Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляева не ўпаўнаважылі трапіць на Ўсебеларускі сход


Сёньня ў Ліцэі БДУ адбыўся сход упаўнаважаных жыхароў Ленінскага раёну, на якім абіралі дэлегатаў на ІV Усебеларускі народны сход. Трапіць на сход паспрабаваў і кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў. Але далей за ганак будынку яго не пусьцілі.

А трэцяй гадзіне да ліцэю БДУ на службовых «Волгах» і мікрааўтобусах пачалі падвозіць удзельнікаў сходу. Вакол будынку і ўнутры — шмат міліцыянтаў і нават байцы АМАПу. Прапускалі строга па запрашэньнях, у будынку ўсталявалі мэталашукальнік. А палове на шаснаццатую каля ліцэю зьявіўся Ўладзімер Някляеў з паплечнікамі, якія трымалі дзьве скрыні з 27 тысячамі подпісаў грамадзянаў.


Але далей ганку ліцэя БДУ Ўладзімера Някляева не пусьціла шматлікая ахова. Праўда, пад націскам сябраў ініцыятыўнай групы Някляева і журналістаў на ганак выйшлі прадстаўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна.

Някляеў: «У нас ёсьць дакумэнт, які называецца „пратакол сходу грамадзянаў Ленінскага раёну“, колькасьць удзельнікаў — 302. Першым пунктам пазначана, што на сход абраны Ўладзімер Някляеў, далей — Сяргей Вазьняк, і так далей, усяго 9 чалавек. Усё законна. А тут, у скрынях, 27 тысяч подпісаў за тое, каб мяне непасрэдна вылучыць на гэты самы Ўсебеларускі народны сход. Плюс я ўжо не кажу пра амаль 200 тысяч подпісаў, якія я сабраў як патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. І калі з усім гэтым я акажуся ня вартым стаць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, то хто тады можа стаць? Я, шчыра кажучы, ужо нават і ўявіць не магу».

Сябра аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзеньні Ўсебеларускага народнага сходу, загадчык аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Ленінскага райвыканкаму Павал Піскуноў зачытаў афіцыйную адмову за подпісам сустаршыні аргкамітэту, намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Людмілы Тамашэвіч:

«У пададзеным вамі 28 кастрычніка сьпісе грамадзянаў, што прысутнічалі на сходзе па абраньні ўпаўнаважаных Ленінскага раёну па вылучэньні дэлегатаў ІV Усебеларускага народнага сходу ўключана 302 чалавекі. Шэраг прозьвішчаў пазначаны некалькі разоў…»

Павал Піскуноў і Ўладзімер Някляеў.

Далей чыноўнік спрабаваў патлумачыць, што на момант галасаваньня ў залі наагул прысутнічала 70- 80 чалавек. Людзі спрабавалі пярэчыць:

«Я выступала на сходзе. Там было шмат людзей. Было больш за 300 чалавек».

Чыноўнікі стаялі на сваім:

«Мы можаце зьвяртацца ў судовыя органы, гэта ваша права».


Спрэчкі працягваліся хвілін 30. На сход прыбыў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька, якога Ўладзімер Някляеў па-сяброўску затрымаў. Дэпутат спачатку даволі прыязна павітаўся з паэтам, нават прабегся вачыма па тэксьце звароту, заўважыўшы: «Дык тут жа ўсё добра!» На пытаньне, хто яго вылучыў, спадар Давыдзька ўцямна так і не адказаў, маўляў, яго проста запрасілі. А потым ў яго зазваніў мабільнік, і спадар Давыдзька ціхенька адышоў у бок і зьнік…

Генадзь Давыдзька

Някляеў, зразумеўшы, што яго ня пусьцяць на сход, папрасіў сябраў аргкамітэту зачытаць ягоны зварот да ўдзельнікаў сходу і перадаць скрыні з 27 тысячамі подпісаў. Чыноўнік з адміністрацыі Ленінскага раёну Павал Піскуноў скрыні ўзяць адмовіўся, пажартаваўшы, што там можа быць хабар. Тэкст звароту зь неахвотай узяць пагадзіўся, аднак зачытаць яго не паабяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG