Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду»: яшчэ адна спроба рэгістрацыі


"Гавары праўду!" зноў не зарэгістравалі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:25 0:00
Наўпроставы лінк
Вярхоўны суд Беларусі адхіліў пазоў грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» да Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі. Фармальная прычына —памылка ў дакумэнце, прадстаўленым уладальнікам офіса, у якім аб’яданьне хоча мець свой юрыдычны адрас. Заяўнікі кажуць пра палітычны характар рашэньня Мін’юста і Вярхоўнага суду.

Спадзевы на тое, што судзьдзя Вярхоўнага суду Мікалай Бабкоў падтрымае скаргу заснавальнікаў Рэспубліканскага дасьледча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду» былі невялікія. Раней і ён, і іншыя судзьдзі разглядалі аналягічныя скаргі розных няўрадавых арганізацыяў да Мін’юсту і амаль заўсёды заставаліся на баку мін’юстаўскіх чыноўнікаў. Так сталася і гэтым разам. У сваім рашэньні Мікалай Бабкоў назваў тэхнічную памылку ў гарантыйным лісьце ўладальніка офіса (зьмененую лічбу ў даце народзінаў) парушэньнем патрабаваньняў закону. Тое ж, што Мін’юст ня даў магчымасьці выправіць памылку, судзьдзя падтрымаў, заявіўшы, што гэта права, а не абавязак ведамства:

«На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкуламі 300 і 302 ГПК Рэспублікі Беларусь, суд вырашыў Някляеву, Вазьняку, Караткевічу ў задавальненьні скаргі на рашэньне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў рэгістрацыі Рэспубліканскага дасьледча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня „Гавары праўду“ — адмовіць».

Уладзімер Някляеў на гэта адрэагаваў рэплікай: «Хто б сумняваўся». Асноўны цяжар дыскусіі з прадстаўніком Мін’юсту і пракурорам цягам двух дзён судовага працэсу нёс Сяргей Вазьняк:

«Я думаю, што гэта людзі падрыхтаваныя, я ў іх кампэтэнцыі не сумняюся. Мне падаецца, што і судзьдзі, і пракурору, і прадстаўніку Мін’юсту зусім зразумела, што нам адмоўлена ў рэгістрацыі незаконна. Таму я на іх гляджу, на гэтых ужо немаладых мужчын, як на глыбока няшчасных людзей, якія, разумеючы, што творыцца беззаконьне, тым ня меней у ім удзельнічаюць. Але гэта іх маральны выбар».

Паводле спадара Вазьняка, у законе аб грамадзкіх аб’яднаньнях дакладна запісана, што адмовіць у рэгістрацыі можна тады, калі недахопы маюць «непапраўны характар». Памылка ж у даце народзінаў да такіх не адносіцца. Улады заўсёды шукаюць зачэпкі, каб не рэгістраваць незалежныя аб’яднаньні ў прынцыпе, кажа спадар Вазьняк.

І пракурор на працэсе — Уладзімер Ляўдацкі, і прадстаўнік Мін’юсту — Валерый Зінкевіч ад камэнтароў па гэтай справе адмовіліся.

Уладзімер Някляеў пасьля працэсу заявіў «Свабодзе», што рашэньне суду мае перадузяты характар, але ён з паплечнікамі зьбіраецца трэцім разам прайсьці працэдуру заснаваньня аб’яднаньня і ягонай рэгістрацыі ў Мін’юсьце:
Калі ты падаеш дакумэнты на рэгістрацыю і праходзяць гэтыя працэдуры, ты маеш права дзейнічаць. Гэта адна з прычын, па якой мы безумоўна пададзім.

«Гэта ня жартачкі. Людзі працуюць, і яны могуць падпасьці пад крымінальны артыкул за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. А гэта ўжо ня гэты суд, а той, дзе тэрміны даюць. Я б такога не хацеў дапусьціць. Тут жа нашым людзям была гарантаваная законнасьць дзеяньняў: калі ты падаеш дакумэнты на рэгістрацыю і праходзяць гэтыя працэдуры, ты маеш права дзейнічаць. Гэта адна з прычын, па якой мы безумоўна пададзім. Разумею, што нічога з гэтага ня будзе, але нам трэба нейкая фортка для таго, каб прыдумаць нешта іншае».

Калі б аб’яднаньне «Гавары праўду» зарэгістравалі, гэта ў беларускіх умовах было б выключэньне з правілаў, сэнсацыяй, перакананая актывістка «трэцяга сэктару» Тацяна Пашавалава:

«У сьвятле апошніх рашэньняў наконт заканадаўства аб НДА нерэгістрацыя „Гавары праўду“ — гэта шараговы выпадак. Фактычна ў Беларусі існуе забарона права на асацыяцыю, на тое, каб людзі зьбіраліся разам і рабілі нешта па-за межамі дзяржавы. Грамадзяне ў нас ня маюць права на ўласную ініцыятыву».

Больш за тое, Тацяна Пашавалава перакананая, што беларускія ўлады зрабілі актыўным людзям цынічную пастку: рэгістраваць аб’яднаньні адмаўляюцца, а за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі караюць паводле Крымінальнага кодэксу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG