Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф верніку адмянілі


Дзьмітры Смык
Дзьмітры Смык

Сёньня прэзыдыюм Гомельскага абласнога суду паводле пратэсту Вярхоўнага суду адмяніў штраф у памеры 3,5 мільёна рублёў верніку абшчыны «Сьведкі Еговы» Дзьмітру Смыку за ўхіленьне ад вайсковай службы.

У суд Дзьмітры Смык прыехаў з жонкай Аленай і 5-гадовай дачкой. Яны, як і ўсе тыя, хто прыйшоў маральна падтрымаць Дзьмітрыя, з радасьцю сустрэлі вызначэньне калегіі на адмену штрафу. Скасаваныя вырак суду Цэнтральнага раёну Гомеля й пастанова калегіі крымінальных спраў абласнога суду, якая ў сьнежні мінулага году пакінула касацыйную справу спадара Смыка бязь зьменаў:

«Паўгода як на цьвіках. Усе гэтыя суды — гэта вельмі цяжка. Калі б, як лічылі папярэднія суды, у мяне была нібыта надуманая вера, я б ужо даўно здаўся. Я працягваю змагацца. І тое, як скончылася сёньня судовая калегія, мяне толькі ўмацоўвае ў маёй веры У Бібліі сказана, што бог Егова — гэта „я стану тым, кім пажадаю стаць“. У маім выпадку ён стаў Збаўцам, судзьдзёй вышэйшай інстанцыі».

Пацікавіліся ў сям’і Смыкаў, ці зьвязана неяк, на іх думку, скасаваньне штрафу за так званае ўхіленьне ад вайсковай службы з Днём Канстытуцыі, які адзначаецца сёньня ў Беларусі.

Гаворыць жонка Дзьмітра, спадарыня Алена, таксама верніца абшчыны «Сьведкі Еговы»:

«Вельмі прыемна, што мужа апраўдалі. Але я думаю, што гэта не з-за Дня Канстытуцыі. Для Еговы няважна, які сёньня дзень. Ён у любы дзень робіць тое, што трэба».

Дзьмітры Смык з жонкай, дачкой і аднавернікамі.

Ініцыятар грамадзянскай кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» Міхась Пашкевіч, які сёньня таксама быў у судзе, лічыць, што адмена штрафу Дзьмітру Смыку, а таксама Яўгену Якавенку й вызваленьне з турмы верніка Івана Міхайлава — зьвязаныя паміж сабой:

Міхась Пашкевіч
«Я думаю, што мы бачым зараз дзяржаўную замову на скасаваньне ўсіх гэтых спраў. Я ня думаю, што яшчэ год таму наша дзяржава плянавала, што пытаньне ўзьнікне, у тым ліку й на ўзроўні міжнароднай супольнасьці, на ўзроўні рэзалюцыі Эўрапарлямэнту й дакладу Дзярждэпартамэнту ЗША пра ціск на Беларусі на грамадзян па пытаньнях альтэрнатыўнай службы. Такой праблемы раней не існавала, а зараз яна ўзьнікла. Намаганьняў чатырох хлапцоў хапіла, каб дзяржава вырашыла не ствараць цяжкасьці там, дзе іх не павінна быць».

Крымінальную справу верніка Дзьмітра Смыка за нібыта ўхіленьне ад вайсковай службы разгледзіць нанава суд Цэнтральнага раёну. У пратэсьце Вярхоўнага суду сказана, што вернік пакараны штрафам тэндэнцыйна, без уліку яго тлумачэньняў і наяўнасьці даведкі абшчыны «Сьведкі Еговы» пра тое, што Дзьмітры Смык прыняў пасьвячэньне ў вернікі яшчэ пяць гадоў таму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG