перадавалі? Грошы?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: Вы з прадстаўнікамі БДУ знаёмыя? Бачылі іх?

Пацярпелы: Не.

10.40 Пацярпелы Жызьнеўскі, майстар-мэханік.

Ягоная дачка навучалася ў агенцтве моды Сашы Варламава. Плацілі каля 90 тысяч на месяц, ніякіх дакумэнтаў пра аплату не выдавалася. Грошы прымала Рыма Леанідаўна (Пацярпелы выказвае меркаваньне, што яе прозьвішча Варламава). Пра курсы даведаліся з рэклямы, але ў ёй не паведамлялся, што курсы будуць платныя.

Суправаджаў дачку ў адной замежнай паездцы ў Нямеччыне і Бэльгіі ў кастрычніку 2008 году. Дакумэнты зьбірала супрацоўніца агенцтва Алена Ўладзімераўна. За ўдзел у паездцы пацярпелы ўнёс 506 эўра. Сьведку патлумачылі, што дзіця едзе за кошт агенцтва.

Пацярпелы: Я быў ня супраць, я быў нават рады.

Пракурор: Што ўваходзіла ў гэтую суму?

Пацярпелы: Афармленьне дакумэнтаў, віза, пражываньне, праезд.

Пракурор: Вашая дачка ўдзельнічала ў паказах?

Пацярпелы: Так, канечне.

Пракурор: Гэта былі калекцыі беларускіх дызайнэраў?

Пацярпелы: Так, толькі беларускіх. Усё было цудоўна, дзіця было шчасьлівае і я таксама.

Пракурор: Ці быў фуршэт пасьля паказаў?

Пацярпелы: Так. Паказ у Бэрліне быў ажыятажны. Яго асьвятляла група АНТ. У той жа вечар яго паказалі па тэлебачаньні. Па ідэі вы мусілі б прымацаваць гэты ролік да справы.

Пракурор: Ці вы ведалі, што на імя вас і вашай дачкі выдзяляюцца сутачныя?

Пацярпелы: Нам ніхто не казаў.

Пракурор: Як харчаваліся?

Пацярпелы: Сьняданак быў, астатняе за свой кошт.

Пракурор: Ці вы ведалі, што візы бясплатныя?

Пацярпелы: Не.

Пракурор: Ці вы ведалі, што пражываньне і харчаваньне вам аплочваюцца?

Пацярпелы: Не, такой інфармацыі ў мяне не было.

Пракурор: Вам належыць 360 эўра, і вашай дачцэ, і вы заплацілі 506 эўра, гэта значная для вас сума?

Пацярпелы: Так, як для беларуса, у мяне заробак менш за тры мільёны, гэта значная сума.

Пракурор: Ці вы хацелі б каб вам яе вярнулі?

Пацярпелы: З пункту гледжаньня закона, так. Але з маральнага пункту гледжаньня... Гэта было выдаткавана на дзіця. Аляксандар Леанідавіч для маёй дачкі шмат зрабіў, як пэдагог у тым ліку. Як бы вам прасьцей сказаць... мая дзяўчынка з задавальненьнем займалася... яна падцягнулася. Яна вырасла і з маральнага пункту гледжаньня. Яна была шабутная... Саша Варламаў так арганізоўваў заняткі, што маленькія мадэлькі круціліся каля дарослых, і гэта яе выхоўвала. Мне гэта вельмі імпанавала. Дзіця з задавальненьнем займалася. Для яе цяпер стрэс.

Пракурор: Я правільна разумею, вы ня хочаце, каб вам гэтую суму вярталі?

Пацярпелы: Гэтая сума была выдаткаваная не асабіста для ягоных патрэбаў, як Аляксандар Леанідавіч патлумачыў тыдзень таму, а для разьвіцьця беларускіх дызайнэраў, прасоўваньня іх за мяжу. Значыць, даводзілася так.

Пракурор: Вы гэта робіце зь ягоных словаў

Пацярпелы: Людзі ж усё бачаць. Інфармацыя ідзе і з інтэрнэту. Я ня бачу, каб ён пабудаваў палацы, катэджы... Я бачу іншых кіраўнікоў, якія ўсё хапаюць, імі кантрольныя органы чамусьці не займаюцца. Я больш скажу, калі б кантрольныя органы імі б займаліся, то... Ня толькі ў галіне культуры ў нас парушэньні... У нас парушэньні на кожным кроку, проста мы ня бачым гэтага...

Судзьдзя: Вы зьмянілі сваё меркаваньне?

Пацярпелы: Я з інтэрнэту ўсё бачу. Я ня бачу, Каб Аляксандар Леанідавіч меў мільён даляраў на рахунку.

Адвакат: Вашая дачка далей навучалася?

Пацярпелы: Так, пасьля трох месяцаў мы яшчэ 50% плацілі тры месяцы. А пасьля Алена Ўладзімераўна сказала, што вашае дзіця трапляе ў асноўны склад, і мы болей не плацілі. Навучаліся 4 гады.

Адвакат: Ці прымалі ўдзел у арганізацыйных сходах перад паездкамі?

Пацярпелы: Ніхто не зьбіраў бацькоў, не магу сказаць... Алена Ўладзімераўна папрасіла дапамагчы Аляксандру Ўладзімеравічу перад паездкай, бо не было грошай. І я дапамог Аляксандру Ўладзімеравічу ў памеры 1000 эўра. Я тады выйграў 15 мільёнаў. Пасьля паездкі, недзе перад новым годам, я гэтую суму атрымаў назад ужо з рук Аляксандра Леанідавіча.

Адвакат: Сума, якую вам трэба было заплаціць, Алена Ўладзімераўна ці Алена Аляксандраўна казала асабіста вам ці іншым бацькам таксама?

Пацярпелы: Асабіста мне.

Адвакат: Вам вядома, колькі іншыя бацькі плацілі?

Пацярпелы: Я не цікавіўся.

Адвакат: Ці вам вядома пра нейкія расходы Варламава, якія ён нёс за мяжой.

Пацярпелы: Я разумеў, што ён нейкія расходы нясе, але якія канкрэтна, я ня ведаю.

Адвакат: Можа вы ведаеце, за чый кошт быў арганізаваны фуршэт у Бэрліне...

Варламаў: Вы мне асабіста перадавалі грошы за навучаньне, паперы?

Пацярпелы: Не.

Варламаў: Ці часта вашая дачка ўдзельнічала ў паказах па Беларусі?

Пацярпелы: Так, часта.

Варламаў: Можна сказаць, што вас падманулі, увялі ў зман?

Пацярпелы: Да моманту, пакуль я даведаўся са СМІ... Не, да моманту званка на мой мабільны тэлефон старэйшы галоўны сьледчы пазваніў, я быў шакаваны, раней у мяне не было ніякіх прэтэнзій, усё было добра.

Варламаў: Вы ведалі, што на паездкі, у якіх вы ўдзельнічалі, не былі выдзеленыя ніякія грошы?

Пацярпелы: Я чуў ад Алены Ўладзімераўны, што паездка можа сарвацца, грошай няма, Саша робіць усё магчымае. Гэта чула яшчэ мама Эмілі, і яшчэ адна дзяўчынка. Вось я ведаю, што мама Эмілі вам каля 2000 эўра пазычала на гэтую паездку.

Варламаў: Вы ведалі, што паездка адбываецца за пазычаныя грошы?

Пацярпелы: Так, ведаў.

Варламаў: Ці былі збоі ў арганізацыі?

Пацярпелы:
Усё было, усё было цудоўна.

Варламаў: Вы ведалі, што паездка адбываецца не за бюджэтныя грошы?

Пацярпелы: Так, ведаў.

Варламаў: Як вы думаеце, шкода беларускай дзяржаве, БДУ была нанесеная ў выніку нашых паказаў?

Пацярпелы: Асабіста маё меркаваньне... Прасоўваньне беларускай моды на захадзе — гэта ня шкода. Гэта наадварот.. каб ведалі... добра.

Варламаў: Я сябе высоўваў на пярэдні плян?

Пацярпелы: Ані разу ў гэтай паездцы гэтага не было.

Варламаў: Якую ролю граў БДУ, вы бачылі прадстаўнікоў БДУ? На паказах, на «Млыне моды»?

Пацярпелы: Не, я нібыта не бачыў.

Судзьдзя: У дакумэнтах расьпісваліся фінансавых?

Пацярпелы: Не.

Судзьдзя: Грашовыя сродкі атрымлівалі, зьвязаныя з паездкай?

Пацярпелы: Не.



10.15 Пачалося паседжаньне. У залі 3 сьведкі і сястра Варламава Рыма.

Саша Варламаў прызнаў сваю віну толькі ў нясплаце падаткаў.

У справе праходзяць 300 пацярпелых. На мінулых паседжаньнях суд заслухаў каля 20 зь іх. Амаль усе дапытаныя адмовіліся ад прэтэнзіяў да Варламава.

Пацярпелыя кажуць, што на іх ціснулі сьледчыя.

Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» абвінавацілі, між іншага, у крадзяжы ў вялікім памеры праз злоўжываньне службовым становішчам.

На мінулых паседжаньнях Варламаў часткова прызнаў віну — ён ня сплачваў падаткі.

Сьведкамі і пацярпелымі ў справе праходзяць 800 чалавек.

Варламаў быў арыштаваны ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай.

Судзьдзя — Надзея Навіцкая

Адвакат — Павал Піваварчык


Адзін з пракурораў — Антон Загароўскі — той самы, які прадстаўляў бок абвінавачаньня ў працэсе над былым кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым.


Першы дзень: Саша Варламаў — на месцы Канавалава-Кавалёва

Другі дзень: Варламава перавялі з «залі сьмяротнікаў»

Дзень трэці: Скрыні шампанскага, «Белавескай», ікры і беларускага хлеба

Дзень чацьверты: Варламаў прызнаў сваю віну, што не сплаціў падаткі

Дзень пяты: Працэс Варламава: сьведкі кажуць пра ціск з боку сьледчых

Дзень шосты: Мадэлі адмаўляюцца ад статусу пацярпелых

Пацярпелыя становяцца на бок Варламава
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG