Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крымінальную справу супраць Смыка перагледзяць


Дзьмітры Смык

Дзьмітры Смык

15 сакавіка прэзыдыюм Гомельскага абласнога суду разгледзіць крымінальную справу супраць верніка “Сьведкі Яговы” Зьмітра Смыка.

Раней суд Цэнтральнага раёну аштрафаваў Зьмітра Смыка на 3,5 мільёна рублёў за тое, што той ўхіліўся ад прызыву на вайсковую службу.

Гэта будзе ўжо другі разгляд справы у абласным судзе. Летась у сьнежні калегія крымінальных справаў Гомельскага абласнога суду на чале з Аленай Ткачук адхіліла касацыйную скаргу Зьмітра Смыка на пакараньне штрафам.

Спадар Смык паводле артыкулу 57 Канстытуцыі хоча прайсьці альтэрнатыўную службу, паколькі веравызнаньне не дазваляе яму браць у рукі зброю.

Альтэрнатыўнай службы дамагаецца і гомельскі актывіст стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Яўген Якавенка. У лютым суд Савецкага раёну аштрафаваў Якавенку на 175 тысяч рублёў за тое, што той не зьявіўся ў ваенкамат. Аднак 12 сакавіка абласны суд адмяніў адміністрацыйны штраф і накіраваў справу на перагляд у Савецкі суд.

Заяву на альтэрнатыўную службу падаваў у Гомельскі гарадзкі ваенкамат і актывіст “Маладога фронту” Андрусь Цянюта. Аднак летась восеньню яго прызвалі служыць у вайсковую частку, разьмешчаную пад Полацкам.

Андрусь Цянюта абскардзіў дзеяньні ваенкамату ў суд Савецкага раёну. Але старшыня суду Аляксандар Кострыкаў адхіліў прэтэнзіі прызыўніка да ваенкамату. Наколькі вядома, гэтая справа вывучаецца зараз у Вярхоўным судзе.

10 сакавіка вызвалены з турмы 21-гадовы Іван Міхайлаў. Вернік суполкі “Новы запавет” Іван Міхайлаў адмовіўся праходзіць тэрміновую службу ў беларускім войску з рэлігійных перакананьняў і папрасіў накіраваць яго на альтэрнатыўную службу. У гэтым яму было адмоўлена з прычыны адсутнасьці такой службы ў Беларусі, якая, аднак, прадугледжана артыкулам 57 Канстытуцыі.
XS
SM
MD
LG