Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзька не назваў прозьвішчы аўтараў фільму «Мэтро»


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва мела намер падаць у суд на стваральнікаў фільму «Мэтро», аднак кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька не назваў іхных прозьвішчаў.

У афіцыйным адказе, які атрымала спадарыня Кавалёва, напісана, што Белтэлерадыёкампанія зьяўляецца ўласьнікам правоў на гэты фільм, а іншыя зьвесткі прадстаўляць нікому не абавязаная.

Напрыканцы ліста, адрасаванага Любові Кавалёвай, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі напісаў, што ў выпадку нязгоды зь яго адказам ён прапануе яго «абскардзіць у вышэйстаячы дзяржаўны орган (Адміністрацыю Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь)».

Адказ з прапановай зьвяртацца ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, якой, паводле спадара Давыдзькі, падпарадкавана Белтэлерадыёкампанія, Любоў Кавалёву не задаволіў:


«Імёны стваральнікаў фільму не назвалі. Яшчэ ня вырашыла, ці буду зьвяртацца ў адміністрацыю, але нейкія захады мы ўсё ж зробім. Бо ў фільме „Мэтро“ гледачоў спрабуюць пераканаць у вінаватасьці майго сына, у якую я ня веру, дый сьледзтву і суду ня верыць шмат хто ў Беларусі. Дзіму Канавалава ўжо неаднаразова абвясьцілі галоўным тэрарыстам у дзяржаўных СМІ, а ў гэтым фільме спрабуюць „даціснуць“ грамадзкую сьвядомасьць — каб паверылі ў вінаватасьць Улада. Для гэтага выкарыстоўваюць падтасоўкі і скажаюць аб’ектыўныя зьвесткі».
Яшчэ ня вырашыла, ці буду зьвяртацца ў адміністрацыю, але нейкія захады мы ўсё ж зробім.

Адказ зь Белтэлерадыёкампаніі атрымала толькі Любоў Кавалёва, хоць яна зьвярталася туды разам з апазыцыянэрам Барысам Хамайдам.

Разам яны зрабілі і аналіз фільму «Мэтро», разьмешчаны на некалькіх інтэрнэт-сайтах. Гэты аналіз фільму таксама быў накіраваны спадару Давыдзьку, аднак у лісьце кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі ніякага водгуку на крытычныя заўвагі няма.


Фільм «Мэтро» беларуская амбасада ў Польшчы лічыць неабходным паказаць у тэлеэфіры ў супрацьвагу трансьляванаму на канале TVN фільму «Як выглядае справядлівасьць у Беларусі».

Беларускія дыпляматы ахарактарызавалі фільм, створаны супрацоўнікамі тэлеканалу TVN, як «катастрафічную маніпуляцыю, якая ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю». Такі водгук на паказаны ў Польшчы фільм зьявіўся пасьля таго, як на запрашэньне каналу TVN маці і сястра расстралянага Ўладзіслава Кавалёва наведалі Польшчу, і Любоў Кавалёва сустрэлася зь першай лэдзі польскай дзяржавы Ганнай Камароўскай.

Гэтаксама падчас візыту Кавалёвых супрацоўнікі каналу TVN арганізавалі збор подпісаў за адмену сьмяротнае кары ў Беларусі. І на працягу ўсяго некалькіх гадзін 14 траўня за гэта падпісаліся больш як дзьве тысячы жыхароў Варшавы.

Даведка «Свабоды»


17 сакавіка стала вядома, што расстраляныя абодва меркаваныя выканаўцы выбуху ў менскім мэтро — Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў.

14 сакавіка зьявілася афіцыйная інфармацыя, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Дзьмітры Канавалаў, таксама асуджаны на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме па гэтай крымінальнай справе, прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела болей за 300 чалавек.

Міжнародныя грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі заклікалі не караць сьмерцю Кавалёва і Канавалава, а таксама правесьці новае расьсьледаваньне акалічнасьцяў выбуху ў менскім мэтро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG