Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва ў справе Бябеніна: паўторныя допыты


Алег Бебенін
Алег Бебенін
Сьледчыя ў справе Алега Бябеніна зноў пачалі выклікаць да сябе на размову сяброў і калегаў журналіста, адносна сьмерці якога ёсьць процілеглыя вэрсіі.

На мінулым тыдні да сьледчых быў выкліканы знаёмы Алега Бябеніна Алесь Атрошчанкаў, якога раней ужо апытвалі. Сёньня ў пракуратуру таксама другі раз выклікалі на размову каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку. У Бандарэнкі пыталіся пра падзеі 3-га верасьня, калі Алега Бябеніна знайшлі ў пятлі на ягоным лецішчы. Між тым, пра гэтыя падзеі Бандарэнка сьледчым ужо распавядаў. Чаму зноў тыя ж пытаньні? Паводле Зьмітра Бандарэнкі, гэта зьвязана з будучым прыездам у Беларусь экспэртаў АБСЭ, якія мусяць азнаёміцца са справай.

«Як сказаў сьледчы Азарэвіч, ужо заўтра дакумэнты справы перадаюцца на пераклад для будучых экспэртаў крыміналістаў. Да мяне з боку сьледчых былі, з большага, удакладняючыя пытаньні. Я б сказаў, што гэта была пэўная пераправерка: ці памятаю я, што казаў мінулы раз, і ці не адмоўлюся ад сваіх паказаньняў».

Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка падчас першай сустрэчы са сьледчым зьвярнуў увагу на разыходжаньне на цэлы дзень у даце сьмерці. Прадстаўнік пракуратуры пасьля першага агляду цела Бябеніна ўвечары 3 верасьня, які адбыўся на лецішчы журналіста, меркаваў, што ён памёр некалькі гадзінаў таму. А вось пасьля анатамічнай экспэртызы цела Бябеніна крыміналісты заявілі, што сьмерць наступіла значна раней, ажно 2 верасьня. Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка па-ранейшаму мяркуе, што варта даць ацэнку і іншым супярэчнасьцям:

«Кажуць, што шмат алькаголю ў крыві, але пры гэтым на лецішчы — узорны парадак. Другое — як ў такім стане ён мог завязаць такія складаныя вузлы? І, зноў жа, няма адказу на пытаньне, што ў яго з правай нагой?».

У нябожчыка была ненатуральна вывернутая правая нага, экспэрты тлумачылі гэта пасьлясьмяротным здранцьвеньнем. Нібыта цела абапіралася на падлогу адной нагой, якая з-за гэтага перакруцілася. Між тым, Зьміцер Бандарэнка нагадаў сьледчым, што калі бачыў 3 верасьня цела Бябеніна, яно было «яшчэ мяккім» і пра «пасьлясьмяротнае здранцьвеньне» казаць не даводзіцца.

Зьявіцца ў пракуратуру на паўторную размову запрашалі сёньня таксама Андрэя Саньнікава, але палітык як магчымы кандыдат на прэзыдэнта быў заняты ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. «Андрэй Саньнікаў пойдзе ў пракуратуру заўтра, 28 верасьня», — паведамілі ў перадвыбарчым штабе Саньнікава.
Зламаная нага — гэта суцэльная хлусьня.

У Генэральнай пракуратуры кажуць, што праверка ў справе сьмерці журналіста Алега Бябеніна працягваецца. Якія вэрсіі лічацца асноўнымі? Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед заявіў для мэдыяў, што асноўнай лічыцца вэрсія пра самагубства. І хоць ня знойдзена доказаў, якія б аспрэчвалі гэтую вэрсію, не здымаецца і вэрсія пра інсцэніроўку самагубства. Пры гэтым Андрэй Швед выказаўся адносна некаторых дэталяў, згаданых калегамі Бябеніна, якія сумняваюцца ў ягоным самагубстве:

«Нейкія экспэрты робяць выснову пра тое, што стан шыйных пазванкоў можа сьведчыць, што гэта не самагубства, а інсцэніроўка самагубства. Гэта ня так. Што, быццам бы, зламаная нага — гэта суцэльная хлусьня. Што, быццам, на целе ёсьць нейкія пашкоджаньні акрамя тых, якія знайшлі экспэрты. Гэта таксама не адпавядае рэчаіснасьці».

У офісе АБСЭ пакуль не называюць дзень, калі ў Менск прыедуць экспэрты для вывучэньня справы Алега Бябеніна. «Рашэньне пра тое, каб паслаць двух экспэртаў, прынятае, зараз вырашаюцца тэхнічныя моманты», — паведаміў намесьнік кіраўніка офісу Жандос Асанаў.
Цела заснавальніка сайту «Хартыя 97» Алега Бябеніна было знойдзенае на ягоным лецішчы 3 верасьня. Міліцыя заявіла, што на целе ня знойдзена сьлядоў гвалту, а нябожчык знаходзіўся ў стане цяжкага алькагольнага ап’яненьня. Калегі і сваякі Алега Бябеніна сумняваюцца ў вэрсіі пра самагубства і нагадваюць, што журналіста раней перасьледавалі сілавыя структуры за ягоную апазыцыйную дзейнасьць.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG