Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў заклікаў да адстаўкі Чаргінца

  • БелаПАН

Паэт, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімір Някляеў заклікаў удзельнікаў зьезду Саюзу пісьменьнікаў Беларусі не выбіраць Мікалая Чаргінца на пасаду старшыні аб'яднаньня. Адкрыты ліст Някляева удзельнікам зьезду СПБ апублікавана ў газэце "Народная воля".

Зьезд СПБ праходзіць у Менску 17-18 кастрычніка. У першы дзень працы Чаргінец, які ўзначальвае саюз з 2006 году, быў пераабраны на гэтую пасаду.

Някляеў, які зьяўляецца сябрам іншай пісьменьніцкай арганізацыі – Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – паведамляе: ён "ня супраць таго, калі так ужо здарылася, каб у Беларусі былі дзьве пісьменьніцкія арганізацыі". "Хай іх будзе хоць дваццаць і нават больш, калі ў іх будуць захоўвацца традыцыі нацыянальнай літаратуры, якая і заснавала беларускасьць і саму Беларусь <...> Калі ж гэтага няма, то навошта тады мы – беларускія літаратары, хоць разам, хоць паасобку?», – піша паэт і палітык.

"Вось вы мне кажаце: “Так, мы супрацоўнічаем з уладай, але дзякуючы гэтаму ўтрымліваем беларускія газэты, часопісы, выдаем беларускія кнігі. Чаму ж вы газэту “Раніца" не ўтрымалі? Не таму, што крызіс, і каго выратуюць зэканомленыя на адзінай беларускамоўнай газэце для дзяцей капейкі, а таму што гэтай уладзе на ўсё беларускае напляваць!", – лічыць Някляеў.

"Вы згодныя з тым, што Чаргінец ужо усхваляецца як Дастаеўскі, а ў нас да гэтага часу няма вуліцы з імем Васіля Быкава? Хоць кампанія, праведзеная за тое, каб такая вуліца зьявілася, толькі ў Менску сабрала больш за 130 тысяч подпісаў! Так, калі Чаргінец паўсюль хваліцца, што я сябраваў з Быкавым, чаму б яму не падпісацца сто трыццаць тысяч першым і не пайсьці да Лукашэнкі з гэтымі падпіснымі лістамі, каб той іх прачытаў?”.

Някляеў раіць удзельнікам зьезду "памяняць старшыню". "У ганаровыя яго перавядзіце, каб не занадта пакрыўдзіўся. Ну як старшынём Саюзу пісьменьнікаў Беларусі можа быць чалавек, які ня ведае беларускай мовы? Гэта ж нонсэнс. Нават рускія з-за гэтага, мякка кажучы, зьдзіўляюцца. Гэта прыкметы псыхушкі, у якой мы ўсе жывем. У яе лёгка было увайсьці – цяжэй выйсьці. Але трэба выходзіць", – піша паэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG