Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя папярэдзіла. Кандыдаты-дэмакраты настойваюць


24 лістапада а 18 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менску некаторымі кандыдатамі на прэзыдэнта заплянаваная сустрэча з выбарцамі. Ці адбудзецца мерапрыемства, якое ўжо атрымала назву "рэпэтыцыя плошчы"?

Заплянаваная сустрэча прымеркаваная да гадавіны канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, у выніку якога Аляксандар Лукашэнка падоўжыў тэрмін прэзыдэнцтва, а таксама істотна пашырыў свае ўладныя паўнамоцтвы.

Між тым улады кажуць, што Кастрычніцкая плошча закрытая для масавых мерапрыемстваў за выключэньнем тых, якія дазволеныя ўрадам. Цэнтравыбаркам і Міністэрства ўнутраных спраў папярэдзілі пра адказнасьць за правядзеньне заяўленай акцыі.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік нагадаў пра паўнамоцтвы выносіць папярэджаньні і адмяняць рашэньне аб рэгістрацыі. У менскай міліцыі папярэдзілі пра сур'ёзныя наступствы, уключна з крымінальнай адказнасьцю і запэўнілі, што саступак ня будзе. Намесьнік гарадзкой міліцыі палкоўнік Ігар Яўсееў.

"Нам стала вядома, што асобныя грамадзяне праз інтэрнэт заклікаюць сабрацца ў сталіцы 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы для правядзеньня масавай акцыі. Хачу адзначыць, што менская міліцыя гатова забясьпечыць парадак 24 лістапада".

Кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі кажа, што гатовы прыйсьці на плошчу для сустрэч з выбарцамі. Забарону на правядзеньне сустрэч на Кастрычніцкай плошчы Віталь Рымашэўскі лічыць незаконнай.

"Лічу гэтае патрабаваньне незаконным. Чамусьці гуляньні на гэтай плошчы праводзіць можна, спайваць там тысячы людзей можна, праводзіць канцэрты таксама. А зараз ідуць выбары, і мы маем права сустракацца зь людзьмі, тым больш на плошчы, якая ёсьць галоўнай. Бо плошча Леніна пераробленая так, што там сустракацца немагчыма. Таму ў мяне заклік да ўладаў не рабіць фарс, а даваць роўныя магчымасьці ўсім прэтэндэнтам".

Як іншыя кандыдаты ставяцца да прапановы сустрэцца з выбарцамі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы? Мікалай Статкевіч сказаў "Свабодзе", што "безумоўна прыйдзе", паколькі лічыць сваім законным правам кандыдата ў прэзыдэнты сустракацца з выбарцамі. Уладзімер Някляеў таксама намераны прыйсьці, хаця і заўважыў, што напярэдадні казаў ініцыятарам сустрэчы пра неабходнасьць аднесьці заяўку ў гарвыканкам. Адносна чаканага разгону з боку міліцыі кандыдат ў прэзыдэнты сказаў, што ўсё роўна прыйдзе.

"Карацей, што тут цяпер гадаць, паглядзім, што будзе. Усё стане бачна на практыцы."

Не ўдалося атрымаць пэўных зьвестак адносна сустрэчы на Кастрычніцкай ад Андрэя Саньнікава. Мабільны тэлефон кандыдата ў прэзыдэнты быў адключаны. У штабе Саньнікава нагадалі, што 24 лістапада а 19 гадзіне ён выступае ў жывым эфіры па тэлебачаньні, а ў "тэлецэнтар мусіць прыйсьці значна раней".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG