Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 лістапада ў вечаровым перадвыбарчым тэлемаратоне выступілі кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч і Дзьмітры Вус. Калі спадар Статкевіч цалкам выкарыстаў свой эфірны час — гаварыў паўгадзіны, то спадар Вус уклаўся ў 7 хвілін.

Мікола Статкевіч
Мікалай Статкевіч пачаў сваю прамову па-расейску. Распавёў пра сябе, дзе вучыўся, дзе служыў. Ён прыйшоў у студыю з Канстытуцыяй, зачытаў некалькі артыкулаў асноўнага закону і прапанаваў пагаварыць пра тое, як народ ажыцьцяўляе ўладу і кіраваньне. Але для гэтага трэба мець інфармацыю.

«Мы зможам атрымаць поўную і аб’ектыўную інфармацыю, пра тое, што адбываецца, зь Беларускага нацыянальнага тэлебачаньня? Адбылася гэта жудасная трагедыя ў Пінску, загінулі людзі. Што, мы адразу даведаліся пра гэта? Ідуць прэзыдэнцкія выбары. Хутка галасаваньне. Вы што, ведаеце ўсіх кандыдатаў?»

Але тое, што народ ня ведае іншых прэтэндэнтаў, не азначае, што няма годных. Мікалай Статкевіч працягвае:

«Ведаеце, у нас дзясяткі тысяч выдатных адмыслоўцаў ва ўсіх галінах. Урэшце рэшт, у нас 2 тысячы старшыняў калгасаў, і бальшыня зь іх працуе значна лепш, чым некалі працаваў дырэктар саўгасу «Гарадзец».

Мікалай Статкевіч распавёў, як вэртыкаль фармуе камісіі, залежныя ад начальства, як фальсыфікуюцца вынікі падчас датэрміновага галасаваньня, як лічаць галасы:

«Як толькі пачынаецца падлік галасоў, назіральнікам загадваюць на 10 мэтраў адысьці, не ўзьнімацца, а то тут міліцыя. Выбачайце, яны бачаць адны філейныя часткі. А потым абвяшчаюць вынікі… Я нядаўна па „Эўраньюз“ бачыў сюжэт, як лічаць галасы ў нейкай афрыканскай краіне. Там старшыня камісіі бярэ бюлетэнь і ўсім паказвае. Потым наступны. Усе назіральнікі бачаць. Ужо перад Афрыкай сорамна…»

Калі кандыдат пачаў казаць, што трэба зрабіць, каб зьмяніць сытуацыю, то перайшоў на беларускую мову. Прывёў стандартны набор захадаў, як уратаваць эканоміку: прыцягнуць інвэстыцыі, разьвіваць дробны бізнэс, а не душыць яго. Паабяцаў вярнуць льготы і забясьпечыць годнае жыцьцё пэнсіянэрам:

«Пэнсію трэба прывязаць жорстка да заробку. Тэма ўкладаў: абакралі народ. Мы не забыліся, вярніце нашы грошы! Павінны быць ільготы для дзяцей і пэнсіянэраў».

Завяршыў свой выступ спадар Статкевіч па-расейску. Патлумачыў, чаму ён ідзе на выбары, загадзя ведаючы вынік:

«І зараз гэтыя выбары плянуецца фальсыфікаваць. Альтэрнатыўныя кандыдаты ў гэтым спэктаклі граюць ролю статыстаў. Вынік гэтага спэктаклю ўжо вядомы. Ведаеце, я афіцэр. Я жыву на іншых правілах. Я ня буду граць у гэтым спэктаклі. Навошта я іду на гэтыя выбары? Я хачу дамагчыся разам з вамі, каб выбары былі. Каб гэтая ганьба — адзіная краіна ў Эўропе бяз выбараў — была спыненая. Гэта зрабіць зможам толькі мы разам».

На заканчэньне спадар Статкевіч заклікаў людзей прыйсьці 24 лістапада на Кастрычніцкую плошчу, дзе будзе і ён.

ВІДЭА выступу Міколы Статкевіча


Дзьмітрый Вус
Выступ кандыдата Дзьмітрыя Вуса быў кароткім — ён уклаўся ў 7 хвілін. Хваляваўся. Зачытаў некалькі пунктаў праграмы. Першае: неабходна зьмяніць выбарчае заканадаўства. Наконт гэтага ён накіраваў сваю папраўку ў Выбарчы кодэкс асабіста дзейнаму прэзыдэнту:

«Кандыдат у прэзыдэнты мае права накіроўваць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў з паўнамоцтвамі падліку бюлетэняў і правам подпісу пратаколаў галасаваньня. Без незалежнага падліку бюлетэняў дэмакратычныя выбары немагчымыя».

Другі пункт перадвыбарчай праграмы спадара Вуса — аднавіць добрыя адносіны з «братняй», як ён выказаўся, Расеяй.

Трэці пункт: павялічыць працоўныя пэнсіі за кошт Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. На думку спадара Вуса, трэба мяняць сыстэму ЖКГ, спрасьціць падаткаабкладаньне, ствараць эфэктыўныя аграпрадпрыемствы. Але ўсе праграмы губляюць сэнс, калі няма свабодных выбараў. Спадар Вус нават свой нумар тэлефона назваў, каб яго падтрымалі тыя, хто падтрымлівае ягоныя папраўкі ў Выбарчае заканадаўства.

Відэа выступу Дзьмітрыя Вуса

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG