Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі паўтарыў тэзісы, Міхалевіч перайшоў на беларускую


Віталь Рымашэўскі і Аляксей Міхалевіч

Віталь Рымашэўскі і Аляксей Міхалевіч

24 лістапада раніцай прагучалі радыёзвароты кандыдатаў у прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага і Аляксея Міхалевіча. Выступ Міхалевіча быў больш крытычным, чым па тэлебачаньні, асноўным тэзісам Рымашэўскага заставалася ідэя хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Пра адметнасьці выступаў разважае Валер Карбалевіч

Віталь Рымашэўскі
выступаў на беларускай мове, хоць быў фрагмэнт і па-расейску.



Як і ў часе выступу па тэлебачаньні, Рымашэўскі паказаў сябе як добры прамоўца, таму, незалежна ад таго, чым скончацца гэтыя выбары, мы можам гаварыць, што ў Беларусі зьявіўся новы публічны палітык.

Гаварыў гладка, амаль не зьбіваўся і даволі рэзка і сьмела крытыкаваў сёньняшнюю дзяржаўную палітыку, ускрываў усе язвы беларускага грамадзтва. Але ня толькі крытыкаваў, а і прапаноўваў сваю канструктыўную праграму па ўсіх сфэрах жыцьця: эканомікі, сацыяльнай сфэры, палітыкі. Зразумела, рабіў акцэнт на тым, што ён прадстаўнік хрысьціянскай дэмакратыі, і ў Эўропе, у тых краінах, дзе ва ўладзе знаходзяцца хрысьціянскія дэмакраты, людзі жывуць значна лепш, чым у Беларусі. І, зразумела, заклікаў далучацца да Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Гэта быў паўтор тых тэзісаў, што гучалі раней, дзе была цэнтральная ідэя – хрысьціянства, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, але яна не трансфармавалася па ўсіх пунктах праграмы. То бок, гэтая ідэя стаяла асабняком, і праграма кандыдата не ўлучала ў сябе гэтыя хрысьціянскія тэзісы: хрысьціянская ідэя асобна, а праграма асобна. Магчыма, гэта цяжка было зрабіць, але ўсё ж цэльнасьці і канцэптуальнасьці гэтай праграме не хапала.

Аляксей Міхалевіч
, які выступаў па тэлебачаньні па-расейску, цяпер абраў беларускую мову.



Гэты ягоны выступ выглядаў лепш, чым выступ па тэлебачаньню. Зразумела, фармат іншы: выступаючы па радыё, можна чытаць, і таму ён выглядаў лепш. Больш крытычна паставіўся да палітыкі дзейнай улады, чым у часе выступу па тэлебачаньні. Была крытыка і ўлады, і апазыцыі: то бок, ён пазыцыянуе сябе як нейкая трэцяя сіла, якая стаіць па-за межамі канфліктуючых бакоў.

Але, як і падчас ягонага тэлезвароту, гэты выступ таксама больш нагадваў лекцыю прафэсара перад студэнтамі, чым выступ кандыдата ў прэзыдэнты. І ня толькі таму, што не хапала прамоўніцкага майстэрства, нейкага драйву, але і таму, што спакойна, па палічках ён раскладаў, што трэба рабіць сёньня, чаму сёньняшняя палітычная лінія няправільная. Добра казаў пра тыя эканамічныя рэформы, якія неабходныя – казаў дастаткова простай мовай, але ўсё гэта, сапраўды, выглядала як лекцыя.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG