Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Элеанора Язерская: Не выключаю, што Варламава «падставілі»


Элеанора Язерская

Элеанора Язерская

Судовы працэс над вядомым мадэльерам, аўтарам праекту «Млын моды» Сашам Варламавым цікавіць многіх у Беларусі. За ім сочаць калегі Варламава па мадэльным бізнэсе, пацярпелыя, журналісты незалежных і дзяржаўных СМІ.

Cяргей Нагорны, дырэктар «Студыі моды Сяргея Нагорнага», па-чалавечы калегу па мадэльным бізнэсе Сашу Варламаву вельмі спачувае:

«Проста дрыжыкі ідуць па скуры, калі бачыш чалавека, якога ведае ўся Беларусь, які шмат зрабіў для беларускай індустрыі моды, і новыя калекцыі былі, і цікавы фэстываль, і калі ён знаходзіцца ў такіх умовах, калі ідзе суд, калі чалавек за кратамі».

Вядомая тэлевядучая Элеанора Язерская, працуючы на Беларускім тэлебачаньні, часта кантактавала з Сашам Варламавым. Ягоны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай індустрыі моды ацэньвае высока:

«Вядома, ён зрабіў надзвычай шмат са сваім „Млынам моды“. Тое, што ў сьвеце сталі цікавіцца беларускім мадэльным бізнэсам, адзеньнем, — гэта ягоная заслуга, бясспрэчна. Я ніколі не забуду, як ён працаваў. Гадоў 20 таму ён вельмі часта бываў на Беларускім тэлебачаньні, сядзеў да 12-й ночы, рабіў званкі, да яго прыходзілі людзі. І яму амаль ніхто не дапамагаў. Гэта свайго кшталту падзьвіжніцтва».

Тэле- і радыёвядучая, пісьменьніца Тамара Лісіцкая таксама не адзін раз перасякалася па працы з Сашам Варламавым:

Тамара Лісіцкая

Тамара Лісіцкая

«Гэта нармальны, цалкам адэкватны чалавек. Але відавочна іншае: ён вельмі хворы, і яму баліць. І мне яго вельмі шкада. Справу чалавека, які хворы, трэба неяк па-іншаму разглядаць! Мне вельмі шкада хворага чалавека, якому нялёгка ў фізычным сэнсе. Трэба памятаць, што гэта жывы, вельмі творчы, чульлівы чалавек. І таму ўсё, што адбываецца, павінна праз прызму міласэрнасьці рабіцца».

Фотамастак Сяргей Піліповіч таксама абураны самім судовым працэсам, клеткай, у якой трымаюць вядомага мадэльера:

«Як гэта адбываецца, нібыта на сцэне жудасны спэктакль. Гэта нейкая паказуха. Паводле прынцыпу „бі свайго, каб чужыя баяліся“. Я ня думаю, што Варламаў такі злачынца, як гандляр зброяй ці гандляр людзьмі, каб яго так судзіць. Гэта нейкая публічная паказуха. Чалавек займаўся творчымі рэчамі, магчыма, там была нейкая цёмная пляма, але не настолькі небясьпечная, каб ладзіць такое жудаснае відовішча. Яўна перагінаюць палку. Нейкі цыркавы спэктакль зладзілі».

Сяргей Нагорны, які добра ведае мадэльны бізнэс, так бы мовіць, знутры, кажа, што, зь іншага боку, па справе Варламава праходзіць шмат пацярпелых мадэляў, якіх яму таксама па-чалавечы шкада:

«Калі Аляксандар вінаваты, ён павінен панесьці пакараньне, і такое не павінна паўтарацца. Бо ў мадэльны бізнэс дзяўчаты прыходзяць у зусім юным узросьце, у 15–16 гадоў. І яны ў многім яшчэ наіўныя, і нельга гэта выкарыстоўваць у сваіх карысьлівых мэтах. Дзеці павінны былі атрымаць камандзіровачныя, дзеці не павінны быць падманутыя».

Элеанора Язерская лічыць, што Саша Варламаў як кіраўнік праекту «Млын моды», арганізатар шматлікіх паказаў за мяжой, больш аддаваў увагі творчым пытаньням:

«Ягоныя заслугі бясспрэчныя. А ў фінансавых пытаньнях, мне здаецца, ён ня вельмі разьбіраўся. Не выключаю, што яго наагул „падставілі“. Бо ён ня быў ніколі сквапным чалавекам, які любіць грошы».
XS
SM
MD
LG