Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая лэдзі Польшчы сустрэлася з маці і сястрой расстралянага беларуса


Ганна Камароўская
Ганна Камароўская

Маці і сястру расстралянага паводле абінавачаньня ў арганізацыі выбуху ў Менскім мэтро Уладзіслава Кавалёва прыняла сёньня ў Варшаве першая лэдзі Польшчы Ганна Камароўская.

Маці Уладзіслава Кавалёва Любоў ды сястра Тацьцяна наведваюць Польшчу на запрашэньне буйнога прыватнага тэлеканалу “ТVN”, які раней зьняў вялікі рэпартаж пра справу аб выбуху ды зьмясьціў на сваім інтрнэт-партале зварот спадарыні Любові з просьбай дапамагчы змусіць беларускія ўлады ўвесьці мараторый на выкананьне ў краіне сьмяротнага пакараньня.

Любоў Кавалёва: “Я не палітык, а звычайны чалавек. Я зьвяртаюся ня толькі ад свайго імя, але ад імя маці ўсёй краіны, каб болей у нас такога не было. Паўплываць неяк на нашага прэзыдэнта, каб ён увёў мараторый на сьмяротнае пакараньне. Зрабіце ўсё, што можаце – дапамажыце мне”.

Беларускі сустрэліся з кіраўніцтвам польскага Хэльсынскага фонду правоў чалавека, дзе падзякавалі за збор сябрамі арганізацыі подпісаў пад зваротам аб адмене сьмяротнага пакараньня на сваёй Радзіме.

“Мы павінны патрабаваць ад беларускіх уладаў паважаць адвечнае права людзей хаваць сваіх блізкіх (...) Трэба выкараніць сьмяротнае пакараньне з заканадаўства, а таксама з чалавечага розуму і сэрцаў”, - сказала ў часе сустрэчы Галіна Бартноўская з Хэльсынскага фонду.

Каля 16 гадзіны паводле менскага часу спадарыняў Любоў і Тацьцяну прыняла першая лэдзі Польшчы Ганна Камароўская, якая вырашыла падтрымаць зварот. Сустрэча адбылася, аднак, без прысутнасьці мэдыяў.

На гэтым тыдні маці і сястра Уладзіслава Кавалёва таксама наведаюць Кракаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG