Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 лютага допыт Варламава працягнецца


Саша Варламаў

Саша Варламаў

У судзе Ленінскага раёну працягваецца працэс над мадэльерам Сашам Варламавым. Трэці дзень.

Пасьля абеду Аляксандар Варламаў працягваў даваць паказаньні адносна паездак на фэстывалі «Млын моды» ў краіны Эўропы. Сваячка Варламава, якая прасіла не называць яе імя, паведаміла «Свабодзе»:

«Ён распавядаў пра тое, чаго каштавала кожная паездка, за што грошы ён сам плаціў, а што аплачваў БДУ. Што яму даводзілася плаціць шмат, і гэтыя грошы ён знаходзіў у спонсараў ды браў з тых сродкаў, якія зьбіралі з удзельнікаў паездак. Скончыў сёньня паездкай у Нямеччыну, Чэхію ды Швэцыю, але год я ня памятаю. Заўтра допыт працягнецца».

Прадстаўнікі пракуратуры, паводле крыніцы, працягвалі задаваць Аляксандру Варламаву ўдакладняльныя пытаньні наконт выдаткаў на паездкі. «Але гэта іх справа — ціснуць на яго праз пытаньні», — мяркуе крыніца.

Паводле крыніцы, Аляксандар Варламаў у другой палове дня 6 лютага трымаўся мужна. «Але я не ўяўляю, як ён вытрымае такі даўгі працэс», — кажа сваячка абвінавачанага Аляксандра Варламава.

13.00 Абвешчаны перапынак да 14.00.

12.50 Варламаў распавядае пра паездкі ў Вену і Прагу ў 2007 годзе. Кажа, што за сутачныя аплаціў паказы. А БДУ плаціць за транспарт, візы і страхоўкі.

Варламаў прызнаўся, што наўмысна не паведамляў людзям, куды пайшлі сутачныя.

12.30 Варламаў узгадаў, што ў кожную паездку браў некалькі скрыняў шампанскага, «Белавескай», ікру, беларускі хлеб і цукеркі «Камунаркі».

12.20 Варламаў ня змог патлумачыць, чаму з бацькоў ён браў розныя сумы гроша

12.00 Варламаў распавядае пра паездку ў Швэцыю ў 2007 годзе. Згадвае, што паром аплаціў са сваіх грошай загадзя.

11.50 Судзьдзя зрабіла Варламаву заўвагу за тое, што ён выказаўся на адрас пракурора: «Дзіцячы садок».

11.20 Пракурор: Які заробак вы атрымлівалі ў «Агенцтве»?

Варламаў: Ня памятаю, гэта трэба паглядзець у бухгальтэрыі. Памятаю, што я ўвесь час быў у даўгах. Часта мне дапамагала патранажная рада. Мне як аўтару праекту дапамагалі розныя людзі. Гэта былі абсалютна розныя сумы. То 1,5 мільёна, то 2–3. Бывала, што частку матэрыяльных выдаткаў бралі на сябе фундатары.

Пракурор: Якія крыніцы былі ў вас, акрамя заробку афіцыйнага і дывідэндаў?

Варламаў параіўся з адвакатам і адмовіўся адказваць на гэтае пытаньне, бо, як ён лічыць, гэта ня тычыцца справы.

Варламаў пра свае абавязкі: «Аплаты візаў, бронь выдаткаў на транспарт. рэкляму, рассылку, кантакты з прэсай, тэлебачаньнем, тэхнічнае забесьпячэньне паказу, арганізацыя прыёмаў, арганізацыя праезду празь мяжу. Як праходзяць польскую мытню — усе ведаюць: калі ў кішэню не пакладзеш — не прапусьцяць. Арганізацыя экскурсій для ўдзельнікаў».

Варламаў пералічыў асноўныя свае абавязкі. Хоць, паводле яго, гэтым усім мусіў бы займацца БДУ.

Пракурор: Ці памятаеце, хто вам перадаваў грошы на сутачныя?

Варламаў: Ня памятаю.

Пракурор: А што вам казалі, як тлумачыць людзям, калі ў іх бяруць грошы?

Варламаў: Гэта «грошы на арганізацыю паездкі».

Тут Варламаў згадаў, што ў Вене застаўся вінен 7 тысяч даляраў і таму ім не дазволілі новы паказ. «Мне не было чым плаціць. Яны надзьмуліся і не прыехалі больш да нас», — сказаў мадэльер.

Пракурор: Ці пыталіся ў вас вашы супрацоўнікі, як афармляць дакумэнты наконт грошай?

Варламаў: «Не, я не спэцыяліст у гэтай справе».

Пракурор: У той паездцы транспарт аплачваў БДУ?

Варламаў: Так. Але мне за месяц да таго трэба было падаць дакумэнты ў амбасаду, і таму мне трэба было заплаціць гатоўкай. Гэта маглі быць і грошы бацькоў, якія здавалі грошы на паездку. Я не займаўся сьпісамі, не кантраляваў, хто дзе. Было 4 сьпісы. Дзеці былі таксама.

Пракурор: Хто казаў бацькам, што трэба здаваць грошы?

Варламаў: Паводле інструкцыі бацькоў увогуле не павінна было быць у сьпісе. Таму мне давялося зьвярнуцца да іх: яны мусяць самі аплаціць свае выдаткі. Туды ўваходзілі: гатэль, віза ды іншае.

Варламаў настойвае, што грошай ад бацькоў не атрымліваў.


10.15 Варламаў распавядае пра паездкі за мяжу: Першая — 1997 году ў Бэрлін. Гэта было ў межах фэстывалю «Супэрмадэль Беларусі», якім займалася «Агенцтва моды Сашы Варламава». Гэта прыватнае прадпрыемства, ён быў яго заснавальнікам.

Згадвае, што з 1991 году быў дырэктарам Агенцтва, гэта была камэрцыйнае ўстанова. Зараз кажа, што Агенцтва было арганізаванае ў 1992 годзе.

«Агенцтва» працягвала ідэю Менскага тэатру моды, які закрыўся напярэдадні, бо спынілася фінансаваньне з боку дзяржавы, сказаў Варламаў.

Агенцтва ў асноўным займалася правядзеньнем паказаў беларускай моды. Наколькі гэта было рэнтабельна, можа паказаць бухгальтэрыя.

Варламаў: У 2001 годзе я прапанаваў аргкамітэту ў Бэрліне, што я прывязу 100 чалавек для паказу мадэляў моды як беларускай, гэтак і нямецкай. Са мной пагадзіліся. Калекцыя называлася «Чульлівасьць кветак». 1000-мэтровы подыюм у Бэрліне і там значылася — БДУ. Але ўсю творчую працу цягнула Агенцтва. Тады былі выдадзеныя маленькія сутачныя — 10-20. Я дамовіўся пра бясплатнае харчаваньне.

А потым былі іншыя паездкі. У 2005 годзе паехалі ў Рым. Мне ўдалося там знайсьці фундатараў. БДУ заплаціла нейкія грошы. Ня памятаю, якія, бо я абсалютна не камэрцыйны чалавек, гэта ўсё праходзіла паўзь мяне. Не было камандзіровачных — гэта дакладна. Адзіны выпадак, калі была аплочаная тэхнічная частка кожнага туру. Гэта было адзіны раз. Далей 5-ы тур конкурсу праходзіў без аплаты тэхнічнага стану.

Нас адпраўлялі «проста так», без тэхнічнага забесьпячэньня. Мне даводзілася шукаць партнэраў, фундатараў, якія б маглі аплаціць тэхнічны стан 5-га туру конкурсу — бо гэтага не было ў інструкцыі.У Мінадукацыі я даводзіў, што гэта трэба абавязкова, але інструкцыю не мянялі.

У 2006 годзе я падняў пытаньне, што не магу справіцца з праектам пры такіх умовах, не магу за свае грошы забясьпечваць тэхнічную.

«Мы часта на паказах апраналі дзяўчынак у хлопчыкаў і гэтак паказвалі хлапечую моду, бо хлапцоў не маглі узяць ў дэлегацыю».

Суд: А хто вам даў грошы на паездку ў Бэрлін, пра якую вы кажаце?

Варламаў: Дакладна я ўжо ня памятаю. Згадваю, што паказы былі ў галерэі «Лафает» і ў «Рускім доме». Пасьля паказаў былі фуршэты, якія каштавалі вельмі дорага. Мадэлі былі беларускія, а калекцыі часта былі замежныя.

Пракурор: А чаму тады, паводле вас, пры паказе замежных калекцый нашымі мадэлямі вы несьлі страты?

Варламаў: Частковыя страты. Ня цалкам. Афіцыйных заробкаў нашы мадэлі не атрымлівалі, бо тады б была канкурэнцыя і пра гэта б даведаліся мясцовыя журналісты. Нам было катэгарычна забаронена атрымліваць хоць якія заробкі. Былі нейкія бонусы, але не заробкі.

Пракурор: Хто даваў загад мадэлям апранаць замежныя калекцыі і выходзіць на подыюм?

Вардамаў: Іх апраналі, яны выходзілі. Гэта была абавязковая ўмова ўдзелу ў паказе. Ніхто ім больш не загадваў.

Пракурор: Якая частка дэманстрацыі беларускіх і замежных калекцый?

Варламаў: Частка тых, частка іншых. Па-рознаму. Мы паказвалі ня моду — мы паказвалі творчыя магчымасьці. Тое, што паказвалі мы, апранаць было немагчыма. Гэта была творчасьць. І трапіць з нашымі калекцыямі ў галерэю «Лафает» — гэта было... вельмі... Беларускі амбасадар заўсёды адкрываў усе нашы паказы. Мы былі на асабістым рахунку, нас любілі, шкадавалі.

Пракурор: А хто быў кіраўніком паездкі?

Варламаў: Не магу сказаць, хто. Я быў кіраўніком па творчых пытаньнях. На мяжы было складана.

Пракурор: Былі сытуацыі, калі вы былі кіраўніком групы?

Варламаў: Ня ведаю.

Пракурор: У справе ёсьць ваша службовая запіска, дзе вы самі называеце сябе кіраўніком групы.

Варламаў: Ня памятаю. Калі вы пакажаце гэтую паперу, я скажу. Я творчы чалавек і ня памятаю ўсіх момантаў.

Пракурор: Ці памятаеце вы, колькі было тэхнічнага пэрсаналу ў паездцы?

Варламаў кажа, што ня памятае. Наконт пабочных асобаў — таксама ня памятае.

Варламаў: Былі толькі выпадкі, калі перавозілі празь мяжу і везьлі да Бэрліну ці адтуль нейкага чалавека ад амбасады.


10.30 Далей Варламаў распавядае пра першую паездку, 2007 году, якая згадваецца ў абвінавачаньні: «Пры падачы дакумэнтаў у амбасаду, за месяц да таго, трэба было даць квітанцыю на аплату гатэлю, страхоўкі на ўсіх чальцоў дэлегацыі. Дэлегацыя была больш за 52 чалавекі, хаця інструкцыя больш не дазваляла. Запрашэньне на паездку было двух відаў, на два розных склады. Я пераканаў БДУ, каб тыя выдалі нам даведку для амбасады, што ўсе страты бярэ на сябе БДУ. Гэта трэба было для амбасады, каб тыя выдалі візы. Мне даводзілася шукаць варыянты. Я пастаянна быў у вар’яцкіх пазыках 7-8 тысяч эўра.

Вельмі часта я пазычаў валюту ў бацькоў, калі не было чым расплачвацца. Гэтак і ў 2007 годзе мне не аплацілі за гатэль.

За візы я заплаціў свае грошы, мне гэта не вярнулі. Людзей было больш за 60, па 60 эўра за візу. 3600 эўра я заплаціў толькі за візы. Бацькі, якія ехалі з намі, 6 чалавек, па 60 даляраў вярнулі, а іншыя —не.

У першым сьпісе было людзей больш на 15 чалавек, чым трэба, за кошт запасных. А яшчэ было 3 сьпісы — на розныя выпадкі. Вельмі часта дакумэнты «завісалі» ў прыёмнай рэктара і гэта пагражала паездцы ўвогуле. Калі так, я мог прыйсьці да рэктара без папярэдняга узгадненьня. Прыходжу да яго. Васіль Іванавіч глядзіць дакумэнты і бачыць, што там напісана: усе выдаткі па прыёму бярэ на сябе прымаючы бок... Ён выкрэсьлівае сутачныя і загад ідзе — без аплаты гатэля. Пры мне асабіста гэтак было 1 раз, але я магу дапусьціць, што гэтак было і часьцей. Прыкладам, у Бэрлін мы гэтак езьдзілі — бяз сутачных. Але насамрэч гэты дакумэнт са словамі «ўсё аплачвае прымаючы бок» не адпавядаў рэчаіснасьці, але я ня мог гэта патлумачыць Васілю Іванавічу.

Паводле дамоваў з БТ, вызначаліся людзі з БТ у паездку, але грошы ім на гатэль не выдаваліся. У які сьпіс з чатырох патрапілі супрацоўнікі БТ, я ня ведаў, бо дакумэнтамі не займаўся, я займаўся творчымі пытаньнямі. Гэтаксама ў сьпісы патраплялі кіроўцы — пра гэта я даведаюся ужо ў СІЗА — але тады я пра гэта ня ведаў. Ім трэба было плаціць сутачныя. А грошай на іх не выдаткоўвалі.

Вось гэтак мы прыехалі ў Бэрлін, выступілі, усё было выдатна, але назад я вярнуўся з даўгамі.

Бухгальтэрыя не хацела прыходзіць да аўтобусу перад ад’ездам і зьбіраць подпісы людзей за грошы«.

Пракурор: У пратаколах ранейшых допытаў вы ніводнага разу не казалі пра нейкія чатыры сьпісы. Чаму вы пра гэта не казалі тады?

Варламаў: Мне не давалі казаць. Мне даводзілася хітраваць. Не казаў таму, што мяне не пыталіся. У абвінавачаньні ёсьць 14 разоў, што я падмануў давер БДУ, нібыта гэта мне нагадвае, што я 14 разоў «упаў на нож»... Усе ведалі, што грошы даюцца на паказ і грошы пойдуць туды і толькі туды".



10.10 Працягваецца допыт Сашы Варламава. Яму дазволілі гаварыць седзячы.

Слуханьні справы адбываюцца у тым самым памяшканьні, што і ўчора.

Прыйшло больш за 20 пацярпелых.


Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» абвінавацілі ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў крадзяжы ў вялікім памеры праз злоўжываньне службовым становішчам.

Варламаў быў арыштаваны ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай.

Судзьдзя — Надзея Навіцкая.

Адвакат — Павал Піваварчык.

Адзін з пракурораў — Антон Загароўскі
— той самы, які прадстаўляў бок абвінавачаньня ў працэсе над былым кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым.

Першы дзень працэсу: Саша Варламаў — на месцы Канавалава-Кавалёва

Другі дзень працэсу: Варламава перавялі з «залі сьмяротнікаў»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG