пятніца, 10 лютага 2012, Менск 03:11

Палітыка

Шушкевіч: “Гэта быў камуністычны рэванш, пераварот, які хацелі ажыцьцявіць цемрашалы”

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
19 гадоў таму пачаўся жнівеньскі путч у Маскве, быў створаны так званы ГКЧП — Дзяржаўны камітэт у надзвычайным становішчы. Ён меў на мэце спыніць перабудову і рэанімаваць савецкую імпэрыю.

За выключэньнем Міхаіла Гарбачова, у склад ГКЧП увайшлі амаль усе першыя асобы савецкай дзяржавы: віцэ-прэзыдэнт Генадзь Янаеў, старшыня Кабінэту міністраў Валянцін Паўлаў, намесьнік старшыні Савету абароны Алег Бакланаў, кіраўнік міністэрства абароны Дзьмітры Язаў, міністар унутраных спраў Барыс Пуга, старшыня КДБ Уладзімер Кручкоў, кіраўнік Асацыяцыі прамысловых прадпрыемстваў Аляксандар Цізякоў і старшыня Аграрнага саюзу Васіль Старадубцаў. У Беларусі жнівеньскі путч актыўна падтрымала тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва Беларусі. Як хто зь сёньняшніх палітыкаў рэагаваў на ГКЧП?

Тагачасны першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч згадвае, што ў той час, 19 жніўня, ён знаходзіўся на сваім лецішчы, бо акурат былі парлямэнцкія канікулы. Падрабязную інфармацыю пра маскоўскія падзеі пачуў з радыё "Свабода" і адразу ж паехаў у Менск.

Станіслаў Шушкевіч
"Я сеў у свае "Жыгулі" і паехаў у Вярхоўны савет сказаць, што гэта камуністычны рэванш, пераварот, які хочуць ажыцьцявіць цемрашалы. Вось я паехаў і сказаў Дземянцею, што трэба склікаць сэсію, а ён кажа: "Не, я тэлефанаваў Лук'янаву, усё ў парадку, усё добра". Пасьля там шмат дэпутатаў зьявілася, зьявіўся Зянон Пазьняк у Вярхоўным Савеце, мы зь ім зайшлі да Дземянцея і запатрабавалі склікаць сэсію. Ён катэгарычна адмовіўся. Ну зьбіраліся, абмяркоўвалі, зрабілі заяву, як мы гэта разумеем, а потым працэс пайшоў так, што сэсію склікалі 26-га, але дагэтуль ужо ГКЧП прыкрыўся".

Ніводзін з апытаных былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету ня бачыў у той час Аляксандра Лукашэнку ў Вярхоўным Савеце і не памятае, як ён потым рэагаваў падчас сэсіі. Алег Трусаў згадвае:

Алег Трусаў
"У часы путчу я яго ў Менску ня бачыў. Я ня ведаю, дзе ён быў, але яго я ня бачыў дакладна. Я як даведаўся? Мне патэлефанавалі ў 6 раніцы, кажуць: пераварот! Вырашыў ісьці ў Вярхоўны Савет, і нас там сабралася з апазыцыі можа чалавек дванаццаць. І мы пачалі дзейнічаць, зварот да народа прымаць. Потым недзе ў абед Пазьняк прыйшоў. І мы тры дні сядзелі ў Вярхоўным Савеце, наладзілі кантакт зь Ельцыным, мітынгі праводзілі на плошчы. То бок змагаліся з путчам, як маглі. Шушкевіч нас тады падтрымаў, павёў сябе вельмі мужна. Шушкевіч тады вылучыўся на першыя ролі, не схаваўся, не ўцёк. Астатняя маса наогул не зьяўлялася, пакуль сэсію ня склікалі. Дземянцей, паколькі ён ня выступіў супраць ГКЧП, таму і мусіў пайсьці ў адстаўку. Вось тады якраз зорка Шушкевіча і ўзышла. Дзякуючы перамозе над путчыстамі Шушкевіч стаў кіраўніком беларускай дзяржавы".

Мечыслаў Грыб, які на той час кіраваў дэпутацкай камісіяй па нацыянальнай бясьпецы, згадвае пра разгубленасьць.

Мечаслаў Грыб
"Ужо ўзялі накірунак на новы лад жыцьця, на дэмакратыю. А тут зварот назад. Гэта было ад чаго разгубіцца. Гэта была вельмі складаная сытуацыя. Але хто тут быў на месцы пабеглі ў Вярхоўны Савет. Старшыня Вярхоўнага Савета, здавалася, што ён нібыта за ГКЧП. Зразумела, апазыцыя, БНФ былі катэгарычна супраць. Наконт Лукашэнкі — ня бачыў я яго тады. Не магу нічога сказаць. Я тады не зьвяртаў на яго ўвагі".

Мікола Статкевіч на той час падпалкоўнік войска згадвае:

Мікола Статкевіч
"Мы дамовіліся сустрэцца з калегамі па Грамадзе і зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі. Увечары 19-га мы сабраліся ў музэі Багдановіча. Я сустрэўся з вайскоўцамі запасу, якія былі ў розных партыях, і мы дамовіліся, што мы аб'явім аб стварэньні арганізацыі беларускіх афіцэраў і паспрабуем нешта зрабіць. Назаўтра я выступіў па радыё да вайскоўцаў Беларускай ваеннай акругі з заклікам не страляць у свой народ. Я выступіў на плошчы незалежнасьці перад людзьмі, якія там сабраліся, са зваротам створанай арганізацыі Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў".
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Фрабел.
19.08.2010 18:42
Гісторыя расставіць усе кропкі над "і", хто ёсць хто.
Але ўжо зараз можна з упэўненасьцю сказаць, што дэпутаты ад БНФ
на чале з Зянонам Пазьняком былі наперадзе, на перадавой,так сказаць, тых гістарычных падзей нашай роднай Беларусі.Яны зрабілі ВЯЛІКІ ўклад у справу НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ !!! І гэта ўжо НІХТО не аспрэчыць, бо гэта ўжо сама ГІСТОРЫЯ !!!
Адказаць

Імя:: Ананім
20.08.2010 02:43
История показала, что это был дешевый развод и каждый в нем играл свою роль. В результате, что имеем то имеем.

Імя:: Яўген Мурашка
19.08.2010 19:52
Было сказана:
"...Але ўжо зараз можна з упэўненасьцю сказаць, што дэпутаты ад БНФ на чале з Зянонам Пазьняком былі наперадзе, на перадавой,так сказаць, тых гістарычных падзей нашай роднай Беларусі.Яны зрабілі ВЯЛІКІ ўклад у справу НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ !!!.."
І не толькі яны. Скажу за тыя падзеі, якія адбываліся, у той час, у Гомеле.
19-га мы з Г.Арцёменкай, вярталіся з лецішча. У цягніку пачулі аб перавароце. Прыехаўшы дадому, адразу накіраваліся у гарвыканкам, старшыней была С.Гальдадзе. Трэба адзначыць яе грамадзянскую пазіцыю у той момант.З 44-х дэпутатаў гарсавета, прыйшлі толькі - А.Гурачэўскі, У.Худзякоў, я ( сустаршыня гомельскага гарадскога страйкавага камітэту) і Г.Арцеменка (сябра камітэту). Быў прыняты Зварот да жыхароў горада, у якім не прызнаваўся ГКЧП. Настрой быў трывожны. Не ведалі як будзе сябе паводзіць гомельскі КДБ. 20-га атрымалі зьвесткі, што на чыгунцы выгружаецца нейкая вайсковая частка. Мы з Г.Арцёменкай, паехалі туды, каб на месцы вясьвятліць сітуацыю.З гутарцы з камадзірам і групай афіцэраў, стала вядома, што частка, рухаецца да месца дыслакацыі. Пры тым, камандзір запэўніў нас - " Што страляць у народ мы ня будзем" КДБ таксама не рабіла ніякіх захадаў, бо як высьвятлілася пазьней, камітэт, у той час быў дзьвухузройневага падпарадкаваньня.Нехта падпарадкоўваўся, неапсрэдна КДБ СССР, нехта БССР. Частка Саюзнага КДБ атрымала загад на арышт дэмакратаў, беларуская - не. Пакуль яны высьвятлялі адносіны паміж сабой, пераварот скончыўся. 19-га, вечарам, я паехаў на "Гомсельмаш" (дзе працаваў у той час) каб паразмаўляць з рабочымі другой зьмены.
Трэба адзначыць, што пераварот людзі успрынялі па рознаму. Адны ухвалялі ГКЧП, маўляў, што цяпер навядуць парадак, другія былі супраць. Усёж тых, хто ухваляў, было больш, таму невядома, што адылося б у грамадстве, калі б ГКЧП перамог.
А 23-га У Гомелі адбыўся шматтысячны мітынг, пасьля якога я сабраў чалавек 30 і мы паехалі у Менск, для удзелу у мітынгу.
Вось так коратка аб падзеях таго часу.

Імя:: Валеры Грыцук Горад:: Europe
19.08.2010 20:07
Так, дэпутаты ад БНФ былі наперадзе... але не дапрацавалі.
Я быў і ПРАЦАВАЎ АКТЫЎНА як сябра камісіі ВС " Па справах ГКЧП..." па Першамайскаму раёну Менска...
Але дэпутаты ад БНФ не скарысталіся працай і вынікамі дзейнасьці гэтай камісіі. Я асабіста рабіў допыт кіраўнікоў КГБ і кіраўніка ТБ Сталярова...

Імя:: L.Barsceuski Горад:: Miensk
19.08.2010 21:01
Гісторыя ўсё-такі павінна быць аб'ектыўнай. Мы, дэпутаты ад БНФ, 19 жніўня падрыхтавалі ня толькі Зварот да народу, які асуджаў путч, а і больш памяркоўны дакумэнт -- зварот да Прэзыдыюму ВС з патрабаваньнем скліканьня нечарговай сэсіі. Дык вось адказна заяўляю: 20 жніўня ў другой палове дня прыехаў Лукашэнка, зайшоў да нас і падпісаў гэты (другі) зварот. Іншая рэч, што матывы ў яго былі іншыя (не абарона дэмакратыі, а імкненьне скінуць Малафеева і ўзначаліць -- пры пэўным разьвіцьці падзеяў - КПБ). Але трэба быць аб'ектыўным: подпіс Лукашэнкі за скліканьне сэсіі быў недзе ў шостым дзясятку сярод 345-ці тагачасных паўнамоцных дэпутатаў... Гэта ўсё я бачыў на ўласныя вочы.