Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Дзейка: “Архівы Вярхоўнага Савета глыбока схаваныя”


Лявон Дзейка

Лявон Дзейка

Сёньня віншаваньні з нагоды свайго 60-годзьдзя прымае Лявон Дзейка — адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, сябра парлямэнцкай апазыцыі БНФ і фракцыі БСДГ.

Спадар Дзейка ўдзельнічаў у распрацоўцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, у галадоўцы дэпутатаў апазыцыі 11-12 красавіка 1995 году супраць ініцыяванага А. Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, скасаваньні статусу беларускай мовы як адзіна дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Апошнія гады Лявон Дзейка — прэсавы сакратар БСДП (Грамада), рэдагуе партыйны сайт.

Карэспандэнт: «Скажыце, Лявон, ці можна сёньня казаць, што тыя гады дэпутацтва былі для вас самымі значнымі і самымі цікавымі ў жыцьці?»

Дзейка: «Я думаю, што можна так сказаць. Ва ўсялякім разе, са мною было менавіта так».

Карэспандэнт: «А як наагул вы вырашылі пайсьці ў дэпутаты?»

Дзейка: «У той час я працаваў на Клецкім мэханічным заводзе інжынэрам. І па тагачасным заканадаўстве мяне вылучаў працоўны калектыў гэтага заводу. Гэта была 62-я выбарчая акруга, і яна цалкам супадала з тэрыторыяй Клецкага раёну. І быў адзін мандат — на раён. Усяго нас было шэсьць кандыдатаў.

Варта нагадаць, што гэта быў 1990 год. І ішла апошняя хваля гарбачоўскай дэмакратызацыі, перабудовы. Сытуацыя была спэцыфічная, пераломная».

Карэспандэнт: «А памятаеце сваё першае ўражаньне ад Вярхоўнага Савету?»

Дзейка: «Яшчэ да пачатку першай сэсіі дэмакратычна настроеныя дэпутаты пачалі шукаць сувязі. І, безумоўна, цэнтрам камунікацыі стала група дэпутатаў ад Беларускага Народнага Фронту, найперш зь Менску, на чале зь Зянонам Пазьняком. Адбываліся каардынацыйныя сустрэчы. У правым крыле Дома ўраду адвялі спэцыяльны пакой. І там мы зьбіраліся.

Таксама памятаю ініцыятыву Станіслава Шушкевіча, які на той час быў ужо вядомы як дэпутат Першага зьезду народных дэпутатаў СССР. Гэта была спроба арганізаваць дэмакратычных дэпутатаў ды іншых прадстаўнікоў грамадзкасьці ў рамках дэмакратычнай плыні. Але ўсё гэта рабілася вакол дэпутатаў ад БНФ, абраных у Менску».

Карэспандэнт: «А якія для вас самыя памятныя этапы ці дні знаходжаньня ў Вярхоўным Савеце?»

Дзейка: «Згадаў бы найперш першыя гады дзейнасьці нашага парлямэнту. У 1990 годзе — гэта прыняцьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. У 1991 годзе — гэта падзеі падчас і пасьля правалу путчу ГКЧП. А таксама сэсія, якая фактычна надала палажэньням Дэклярацыі аб незалежнасьці сілу канстытуцыйнага закону. Гэта была пазачарговая сэсія 24-25 жніўня 1991 году.

У тым жа годзе такая яскравая падзея, як Белавескія пагадненьні, іх ратыфікацыя. І тады Беларусь пачалі імкліва прызнаваць як незалежную дзяржаву іншыя краіны сьвету. І калі я ня блытаю, то першай у гэтым шэрагу была Турцыя.

1992 год — гэта спроба правесьці рэфэрэндум аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савету і правядзеньні новых выбараў паводле закону, які прапаноўвала дэпутацкая апазыцыя. Тады было сабрана больш за 440 тысячаў подпісаў грамадзянаў у падтрымку рэфэрэндуму. Але, на жаль, Вярхоўны Савет не падтрымаў гэтае рашэньне. Ён фактычна стаў на шлях замоўчваньня. То бок, заплюшчыўшы вочы, „замарынаваў“ гэтую прапанову. Хаця тагачасны старшыня
Была створаная парлямэнцкая камісія для барацьбы з карупцыяй. І яна дала магчымасьць Лукашэнку знаходзіцца ў інфармацыйнай прасторы практычна ці не штодня.
Цэнтравыбаркаму Абрамовіч засьведчыў выкананьне ўсіх нормаў закону, але бальшыня парлямэнту не захацела пайсьці на такі радыкальны крок».

Карэспандэнт: «Скажыце, Лявон, вось вы працавалі ў Вярхоўным Савеце разам з дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам. Ці зьявілася ў вас тады адчуваньне, што гэты чалавек можа стаць прэзыдэнтам?»

Дзейка: «Па-першае, трэба згадаць, што Лукашэнка засьведчыў сябе як прэтэндэнта, чалавека з амбіцыямі тады, калі толькі вялася праца над новай Канстытуцыяй. Гэта дзесьці з другой паловы 1993 году. І тады вакол яго пачалі зьбірацца дэпутаты, якія ў нейкім сэнсе лічылі яго гэткім моцным лякаматывам. Яны бачылі яго як чалавека харызматычнага, які можа ўзьняць электаральныя масы.

Тады яшчэ ж была створаная парлямэнцкая камісія для барацьбы з карупцыяй у органах дзяржаўнай улады і кіраваньня. І яна дала магчымасьць Аляксандру Лукашэнку знаходзіцца ў інфармацыйнай прасторы Беларусі практычна ці не штодня. І запасьці ў душу многім людзям як чалавек, які ўвесь час некага выкрывае, змагаецца за просты народ, за справядлівасьць, абяцае пакараць усіх злодзеяў, карупцыянэраў, злоўжывальнікаў».

Карэспандэнт: «Вас часта называюць архіварыюсам Вярхоўнага Савету...»

Дзейка: «Прайшло шмат часу. Ня ўсе сябры засталіся ў жывых. Ужо даўно пайшлі з жыцьця Ігар Пырх, Ігар Гермянчук, Яўген Глушкевіч. Ня так даўно памёр Яўген Цумараў. Ня ўпэўнены, што я не забыўся пра некага нагадаць.

А што тычыцца архіварыюса, то гэта, разумееце, занадта. Яшчэ быў такі момант, калі ў 1995 годзе Вярхоўны Савет перабіраўся з былога будынку ЦК КПБ, дзе цяпер знаходзіцца адміністрацыя прэзыдэнта, у будынак Дома Ўраду. І тады многія дакумэнты, папкі з дакумэнтамі былі страчаныя. Там было многа такога, на што сёньня хацелася б паглядзець.

Наколькі мне вядома, многія архівы Вярхоўнага Савету глыбока схаваныя. Там могуць усплыць вельмі цікавыя рэчы. Бо былі ж вельмі важныя пытаньні, якія абмяркоўвалі на закрытых пасяджэньнях Вярхоўнага Савету. Але ж стэнаграмы іх вяліся. І дэпутат мог іх узяць, прачытаць і здаць назад, нічога не капіюючы. І вось адтуль маглі б цяпер зьявіцца некаторыя надзвычай цікавыя факты».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG