Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдмінас Багдонас: “13 студзеня Літва адстаяла незалежнасьць”


Сымбалічнае вогнішча ля пасольства, на ўспамін пра тыя вогнішчы, якія палілі падчас падзей 13 студзеня 1991 году

Сымбалічнае вогнішча ля пасольства, на ўспамін пра тыя вогнішчы, якія палілі падчас падзей 13 студзеня 1991 году

13 студзеня Літоўская Рэспубліка адзначае Дзень абаронцаў свабоды. 19 гадоў таму, у студзені 1991 году, пры супраціве аднаўленьню савецкай улады ў Літве загінулі 14 чалавек, сотні былі параненыя. Па даўняй традыцыі, у Літоўскай амбасадзе ў Менску ў гэты дзень узгадваюць тыя падзеі, у памяць пра трагічныя і гераічныя падзеі запальваюць сымбалічнае вогнішча й сьвечкі.


У 1991 годзе, пасьля прыняцьця парлямэнтам Літвы Дэклярацыі пра дзяржаўную незалежнасьць, кіраўніцтва СССР вырашыла ўтрымаць Літву пры дапамозе вайсковай сілы. Уначы з 12 на 13 студзеня савецкія вайскоўцы захапілі парлямэнт, тэлевежу, будынкі радыё і тэлевізіі, Дом друку. Тысячы людзей бяззбройнымі выйшлі супраць савецкіх танкаў.

Незалежнасьць Літвы была абароненая менавіта 13 студзеня 1991 году, лічыць надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эдмінас Багдонас:

Эдмінас Багдонас
«Гэта дата для нас асноўная, сьвятая, калі мы кажам пра незалежнасьць, пра свабоду, пра дэмакратыю, пра абавязак, пра гонар і годнасьць, урэшце рэшт. Мяне калегі-журналісты спыталіся, а чаму так выйшла, што Літва выстаяла ў тыя няпростыя часы. Я адказаў коратка: таму што была Ларэта».

23-гадовая Ларэта Аснавічутэ загінула пад гусеніцамі танкаў каля тэлевежы. А яшчэ тады загінула 13 мужчынаў. Вайсковай апэрацыяй тады кіраваў генэрал Уладзімер Усхопчык, былы намесьнік міністра абароны Беларусі, якога Беларусь дагэтуль не выдае літоўскаму боку.

Сёньня ў амбасадзе Літвы паказалі дакумэнтальны фільм «Дзяўчынка і танкі», прысьвечаны Ларэце Аснавічутэ.

У студзеньскіх падзеях 1991 году змагароў за незалежнасьць Літвы падтрымала і шмат беларусаў. Журналіст, літаратар Сяргей Дубавец разам з васьмю беларусамі быў узнагароджаны літоўскім мэдалём «За адвагу ў памяць пра 13 студзеня». Увечары 12 студзеня ў Вільню выехалі дзьве парлямэнцкія дэлегацыі зь Беларусі. У складзе адной былі Генадзь Карпенка, народны пісьменьнік Беларусі Ніл Гілевіч, гісторык Валянцін Голубеў, першы сакратар Віцебскага абкаму партыі Сяргей Шабашоў і Аляксандар Лукашэнка. Ад дэпутацкай фракцыі БНФ у Вільню паехалі Сяргей Навумчык, Барыс Гюнтэр і Ігар Пырх. Па сутнасьці, беларусы тады былі першай замежнай дэлегацыяй, што падтрымала братні народ.

Узгадвае гісторык Валянцін Голубеў:

Валянцін Голубеў
«Першае ГКЧП было створана ў Вільні Цэнтральным камітэтам Камуністычнай партыі. Загады сыходзілі адтуль. Але гэтыя падзеі прывялі да таго, што аб’ядналіся ўсе: і літоўцы, і беларусы, палякі, габрэі... Што я убачыў тады як палітык, як гісторык? Тое, што незалежнасьць Літвы ўжо незваротная. Ня проста прыняцьцем дэклярацыі шляхам галасаваньня Літва атрымала незалежнасьць. Літва, літоўскі народ дабіўся таго, каб быць незалежным. Жыве Літва, жыве Беларусь! Я віншую вас з вашай незалежнасьцю».

Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас распавёў, што ўразілі яго дзьве рэчы: як пасьля студзеньскіх падзеяў 1991-га беларус, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, кінуў з парлямэнцкай трыбуны партыйны білет, і што замест знакамітай Віцебскай дывізіі ў Вільню кінулі войскі зь Сярэдняй Азіі — Міністэрства абароны СССР апасалася, што беларускія вайскоўцы ня змогуць страляць у суседзяў. Спадар Багдонас падзякаваў беларусам:

«Спадар Голубеў, спадар Гюнтэр! Шмат людзей, беларусаў, якіх мы называем шчырымі сябрамі, бліжэйшымі суседзямі тады, у парлямэнце прымаюць рашэньне, што неабходна ехаць у Вільню. Адны — з партыі БНФ, а побач — камуністы. Я вам шчыра удзячны, нізкі вам паклон».

Увечары ў дворыку амбасады Літвы ў Менску ў памяць аб трагічных і гераічных падзеях запалілі сымбалічнае вогнішча й сьвечкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG