Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмена прысудаў можа быць на карысьць альтэрнатыўнай службы


Суды цягам тыдня адмянілі ранейшыя прысуды ў справах маладых людзей, якія паводле рэлігійных перакананьняў адмовіліся ад службы ў войску.

Іван Міхайлаў за чатыры дні да заканчэньня тэрміну адбыцьця трохмесячнага арышту быў вызвалены пад падпіску пра нявыезд. Прысуд прызналі незаконным, і да новага разбору хлопца вызвалілі з-пад варты. Іван Міхайлаў наведвае габрэйска-мэсіянскую суполку. Ён казаў пра гэта ў ваенкамаце і прасіў даць яму магчымасьць служыць у рэзэрве.

Жыхар Гомелю Зьміцер Смык — вернік суполкі “Сьведкі Еговы”. Яго аштрафавалі на 3 з паловай мільёны рублёў за ўхіленьне ад службы ў войску. Летась у сьнежні калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду адхіліла касацыйную скаргу Зьмітра Смыка на пакараньне штрафам. Да хлопца ўжо прыходзілі судовыя выканаўцы і апісалі маёмасьць для кампэнсацыі штрафу. Таму адмена прысуду стала нечаканасьцю для Зьмітра.

Гомельскі актывіст аргкамітэту дзеля стварэньня “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” Яўген Якавенка месяц таму быў аштрафаваны судом на 175 тысяч рублёў за няяўку ў ваенкамат. 12 сакавіка абласны суд адмяніў адміністрацыйны штраф і накіраваў справу на перагляд у Савецкі суд Гомелю.

Іван Міхайлаў
Дзьмітры Смык
Яўген Якавенка


Усе пакараныя прасілі даць ім магчымасьць прайсьці службу ў рэзэрве. Яны спасылаліся пры гэтым на артыкул 57 Канстытуцыі, які дэкляратыўна дазваляе альтэрнатыўную службу.

Летась і сёлета рэзананс у грамадзтве выклікаў гвалтоўны прызыў на вайсковую службу палітычных актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Маладафронтаўцы і моладзь БНФ правялі супраць гвалтоўнага прызыву шэраг пікетаў. Калі ў тых выпадках размова ішла пра ізаляцыю актывістаў ад грамадзка-палітычнага жыцьця, то цяпер, калі вернікаў караюць за ўхіленьне ад вайсковага абавязку, гаворка ідзе пра магчымасьць альтэрнатыўнай службы.

Кампанія “За альтэрнатыўную службу!”, лідэрам якой выступае Міхаіл Пашкевіч, распачалася летась у верасьні. Маладыя людзі зьбіралі подпісы сярод студэнтаў і на вуліцах. Яны накіравалі шэраг зваротаў у заканадаўчыя органы і Канстытуцыйны суд.

Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне міністру абароны Леаніду Мальцаву ўнесьці свае прапановы наконт альтэрнатыўнай вайсковай службы.

Назіральнікі лічаць, што ланцуг адмены прысудаў сьведчыць пра тое, што днямі могуць быць прынятыя папраўкі ў заканадаўства і маладыя людзі будуць мець выбар — служба ў войску альбо праца ў госьпісах і на будоўлі.

Адзін з аўтараў Канстытуцыі 1994 году, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў лічыць, што адсутнасьць закону аб альтэрнатыўнай службе — праблема дзяржавы, а не грамадзянаў. Паколькі Канстытуцыя гарантуе такую службу, то малады чалавек мае на яе права і няважна, ці прыняты ў краіне адпаведны закон.

Валеры Фадзееў
Валер Фадзееў зазначыў: “Калі ў Канстытуцыі запісана нейкае права і гарантыю на яго ажыцьцяўленьне нехта зьвязвае з адсутнасьцю закону, які гэта рэгулюе, то ён ня мае рацыі. Грамадзянін не вінаваты, што дзяржава не прыняла гэты закон. Гэта праблемы дзяржавы”.

На думку юрыста, той факт, што ў судовых інстанцыях раптам адмянілі ўсе прысуды за ўхіленьне ад службы ў войску, чарговы раз засьведчыў адсутнасьць незалежнасьці судовай сыстэмы.

“Што да ўказаньня зьверху, то, напрыклад, калі такое ўказаньне ёсьць і яно паходзіць не ад судовай сыстэмы, а ад органу выканаўчай улады — гэта вельмі кепска.

Суды могуць кансультавацца з уладай, удакладняць нейкія пазыцыі, але выканаўчая ўлада ня можа дыктаваць судам тую ці іншую мадэль паводзінаў. Калі гэта тлумачэньне Пленуму Вярхоўнага суду, то гэта я разумею”.

Адвакат Павал Сапелка выказаўся больш катэгарычна:

Павал Сапелка
“Падобная сытуацыя была, калі раптам шмат людзей вызвалілі. Тады, калі пачаліся перамовы з Захадам наконт гандлёвых прэфэрэнцыяў. Я б ніколі ня стаў гаварыць пра незалежнасьць суду ва ўмовах нашай рэчаіснасьці... Ні суду, ні сьледзтва, ні абвінавачаньня. Незалежнай у нейкай ступені пакуль яшчэ застаецца абарона”.
XS
SM
MD
LG