Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў патрабуе гарантыяў вяртаньня Пазьняка і Шарэцкага


На сустрэчы зь міністрамі замежных спраў Нямеччыны і Польшчы Ўладзімер Някляеў запатрабаваў гарантыяў бясьпечнага вяртаньня на радзіму палітычных эмігрантаў.

Лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў у інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтаваў свой зварот да міністра замежных спраў Нямеччыны Гідо Вэстэрвэле і міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, якія наведалі Менск і сустрэліся з прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Някляеў:
“У ва мне асабіста ўсё болей і высьпявае перакананьне, што мы на гэтых выбарах насамрэч здолеем перамагчы. Дзеля гэтага трэба гуртавацца, дзеля гэтага трэба выкарыстоўваць усе спосабы, каб узмацніць наш супраціў гэтаму рэжыму. Рыхтуючыся да сустрэчы з міністрам замежных спраў Нямеччыны і міністрам замежных спраў Польшчы, я падумаў, што гэта добрая нагода паставіць перад імі пытаньне, пра якое я доўга думаў, толькі не знаходзіў магчымасьці і месца, дзе яго задаць -- аб вяртаньні нашых палітычных эмігрантаў на радзіму. Гэта было б вельмі добра, напярэдадні выбараў. І найперш -- вяртаньні знакавых асобаў, знакавых фігураў. У першую чаргу -- Зянона Станіслававіча Пазьняка. Канешне, і некаторых іншых, і Сямёна Шарэцкага, і ўсіх, хто на сёньняшні дзень павінен быць у Беларусі, там, дзе на сёньняшні дзень ён найбольш спатрэбіцца народу і Айчыне. Таму я і зьвярнуўся да міністраў, якія прыехалі з пасланьнем да Лукашэнкі ад Эўразьвязу, скарыстаць усе ўплывы, усе свае магчымасьці дзеля таго, каб забясьпечыць поўныя гарантыі ад імя Лукашэнкі, менавіта ад ягонага імя і менавіта поўныя гарантыі бясьпекі ў выпадку вяртаньня названых мной асобаў на радзіму. Калі гэта адбудзецца, думаю, гэта моцна ўзмацніць нашыя пазыцыі і нашыя надзеі на тое , што мы пераможам, пачнуць набываць рэальныя абрысы”.

Старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк выехаў з Беларусі ў траўні 1996 году, у тым жа месяцы ў незалежнай прэсе з’явілася інфармацыя пра загад памежным войскам Беларусі затрымаць яго ў выпадку ўезду на тэрыторыю краіны альбо выезду. У жніўні 1996 г. атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 13-скліканьня Сямён Шарэцкі ў ліпені 1999 г. выехаў у Літву, пазьней – у ЗША, дзе ў 2001 г. атрымаў палітычны прытулак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG